Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Рымашэўскі нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Закончыў будаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці "Інжынэр-будаўнік". У 1999 годзе вучыўся ў Нямеччыне на курсах вышэйшай школы дзяржкіраваньня ў інстытуце "Саюз грамадзкага кіраваньня", вывучаў эканамічны і палітычны лад ФРГ. Працуе вядучым эканамістам кампаніі "Беларусь капітал мэнэджмэнт" (Расея). Беларускі палітык і грамадзкі дзеяч, сустаршыня "Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі".У траўні 2009 году быў абраны кандыдатам ад БХД на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.


Што для вас свабода?


Жыцьцё ў Духу Сьвятым, жыцьцё з Богам. Адпаведна — свабода ад граху.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Уласныя грахі.


Што для вас шчасьце?

Бачыць побач свабодных людзей.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Страціць веру ў Бога і ў людзей.


Які талент вы хацелі б мець?

Музычны. Вельмі люблю клясычную музыку, але таленту музычнага ня маю. Па-добраму зайздрошчу музыкам.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Эрнэстам Сабілам, Аляксандрам Агароднікавым.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Праводзіць час разам зь сябрамі, з жонкай і дачкой.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Шмат што, але жыцьцё адно, і я дзякую Госпаду за тое, што маю.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Аднойчы, год 15 таму, у адной з многіх размоваў-разважаньняў пра лёс Беларусі і пра тое, як можна здабыць лепшую будучыню для Беларусі і беларусаў, адзін з маіх суразмоўцаў працытаваў сьв. Сэрафіма Сароўскага: “...здабудзь дух мірны, і вакол цябе ўратуюцца тысячы…” Гэтыя словы і разважаньне над імі дапамаглі абраць шлях царкоўны, шлях веры.


Які ваш улюбёны дэвіз?

“…здабудзь дух мірны, і вакол цябе ўратуюцца тысячы…”


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Хрысьціянская дэмакратыя — да, і валадарства Божае — пасьля другога прышэсьця Хрыста.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У сваю, у гэтую.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Першы крок — гэта фармаваньне ўраду. Прызначэньне на адпаведныя кіраўнічыя пасады (кіраўнікамі міністэрстваў і інш.) прафэсіяналаў, людзей, якія не запэцкалі сябе злачынствамі. Надзейная прафэсійная каманда дазволіць пачаць рэфармаваньне беларускай эканомікі, зьнешняй і ўнутранай палітыкі, пасьпяхова рэалізаваць антыкрызысныя праграмы.

Другі крок: забесьпячэньне свабоды сродкаў масавай інфармацыі і правядзеньне свабодных парлямэнцкіх выбараў.

Трэці крок (ён будзе рабіцца супольна з законна абраным парлямэнтам) : рэфармаваньне беларускага заканадаўства, рэфармаваньне судовай, праваахоўнай, адукацыйнай сыстэм. Усе галіны жыцьця беларускай дзяржавы патрабуюць неадкладных зьменаў.

Дэмакратычныя законы, забесьпячэньне асноўных правоў і свабодаў дазволіць нам збудаваць сапраўды незалежную, эўрапейскую, заможную і духова разьвітую Беларусь.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Добрасуседзкія.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Сваёй дыктатура можа быць толькі для дыктатара. Я не дыктатар і не жадаю ім стаць.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі мы, беларусы, навучымся па-сапраўднаму змагацца адзін за аднаго, а ня толькі кожны сам за сябе.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Яны ўжо гавораць. Сапраўдныя беларусы гавораць па-беларуску. Дома, у сям’і, на працы. А часам і з усімі навокал у гэтай краіне.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Беларусы ўжо гавораць па-беларуску. Абсалютная большасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь загаворыць па беларуску, калі да ўлады прыйдуць беларускія хрысьціянскія дэмакраты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG