Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырская раённая газэта «Жыццё Палесся» адмовілася публікаваць праграму кандыдата ў дэпутаты райсавета, аднаго з лідэраў маладзёжнай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» Франака Вячоркі, які цяпер служыць ў войску.


Як паведаміў Вячорка, у адказе за подпісам галоўнага рэдактара газэты Ларысы Чорнай сказана, што яго праграма парушае артыкул 75 Выбарчага кодэксу. У гэтым артыкуле, у прыватнасьці, гаворыцца, што праграма кандыдата не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці, абразаў і паклёпу ў дачыненьні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь».

Паводле Вячоркі, рэдактар угледзела паклёп у фразе «чыноўнікі праядаюць нашы з вамі грошы». Кандыдат накіраваў заяву ў ЦВК з просьбай даць прававую ацэнку яго выбарчай праграме і адначасова прапанаваў газэце крыху зьмененую фразу: «Чыноўнікі не галадаюць за нашы з вамі грошы».

У праграме Вячоркі, паводле яго слоў, тры галоўныя пункты: вяртаньне Мазыру статусу забруджанага радыяцыяй горада; рамонт дарог; улада павінна служыць людзям.

Практычна штодзённа (пяць разоў за апошнія сем дзён) кіраўніцтва часьці ў суправаджэньні зампаліта адпускае ваеннаслужачага на некалькі гадзін у горад. На 15 красавіка прызначана сустрэча з выбаршчыкамі Вячоркі і яго даверанай асобы члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі.

Мясцовыя выбары пройдуць 25 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG