Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрый Лявонаў: “Пасьля арышту мне паведамілі, што я мушу казаць”


Юрый Лявонаў

Юрый Лявонаў

На працэсе ў Вярхоўным судзе над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым ды Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачаюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах, даў паказаньні адзін з асноўных сьведак — былы дырэктар ваўкавыскай фірмы «Ніка-транс» Юрый Лявонаў.

Юрый Лявонаў часова жыве ў Маскве — прыглядае за хворай маці. Пасьля вызваленьня ў жніўні мінулага году зь менскага сьледчага ізалятара, калі зь Лявонава зьнялі падазрэньні ў датычнасьці да злачынстваў, у якіх абвінавачваюць Аўтуховіча, Асіпенку і Ларына, Юрый Лявонаў не працуе. Сёньня ў судзе былы прадпрымальнік даваў паказаньні як сьведка.

Юрый Лявонаў паведаміў, што ад першага дня арышту міліцыянты выклалі яму вэрсію, паводле якой Аўтуховіч нібыта рыхтаваў замахі на чыноўнікаў і арганізаваў падпалы. На Лявонава, паводле яго, ціснулі, каб на допытах ён прытрымліваўся менавіта гэтай вэрсіі.
Казалі: усе прызналіся, усе паказваюць на цябе, таму прызнавай віну, інакш атрымаеш вялікі тэрмін і апынесься ў Глыбоцкай турме сярод самых небясьпечных злачынцаў.
Калі Юрый Лявонаў адмовіўся, яму нібыта пачалі пагражаць. «Казалі: усе прызналіся, усе паказваюць на цябе, таму прызнавай віну, інакш атрымаеш вялікі тэрмін і апынесься ў Глыбоцкай турме сярод самых небясьпечных злачынцаў», — так перадаваў словы сьледчых сёньня ў судзе Юрый Лявонаў.

Сьведка абверг паказаньні Аляксандра Ларына, паводле якіх той нібыта размаўляў зь ім пра замах на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку ў кватэры Лявонава. Паводле сьведкі, ад Аўтуховіча ён ня чуў пра пляны «ствараць партызанскі атрад», закупляць зброю ці помсьціць чыноўнікам за іх ціск на бізнэс Аўтуховіча. Што да крытычных выказваньняў наконт дзеяньняў чыноўнікаў, то, паводле Юрыя Лявонава, такія размовы сапраўды былі, але сьведка лічыць іх натуральнымі, бо ад 2003 году фірма зазнала вялікі ціск. «Я сам неаднаразова на чым сьвет стаіць лаяў чыноўнікаў, і ў першую чаргу намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко», — заявіў суду Юрый Лявонаў.

Пасьля паседжаньня Юрый Лявонаў патлумачыў «Свабодзе» сваю пазыцыю што да Васіля Камянко:

«Ён фактычна кіраваў працэсамі адносна фірмы „Ніка-транс“, якая працавала ў Ваўкавыску і займалася міжнароднымі перавозкамі. Як дырэктар я таксама браў удзел у выпрацоўцы схемаў, якія б дазвалялі працаваць у адпаведнасьці з 4-м дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі ад 2003 году адносна скарачэньня колькасьці найманых працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў. Тагачасны міністар падаткаў і збораў Сумар назваў гэтую схему „шэрай“. Ня ведаю, хто яму гэта падказаў, магчыма, і ён. Паколькі ён кіраваў усім, што адбывалася адносна нашага бізнэсу. Між тым я дагэтуль лічу, што няма доказаў парушэньня намі закону».

Карэспандэнт: «Васіль Камянко выступаў у судзе і казаў, што дзейнічаў паводле закону».

Лявонаў: «Тады ў нас такія законы».


Таксама ў судзе сёньня былі дапытаныя сьведкі, былыя міліцыянты, якія ў 2005 годзе патрулявалі вакол дома старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Сьведкі паказалі, што за час дзяжурстваў ня бачылі нічога падазронага, што б пагражала жыцьцю чыноўніка.
XS
SM
MD
LG