Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавыя рэаліі беларусаў: максымальны тарыф і "сьвежы" пашпарт


Ад сёньня набывае моц новы візавы кодэкс Эўрапейскага зьвязу. Цяпер 28 краінаў Шэнгенскай зоны будуць дзейнічаць паводле адных і тых жа правілаў, якія закрануць і грамадзянаў Беларусі.


Асноўныя зьмены тычацца перадусім тэрмінаў разгляду заявы і выдачы візаў. Больш жорсткія патрабаваньні прад'яўляюцца і да пашпарта заяўніка.

Упершыню ў консульскай практыцы візавы кодэкс патрабуе ад дыпляматычных місіяў даваць матываваны адказ адносна прычынаў адмовы ў прыняцьці візавых заявак і прымаць апэляцыі ў выпадку нэгатыўнага рашэньня. Дагэтуль кансуляты маглі не тлумачыць прычыны адмовы.

Гэтаксама прадугледжаны абавязковы збор адбіткаў пальцаў у амбасадах краінаў Эўразьвязу. Праўда, гэта адбудзецца паступова. Укараненьне адпаведнай сыстэмы пачнецца з найбольш праблемных рэгіёнаў, і чарга Беларусі ў гэтым сьпісе пакуль ня вызначаная. Аднак ужо вядома, што дадзеныя пра адбіткі пальцаў будуць захоўвацца 5 гадоў і заяўнікам, якія падаюць дакумэнты на атрыманьне візы паўторна, цягам гэтага часу зноў праходзіць працэдуру не патрэбна.

У інтэрвію тэлеканалу "Эўраньюс" прадстаўнік Эўракамісіі Мікэле Чырконэ сказаў, што рэглямэнтуецца і тэрмін афармленьня візаў: калі дагэтуль чаканьне адказу магло расьцягнуцца на месяцы, то зараз працягласьць працэдуры не павінна перавысіць два тыдні:
максымальны тэрмін не павінен перавышаць 15 каляндарных дзён ...

"Упершыню вызначаныя дакладныя тэрміны для выкананьня заяўкі і выдачы афіцыйнага адказу. Калі раней на падрыхтоўчую працу і афармленьне патрабавалася вельмі шмат часу, то цяпер, згодна з новым візавым кодэксам, абавязковым для ўсіх краінаў Шэнгенскай зоны, максымальны тэрмін не павінен перавышаць 15 каляндарных дзён. За гэты тэрмін консульствы абавязаныя прыняць канчатковае рашэньне".

У афіцыйным тлумачэньні прадстаўнік МЗС Беларусі Аляксандар Астроўскі зьвярнуў увагу на патрабаваньні да пашпарта, якія робяцца больш жорсткімі:

"Па-першае, у пашпарце павінна быць ня менш за дзьве чыстыя старонкі, прадугледжаныя для ўклейваньня візаў. Па-другое, тэрмін дзеяньня пашпарта павінен мінімум на тры месяцы перавышаць тэрмін заканчэньня візы, якую просіць заяўнік. Па-трэцяе, ён павінен быць выдадзены ня больш як 10 гадоў таму. Што тычыцца тых грамадзянаў, у каго зараз у пашпартах ёсьць дзейная шэнгенская віза, то паводле яе можна будзе падарожнічаць да заканчэньня тэрміну дзеяньня, нягледзячы на тое, што такія пашпарты могуць быць выдадзеныя і больш за 10 гадоў таму".

Шэнгенская віза будзе афармляцца без папярэдняга запісу ў консульстве. Карэктуецца і палітыка адносна кошту ўязных дакумэнтаў — новыя нормы пашыраюць пералік катэгорый людзей, якія вызваляюцца ад платы за візу. Так, консульскі збор ня будуць плаціць маладыя людзі ва ўзросьце да 25 гадоў, якія накіроўваюцца на навуковыя, спартовыя і культурныя мерапрыемствы на падставе запрашэньня некамэрцыйных арганізацый.
кошт візы па-ранейшаму застаецца самы высокі ў Эўропе — 60 эўра...

А вось для дзяцей ад 6 да 12 гадоў цяпер давядзецца афармляць візу асобна і за 35 эўра. На такім жа ўзроўні застаецца кошт візы і для дарослых заяўнікаў зь дзяржаваў, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону. За выключэньнем беларусаў: ніякай палёгкі ў пытаньні візавых коштаў не прадугледжана, і кошт візы па-ранейшаму застаецца самы высокі ў Эўропе — 60 эўра. Разважаньні пра магчымасьць даступных візаў так і засталіся размовамі: беларускае кіраўніцтва ня робіць адчувальных крокаў дзеля эўрапейскай інтэграцыі, а на пачатку году і ўвогуле адзначылася цяжка вытлумачальным крокам: кошт паслугі афармленьня візы для замежнікаў у аэрапорце падвысіўся ўтрая — ад 60 да 180 эўра. Гаворыць старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар:

Валянцін Цэхмэйстар
"Мы неаднаразова зьвярталіся ў адміністрацыю прэзыдэнта, пісалі лісты ва ўрад, у розныя міністэрствы, дзе гаварылі: зарабляньне грошай для казны павінна ісьці не ў аспэкце падвышэньня платы за консульскія візы, а ў аб'ёме і колькасьці тых, хто ўяжджае ў краіну. То бок на прадстаўленьні ўсё большага аб'ёму турыстычных паслугаў. Але відавочна, што гэты аргумэнт пакуль ня мае такой ролі і адпаведнага разуменьня. Мы, канечне, да яго вернемся, калі наблізіцца 2014 год і трэба будзе запаўняць палацы спорту і манежы, якія будуць пабудаваныя да хакейнага чэмпіянату сьвету. У гэтым выпадку іміджавы прыток гасьцей і ўезд у краіну, магчыма, набудзе іншы выгляд, будуць усталяваныя больш лібэральныя ўмовы. Але пакуль мы зыходзім з таго, што маем".



Візавы кодэкс замацоўвае тры тыпы візы: кароткатэрміновую (да 90 дзён знаходжаньня ў краіне цягам паўгода), транзытную, якая выдаецца ў аэрапорце, і доўгатэрміновую (да 180 дзён цягам году). Пры гэтым доўгатэрміновыя візы застаюцца прэрагатывай нацыянальных урадаў і прыраўноўваюцца да дазволу на пражываньне. Фактычна ўладальнік доўгатэрміновай візы атрымлівае права перамяшчацца па ўсёй Шэнгенскай зоне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG