Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіргіскім горадзе Талас дэманстранты штурмам узялі будынак абласной адміністрацыі, прызначыўшы свайго губэрнатара.


Пасьля таго, як у канцы сакавіка прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў сабраў курултай – не прадугледжаны Канстытуцыяй сход, якому надаў дарадчыя паўнамоцтвы, -- і заявіў, што заходняя мадэль дэмакратыі, заснаваная на свабодны’х выбарах і правах чалавека, для Кіргістану непрыдатная, -- апазыцыя вырашыла правесьці свае сходы. Яны былі прызначаныя на заўтра, 7 красавіка. Апазыцыя вылучыла палітычныя і эканамічныя патрабаваньні, у тым ліку і скасаваньне падвышаных тарыфаў на камунальныя паслугі.

Адзін з лідэраў апазыцыі, намесьнік кіраўніка партыі "Ата-Мэкен" Балот Шэрніязаў, быў затрыманы міліцыяй, калі накіроўваўся ў горад Талас. Гэта стала нагодай для масавых хваляваньняў.

Паводле інфармацыі Свабоды, натоўп, які складаў паўтары тысячы чалавек, уварваўся ў будынак абласной адміністрацыі, кіраўнік адміністрацыі ўцёк. Натоўп абраў “народнага губэрнатара” – Шэралы Абдылаева.

Супрацоўніца кіргіскай службы Радыё Свабода Вэнэра Джуматаева заўважае, што незадаволенасьць насельніцтва выклікала антыдэмакратычная палітыка прэзыдэнта Курманбэка Бакіева:

"Шэсьць дэпутатаў парлямэнту былі забітыя, некалькі іншых палітыкаў былі забітыя альбо спаленыя ў аўтамабілях, каля дзесяці журналістаў папрасілі палітычнага прытулку на Захадзе, два журналісты цягам апошняга году былі забітыя. Днямі былі забароненыя апошнія незалежныя газэты".

Улады заявілі, што па факце падзеяў у Таласе ўзбуджаныя крымінальная справа. З Бішкеку ў Талас вылецелі некалькі самалётаў са спэцназам.






XS
SM
MD
LG