Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць тых беларусаў, якія выбіраюць аб'яднаньне з Расеяй ці ўступленьне Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, складае сёньня 41.4 % і 40.4% адпаведна. Такі адзін з вынікаў сакавіцкага апытаньня, праведзенага ў Беларусі базаваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).


Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі вынікаў дасьледваньня.

Ці скончыўся крызіс?


"Пэсымісты", якія чакаюць "паглыбленьня крызісу і нарастаньня зьвязаных з ім праблем", складаюць сёньня чвэрць насельніцтва, столькі ж "аптымістаў", лічыць, што "краіна ўжо пачала выходзіць з крызісу", але самую вялікую групу складаюць тыя, хто лічаць, што "крызіс ужо" дасягнуў дна "і горш не будзе" (38.3%).

Амаль палова рэспандэнтаў (48%) "у поўнай або значнай меры" ўпэўненыя, што гэты крызіс "зьяўляецца сьледзтвам эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны апошніх гадоў".

68.3% беларускіх грамадзянаў ня вераць у тое, што ўлады змогуць выканаць рашэньне ІІІ Усебеларускага народнага сходу, паводле якога да канца 2010 году сярэдні заробак у Беларусі павінен скласьці 500 даляраў.

На палітычным Алімпе – без пераменаў


На адкрытае пытаньне: "Калі б заўтра адбыліся выбары прэзыдэнта Беларусі, за каго б Вы прагаласавалі?" А. Лукашэнка атрымлівае 42.7%, што амаль у дзесяць разоў перавышае рэйтынг яго "найбліжэйшага" суперніка ад апазыцыі А. Мілінкевіча (4.7%).

На пытаньне: "Дзейнасць" вэртыкалі ўлады", створанай прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, на Ваш погляд, прыносіць краіне больш карысьці ці больш шкоды?" траціна адказала - "больш шкоды", 41% - "больш карысьці".

“Выбары нічога не вырашаюць, але пайду галасаваць”


36.% рэспандэнтаў ня ведаюць, калі адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы

На думку 82.4% апытаных мясцовыя Саветы практычна не ўплываюць на іх жыцьцё (у тым ліку 46.2% - "наогул не ўплываюць", а не змаглі адказаць на гэтае пытаньне 3%)

Амаль 63% апытаных у сакавіку сказалі, што зьбіраюцца галасаваць на выбарах у мясцовыя Саветы

Больш за 70% лічаць, што ў выбарчыя камісіі павінны ўваходзіць прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, у тым ліку і апазыцыі, амаль 74% - што на выбарчых участках павінны прысутнічаць назіральнікі ад усіх палітычных сілаў, у тым ліку і ад апазыцыі.

Геапалітычныя ростані


Колькасьць гатовых выбіраць паміж аб'яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем ў Эўрапейскі Зьвяз складае сёньня 41.4 % і. 40.4% адпаведна.

На пытаньне: "Ад каго, на Вашу думку, сыходзіць пагроза для Беларусі?" палова рэспандэнтаў адказала, што Беларусі ніхто не пагражае.

Ацэньваючы наступствы дыпляматычнага канфлікту паміж Беларуссю і ЗША, які разгарэўся вясной 2008 г., адносная большасьць апытаных (47.5%) адказала, што абавязкова трэба аднавіць нармальныя адносіны з ЗША (не абавязкова -- толькі 19.1%).

Адказваючы на пытаньне аб тым, хто вінаваты ў вострым канфлікце, які разгарэўся нядаўна паміж Беларусьсю і Расеяй наконт паставак нафты ў Беларусь, звыш 50% сказалі "абодва бакі ў роўнай ступені" ("расейскія ўлады" -- менш за чвэрць).

Саюз палякаў і указ пра рэгуляваньне інтэрнэту


Наконт канфлікту паміж уладамі і сябрамі незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, на думку адной траціны апытаных, у канфлікце вінаватыя абодва бакі, яшчэ траціна не змагла адказаць , і апошняя траціна падзялілася паміж прыхільнікамі аднаго з бакоў.

Колькасьць тых, хто лічыць, што нядаўна прыняты ўказ прэзыдэнта аб рэгуляваньні Інтэрнэту дасьць магчымасьць перасьледаваць людзей, што распаўсюджваюць непажаданую ўладам інфармацыю, блякаваць апазыцыйныя інтэрнэт-рэсурсы падчас выбарчых кампаніяў, і таму сур'ёзна абмяжуе свабоду слова (42.7%), удвая перавышае колькасьць тых, хто лічыць , што наадварот, указ дапаможа разьвіцьцю беларускага інтэрнэту (21.4%).
XS
SM
MD
LG