Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У працэсе па справе Аўтуховіча дапытваюць сьведкаў


У Вярхоўным Судзе працягваецца працэс па справе Мікалая Аўтуховіча, Міхаіла Асіпенкі, Аляксандра Ларына і Міхаіла Казлова, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту і іншых злачынствах.


Сёньня ў першай палове дапытвалі сьведку Юрыя Лявонава, былога дырэктара фірмы "Ніка-транс". Спадар Лявонаў разам з Аўтуховічам адбываў пакараньне ў 2006 годзе, быў арыштаваны разам зь ім 8 лютага 2009 году па гэтай справе, а ў жніўні вызвалены і зараз праходзіць як сьведка. Юры Лявонаў распавёў, што ўжо 8 лютага, адразу ж пасьля арышту, апэратыўнікі выклалі яму вэрсію падрыхтоўкі тэракту і іншых злачынстваў, у якіх абвінавачваецца Аўтуховіч, і настойліва рэкамэндавалі прытрымлівацца на допытах менавіта гэтай вэрсіі. Цягам пяці месяцаў арышту яго фактычна прымушалі даваць такія паказаньні, абгаворваць Аўтуховіча, што той рыхтаваў замахі, падпалы і гэтак далей. Самому Лявонаву казалі, што ўсе астатнія даюць на яго паказаньні, што ён — галоўны арганізатар злачынстваў, пагражалі, што яму сьвеціць вялікае пакараньне і ён будзе сядзець у Глыбоцкай турме разам з самымі небясьпечнымі злачынцамі, таму, маўляў, выбірай...

Лявонаў таксама паведаміў, што, выйшаўшы на волю, ён падаў скаргу ў пракуратуру. На працэсе ён прадэманстраваў копію гэтай скаргі, на якую дагэтуль няма адказу. Сьведка Лявонаў абверг паказаньні, згодна зь якімі быццам бы Аўтуховіч пры ім казаў пра плян замаху на тагачаснага гарадзенскага губэрнатара Саўчанку, што быццам бы Аляксандар Ларын размаўляў зь ім пра замах.

У другой палове дня допыт Юрыя Лявонава працягнецца.
XS
SM
MD
LG