Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 красавіка ў кнігарні галерэі “Ў” прэзэнтавалі кнігу Вольгі Бабковай “І цуды, і страхі…”. Гэта зборнік эсэ па гісторыі штодзённасьці Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVII стагодзьдзяў.

Героі кнігі – простыя людзі, жыцьцё якіх зафіксаванае ў адпаведных натарыяльных актах. Нараджэньні, шлюбы, скаргі, суды і сьмерці – дакумэнты аб гэтых падзеях могуць расказаць шмат цікавага. З новай кнігі Вольгі Бабковай таксама можна даведацца пра вуліцы старога Менску, пра сярэднявечныя кошты, пра тагачаснае стаўленьне да дзяцей.

Вольга Бабкова пачала працаваць у архіве старажытных актаў з судовымі паперамі – канцылярскімі кнігамі, разнастайнымі актамі, тэстамэнтамі. Праца аказалася вельмі цікавай.

жывое мора словаў мяне проста зачаравала
“Мова, на якой былі напісаныя гэтыя дакумэнты, была настолькі нязвыклая ў маім чаканьні! Гэта была з аднаго боку мова дзяржавы тагачаснай, нашай дзяржавы, з другога – юрыдычная, але яна была абсалютна прасякнутая жывым гучаньнем, таму што ў пераважнай большасьці пісары, каторыя запісвалі гэтыя кнігі, запісвалі часам са словаў людзей, якія прыходзілі, часам з дакумэнтаў, якія прыносілі. І вось гэтае жывое мора словаў мяне проста зачаравала”.

Спадарыня Вольга кажа, што ідэя кнігі нарадзілася разам са зьяўленьнем нататнікаў незвычайных словаў. Словы назапашваліся ў яе ў часе працы. Першы артыкул быў надрукаваны ў “Нашай ніве” ў 90-х гадах, а ўся праца над кнігай склала каля 20 год.

Гісторык і літаратар Уладзімер Арлоў высока ацаніў кнігу “І цуды, і страхі…”:

кніжка ня проста выйшла, а стала сапраўднай падзеяй у беларускай гістарычнай эсэістыцы
“Я, даведаўшыся, што кніжка Вольгі ўжо зьявілася, некалькі дзён да таго моманту, пакуль ўзяў яе ў рукі, “пасьціўся”, у тым сэнсе, што не чытаў гістарычнай літаратуры ніякай. І калі ўзяў у рукі гэтую кніжку, не памыліўся ў сваіх чаканьнях. Я хачу сказаць, што кніжка ня проста выйшла, а стала сапраўднай падзеяй у беларускай гістарычнай эсэістыцы”.

“І цуды, і страхі…” – назва, якая інтрыгуе. Сама спадарыня Вольга кажа, што вельмі складана варушыць паперы людзей, каторых ужо няма. Але адзінае апраўданьне ёсьць гэтаму, што ў адваротным выпадку памяці бы ўвогуле не засталося ніякай.

“Прадметам гісторыі заўсёды ёсьць чалавек, і гэта так выразна было праяўлена ў гэтых судовых дакумэнтах! Я ня ведаю, калі пакапацца альбо калі якія-небудзь дасьледчыкі праз год 30-50 будуць глядзець нашы запісы менскага суду гарадзкога, якія цяпер вядуцца, ці ўбачаць яны тое мора эмоцыяў і тое мора штодзённасьці, праяўленае ў мове, эмоцыях, пачуцьцях людзей, каторыя прыходзілі ў гэтыя суды, каб сапраўды штосьці закрануць у цяперашнім часе”.

5 красавіка на прэзэнтацыі прысутнічалі і дочкі спадарыні Вольгі. Яны, як ніхто іншы, бачылі і ведалі, чаго каштавала праца іх маці.

Ганна Бабкова: “З майго ўражаньня, кніга сапраўды фантастычная, і ў першую чаргу таму, што чалавека, які б больш дюбіў справу, якой ён займаецца кожны дзень, я ня бачыла. І я шчыра ёй зайздрошчу і вельмі хачу, каб у маім жыцьці было таксама, каб я так любіла сваю працу, і каб праца давала магчымасьць творчасьці кожны дзень, кожную хвіліну давала натхненьне. Чалавек, які прыходзіць з працы, у сёньняшнім глябалізаваным сьвеце і распавядае пра яе з такімі гарачымі вачыма – пра нейкія гісторыі, пра нейкія моманты ці нататкі, якія яна прачытала, – гэта вось толькі падстава для зайздрасьці астатніх”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG