Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рамановіч: “У цэнтры ўсё вылізваюць, а за два крокі — сьмецьце і бруд”


Уладзімер Рамановіч

Уладзімер Рамановіч

Падчас агітацыйнай кампаніі актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч вырашыў пазнаёміцца зь меркаваньнямі выбарцаў свае акругі пра тое, што канкрэтна могуць зрабіць для іх мясцовыя саветы.

Улёткі для Ўладзімера Рамановіча друкарня яшчэ пакуль ня вырабіла, але незалежны кандыдат штодня бывае ў сваёй акрузе. Гэта Тэхналягічная акруга № 9, у якую ўваходзяць і жылыя шматпавярховікі, і студэнцкія інтэрнаты тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Зь мясцовымі насельнікамі і размаўляе Уладзімер Рамановіч:

«Разам з даверанымі асобамі мы сустракаемся зь людзьмі, размаўляем пра мясцовыя праблемы. І найпершая — гэта горы сьмецьця і бруд на тэрыторыі Тэхналягічнага ўнівэрсытэту, паміж вуліцай „Праўды“ і Маскоўскім праспэктам».

Паміж вуліцай «Праўды» і Маскоўскім праспэктам месьцяцца занядбаны стадыён тэхналягічнага ўнівэрсытэту і вялікая пустка, дзе нават улетку не перасыхаюць вялікія лужыны. Усе выгоды для мінакоў — гэта дзьве сьцежкі, адна зь якіх злучае вучэбныя карпусы, а другая вядзе да студэнцкіх інтэрнатаў.

Па лужынах — на дыбачках
Рамановіч: «Спадарыня, як вам дабірацца на вучобу па гэтым брудзе?»
Сярод студэнтаў-выбарцаў знайшлося шмат аднадумцаў

Уладзімер Рамановіч і яго давераная асоба Віталія Лагун пытаюцца ў студэнтаў, ці падабаецца ім прабірацца ў інтэрнаты цераз бруд і ці бачаць яны выйсьце з такой сытуацыі:

«Мяне зваць Уладзімер Рамановіч, я кандыдат у дэпутаты па Тэхналягічнай выбарчай акрузе, і мяне турбуе вось такое становішча. А вас?»

Студэнтка: «Я тут штодня хаджу, і мяне гэта дужа турбуе. Калі йдзеш, даводзіцца ўвесь час глядзець пад ногі».

Рамановіч: «А што б вы маглі прапанаваць?»

Студэнтка: «Канечне, зрабіць тут рамонт, пачысьціць усё».

Праблема добраўпарадкаваньня тутэйшай тэрыторыі існуе ўжо не адно дзесяцігодзьдзе. Яна не вырашаецца, нягледзячы на тое, што тут далёка ня ўскраіна гораду: пустка каля ўнівэрсытэту — зусім недалёка ад адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. На думку Ўладзімера Рамановіча, на гэтым месцы мог бы быць, да прыкладу, парк сямейнага ці моладзевага адпачынку — з улікам таго, што навокал ёсьць некалькі інтэрнатаў.



І аднадумцаў ва Ўладзімера Рамановіча, аказваецца, вельмі шмат — пра гэта распавёў яго чарговы суразмоўца:

«Я яшчэ толькі на першым курсе, але ўжо ведаю, што нават ёсьць такая суполка «В Контакте» — «Дарога зь першага корпусу ў другі». Яна вельмі дрэнная, і шмат людзей ведае пра гэта. І зрабіць яе нармальнай ня так ужо цяжка. Вось прыяжджае нейкі міністар — дык нешта зробяць. Потым зноў чакаюць — міністра ці прэзыдэнта. А людзі абураюцца! Калі ў нас бываюць сходы з рэктарам, то ці ня кожны студэнт пытаецца: «Ну калі, калі ўжо тут нешта зробяць?!»

Нічога не адказвае на гэтае пытаньне канкурэнт Уладзімера Рамановіча на выбарах, прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай працы тэхналягічнага ўнівэрсытэту Аляксей Шут. Але студэнтам ужо загадана прыйсьці на выбары і прагаласаваць, распавядаюць тыя, хто вымушаны хадзіць на вучобу па гразкай сьцежцы:

«Ужо казалі нам, што галоўнае, каб усе прыйшлі галасаваць. Каб ніхто нікуды ня зьехаў. І каб лепей загадзя ўсе прыйшлі».

На пустцы хіба толькі выгульваюць сабак
Краявід з вокнаў інтэрнату
Вуліцу «Праўды» і Маскоўскі праспэкт злучае толькі гэтая сьцежка, лужыны тут не высыхаюць нават летам.
Сьцежку ў суцэльным брудзе праклалі да студэнцкіх інтэрнатаў

Пасьля размоваў зь мінакамі Уладзімер Рамановіч зрабіў выснову, што сваю выбарчую кампанію варта грунтаваць менавіта на вырашэньні такіх вось лякальных праблем. Бо людзі разумеюць, што добраўпарадкаваньнем тэрыторыі вакол унівэрсытэту, да прыкладу, мусяць займацца ня менскія чыноўнікі, а мясцовыя ўлады. Таму наступны раз кандыдат вырашыў прыйсьці да выбарцаў ужо з прапановай падпісацца пад калектыўным лістом — за стварэньне на месцы цяперашняй бруднай пусткі парку адпачынку для мясцовых жыхароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG