Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія вэтэраны АК атрымалі дапамогу з Польшчы


Польскае грамадзкае аб’яднаньнем “Одэр-Нёман” праводзіць акцыю падтрымкі былых воінаў Арміі Краёвай (АК) зь Беларусі.


Як заявіў выканаўчы старшыня арганізацыі Яўген Гасеўскі, у Беларусь плянуецца накіраваць 250 кг гуманітарнай дапамогі коштам у 2 тысячы злотых. Гэта розныя мясныя кансэрвы, вяндліна, іншыя прысмакі, макаронныя вырабы, крупы, алей, цукар, кава, гарбата, какава ды іншае. Яны прызначаныя вэтэранам Арміі Краёвай, а таксама рэпрэсаваным з прычыны службы ў гэтых фармаваньнях.

Ініцыятарамі гуманітарнай акцыі выступілі таксама польскія вэтэраны Другой усясьветнай вайны, бюро эўрадэпутата Марэка Мігальскага ў Катавіцах.

Як заявіла ў інтэрвію польскаму выданьню “Nasz Dziennik” старшыня таварыства жаўнераў АК пры Саюзе палякаў Беларусі — галоўнага партнэра “Одэр-Нёман” — Вераніка Сэбастыяновіч, гэтыя ахвяраваньні — вельмі істотная дапамога для вэтэранаў, якія ў Беларусі атрымліваюць месячную пэнсію каля 120—130 даляраў. Статус вэтэрана Арміі Краёвай не дае ў Беларусі права на бясплатныя лекі або ільготнае лекаваньне.

Паводле гістарычных зьвестак, у пэрыяд Другой усясьветнай вайны ў Беларусі, акрамя савецкіх партызанаў і падпольшчыкаў, дзейнічала каля дзясятка самых розных ваенных арганізацыяў. Сярод іх — украінскія паўстанцы, батальёны Літоўскага вызваленчага войска, а таксама польскія фармаваньні. Аддзелы АК узьніклі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая да верасьня 1939 належала Польшчы. Фармаваньні складаліся прыкладна на 60% зь мясцовых палякаў і на 40% — зь беларусаў. У некаторых заходнебеларускіх раёнах, напрыклад на Наваградчыне, у атрадах АК налічвалася да сямі тысячаў паўстанцаў. Фармаваньні, якія падпарадкоўваліся эмігранцкаму польскаму ўраду ў Лёндане, ваявалі як супраць фашызму, так і супраць савецкіх уладаў ды ўзброеных сілаў. Лідэрамі аддзелаў АК былі колішнія афіцэры ды падафіцэры Войска Польскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG