Лінкі ўнівэрсальнага доступу

...Я села ў аўтобус, і раптам сівы высокі вэтэран гучна і агрэсіўна пачаў крычаць: «Тут карэспандэнтка «Народнай волі», пакуль яна ня выбачыцца перад намі, вэтэранамі, за артыкул Зянона Пазьняка, мы не паедзем зь ёй разам адным аўтобусам». (Пазьняк пісаў, што Берасьцейская крэпасьць насамрэч была турмой НКВД). Старога супакоіў кіраўнік вэтэранскай арганізацыі Анатоль Новікаў, патлумачыўшы яму, што я не нясу адказнасьці за ўсе публікацыі ў газэце, і зьвяртацца трэба да рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Так пачалася для мяне тыднёвая паездка ў Нямеччыну з вэтэранамі...

Гэта было больш за 10 гадоў таму, калі я працавала ў незалежнай газэце «Народнай воля» і была запрошаная Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам у паездку ў Нямеччыну. Яна мела на мэце пераканаць беларускіх вэтэранаў у тым, што ня трэба пратэставаць супраць ратыфікацыі беларуска-нямецкага пагадненьня аб узаемным доглядзе за магіламі салдатаў, якія загінулі ў часы Другой сусьветнай вайны. Гэтае пагадненьне было падпісанае яшчэ ў 1990-ыя гады, але як і дзесяць гадоў таму, так і цяпер, у 2010 годзе, дагэтуль не ратыфікаванае з прычыны нібыта пратэстаў беларускіх вэтэранаў, якія ня могуць дагэтуль дараваць немцам.

Менавіта дзеля таго, каб паказаць прадстаўнікам беларускіх вэтэранскіх арганізацый, як даглядаюць немцы за магіламі савецкіх салдатаў у Нямеччыне, і арганізавалася гэтая паездка. Я ня буду паглыбляцца ў яе дэталі, дадам толькі, што вэтэранаў уразілі дагледжаныя магілы і стаўленьне нямецкага грамадзтва да свайго мінулага... Але пагадненьне і дагэтуль не ратыфікаванае. Але гэта ўжо іншая тэма.

Мяне найбольш уразіла ў той паездцы тое, як лёгка маніпулявалі пачуцьцямі старых людзей. І ў прыватных гутарках яны былі не такія ўжо і агрэсіўныя ды зацятыя і ня былі супраць, каб магілы нямецкіх салдат былі дагледжаныя ў Беларусі. Але ў іхняй арганізацыі была жорсткая дысцыпліна, як у войску – старэйшы загадаў, значыцца, выконваем. Пакуль ня будзе зьверху загаду пагаджацца – не пагодзімся... Як загадала партыя, так і трэба. А старэйшы ў іх арганізацыі Анатоль Новікаў - шматгадовы сябра Савету Рэспублікі, толькі 1940 году нараджэньня. Ваяваць дакладна не давялося...

І яшчэ адно запомнілася з той паездкі з вэтэранамі – іхнія прозьвішчы і іх мова. Калі не памыляюся, толькі тры вэтэраны, прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый, гаварылі зь беларускім акцэнтам і мелі беларускія прозьвішчы. Астатнія гаварылі на чыстай расейскай мове і былі Івановы, Пятровы і г.д., народжаныя не ў Беларусі, а ў Расеі, але ад імя ўсіх беларускіх вэтэранаў чамусьці атрымалі права казаць «не», ці ўхваляць нешта.

Я ня ведаю, якія вэтэраны прыйшлі сёньня да рэдакцыі «Народнай волі». Але ці маюць яны права выступаць ад імя ўсіх нямногіх яшчэ жывых беларускіх вэтэранаў Другой Усясьветнай вайны? Ці маюць яны права гаварыць ад імя ўсіх беларускіх вэтэранаў, што выступаюць супраць назвы сайту «Беларускі партызан»? Як, напрыклад, кіраўнік гарадзенскай вэтэранскай арганізацыі, якому крыху больш за 60 гадоў, бо ён нарадзіўся пасьля вайны.

Я хацела б запытацца двух сваіх дзядоў Васіля Соўсь і Сямёна Няхая, якія ваявалі і партызанілі - ці супраць яны таго, што напісаў Ільля Копыл, ці супраць яны таго, каб магілы немцаў былі ўшанаваныя ў Беларусі па-хрысьціянску? На жаль, маіх дзядоў ужо даўно няма на гэтым сьвеце, але я думаю, што яны б не стаялі сёньня ля «Народай волі»...
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG