Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Менскага раёну працягваецца перагляд справы верніка Яна Міхайлава, якога арыштавалі летась 15 сьнежня, абвінаваціўшы ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Ян і яго бацькі бязвынікова прасілі ваенкамат даць магчымасьць службы ў рэзэрве. Прысуд — трохмесячны арышт — адмянілі за 5 дзён да заканчэньня тэрмімну пакараньня.


Другое паседжаньне ў справе Яна Міхайлава пачалося з апытаньня вайсковага камісара Менскага раёну Сяргея Глябовіча. Вайсковец, адказваючы на пытаньні суду, казаў, што Ян і яго бацькі зьвярталіся ў ваенкамат па накіраваньне на рэзэрвовую службу, але прызыўная камісія пастанавіла прызваць хлопца на тэрміновую службу ў чыгуначныя войскі.

Паводле сп.Глябовіча, Ян паводле сваіх маральных якасьцяў ня можа служыць у рэзэрве, бо раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле заканадаўства, на службу ў рэзэрве маюць права спэцыялісты, безь якіх цяжка абысьціся на працы, а таксама людзі, чые сем’і знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Тое, што Ян Міхайлаў дапамагае сваім бацькам у шматдзетнай сям'і, улічана не было.

У габрэйска-мэсіянскай суполцы "Новы Запавет", якую Ян наведвае ад 2000 году, яму ніхто не казаў, каб ён адмаўляўся ад вайсковай службы. Хлопец сам вырашыў ня браць у рукі зброю:

"Гэта асабістая справа кожнага верніка. Гэта папросту мой выбар. Я лічу, што я зрабіў правільна, бо ёсьць запавет "Не забі", і браць у рукі зброю, служыць у войску лічу няправільным. Войска павінна быць прафэсійным, на кантрактнай аснове. Кожны чалавек павінен мець выбар".

Намесьнік пастара суполкі Раман Зяньковіч сёньня ў судзе казаў, што служыць у войску ці не, чалавек мусіць вырашаць самастойна.

Судзьдзя заявіў, што яму трэба заслухаць паказаньні ўчастковага міліцыянта ды іншых сьведак, якія не прыйшлі на суд, і абвясьціў перапынак.

Лідэр кампаніі "За альтэрнатыўную службу" Міхаіл Пашкевіч лічыць, што справу Яна Міхайлава зробяць паказальнай, бо адмененыя яшчэ некалькі прысудаў у аналягічных справах.

"Сама праца прызыўных камісій абсалютна непразрыстая. Бачна, што камісія ствараецца мясцовым выканкамам з чатырох чалавек — прадстаўнікоў структуры выканкаму. Мэханізм наданьня рэзэрвовай ці тэрміновай службы таксама не прапісаны. Тыя людзі, якія цяпер служаць у рэзэрве, кажуць, што такую службу можна атрымаць, як у нас кажуць, па вялікім блаце".

Працяг разгляду справы Яна Міхайлава прызначаны на 9 красавіка.
XS
SM
MD
LG