Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбухі ў Маскве і чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносінаў


Тэракты ў Расеі і пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносінаў. Менск атакуе Ўладзімера Пуціна, судзіцца з Масквой, пазбаўляе беларускага грамадзянства Паўла Шарамета і заляцаецца да амэрыканцаў. Гэтыя і іншыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Свабода Аляксандар Лукашук, У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк. Госьць перадачы – аглядальніца расейкай службы Радыё Свабода Ірына Лагуніна.





Лукашук: Ізноў выбухі, ізноў загіблыя і параненыя. На гэтым тыдні ў Расеі адбыліся два тэрарыстычныя напады. У панядзелак два выбухі грымнулі ў маскоўскім мэтро на станцыях "Лубянка" і "Парк культуры – Радыяльная”. Ад выбухаў загінула прынамсі 39 чалавек, 65 чалавек параненыя.

Паводле сьледзтва былі знойдзеныя фрагмэнты целаў двух тэрарыстак-сьмяротніц.

Асноўная вэрсія – помста ісламскіх экстрэмістаў з Паўночнага Каўказу за нядаўняе забойства расейскімі спэцслужбамі некалькіх лідэраў экстрэмістаў.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў выступіў з прычыны тэрактаў у маскоўскім мэтро з адмысловым зваротам, у якім заявіў, што змаганьне з тэрарыстамі працягнецца:

Мядзьведзеў: Трэба праяўляць пільнасьць. Відавочна, што такога кшталту акцыі, на жаль, заўсёды добра плянуюцца, разьлічаныя на масавы эфэкт паражэньня і маюць на мэце выклікаць дэстабілізацыю ў краіне і ў грамадзтве. Па тых вэрсіях, якія вылучаныя, трэба правесьці самае падрабязнае дасьледваньне. На жаль, відавочна, што гэта працяг тэрарыстычнай актыўнасьці, і вакол гэтага будзе збудаваная асноўная сьледчая вэрсія. Лінія на барацьбу з тэрорам і яго падаўленьне будзе працягнутая. Мы працягнем і апэрацыі супраць тэрарыстаў – без ваганьняў і да канца.

Лукашук: Лідэры многіх краінаў сьвету, у тым ліку кіраўніцтва ЗША і Эўразьвязу выказалі спачуваньне ахвярам нападаў і салідарнасьць з кіраўніцтвам Расеі. 30 сакавіка было абвешчана днём нацыянальнай жалобы ў Расеі. Аднак ужо на наступны дзень, у сераду ў дагестанскім горадзе Кізляр прагрымелі два магутныя выбухі. У выніку абодвух выбухаў загінулі адзінаццаць чалавек, у тым ліку і начальнік мясцовай міліцыі.

Апошні тэракт у расейскай сталіцы адбыўся больш за 5 гадоў таму – у жніўні 2004 году таксама ў мэтро – тады загінула 10 чалавек і 50 былі параненыя. Апошнім тэрарыстычным нападам у Расеі стаў выбух у лістападзе мінулага году ў “Неўскім экспрэсе” – 30 загіблых, каля 100 параненых.

Якімі могуць быць палітычныя наступствы цяперашняй тэрарыстычнай атакі ў Расеі, як яны адаб’юцца на стане расейскай апазыцыі, грамадзкіх арганізацый, на сытуацыі на Паўночным Каўказе? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да аглядальніцы рускай службы нашага радыё Ірыны Лагунінай.

Лагуніна: Праблема з Расеяй заўсёды, калі ўзьнікаюць падобныя тэракты, палягае, на мой погляд, у наступным. Многія краіны сьвету зазналі тэрарыстычныя атакі, але яны знаходзілі спосаб аб'яднацца. У Расеі кожная такая трагедыя прыводзіць да таго, што грамадзтва разьядноўваецца. Не знаходзяцца словы кансалідацыі, не знаходзяцца словы суцяшэньня для ўсёй краіны, як адзінага цэлага. І ў выніку заўсёды ўзьнікае небясьпека міжэтнічных стасункаў. Ужо ў Маскве былі выпадкі зьбіцьця асобаў, якія выглядалі, як выхадцы з Паўночнага Каўказу. Гэтае наступства , найбольш балючае для краіны, хутчэй за ўсё будзе і гэтым разам. І нічога не было зроблена, каб зьняць настрой помсты і жаданьня адказаць гвалтам на гвалт.

Што тычыцца палітычных наступстваў, то яны таксама лёгка прагназуюцца. У выніку ўсіх папярэдніх тэрарыстычных актаў у Расеі зварочваліся дэмакратычныя свабоды і правы чалавека. Гэта натуральны працэс, калі пасьля такіх нападаў спэцслужбы, праваахоўныя органы спрабуюць узяць сытуацыю пад кантроль. У іншых дзяржаваў ёсьць сыстэма стрымак і супрацьвагаў, якія стрымліваюць гэты працэс. У Расеі гэтых супрацьвагаў няма, грамадзянская супольнасьць занадта слабая, суды падкантрольныя дзяржаве. Пасьля тэракту ў Бэслане Расея наагул стала іншай краінай, у Расеі было згорнутае ўсё, што ўяўляла сабой дэмакратычнае грамадзтва, уключна з выбарамі губэрнатараў, якія пасьля таго сталі прызначацца. Баюся, што такое разьвіцьцё падзеяў можа адбыцца і гэтым разам, і тыя надзеі на нейкую лібэралізацыю, якія ўзьніклі не са справамі спадара Мядзьведзева, але зь яго правільнай і добрай рыторыкай – гэтыя надзеі зараз могуць пацярпець паразу. Што тычыцца Паўночнага Каўказа, то мой прагноз, што сытуацыя там стане больш жорсткай. Ня ў тым сэнсе, што Расеі ўвядзе туды нейкія моцныя дадатковыя сілы – гэта могуць быць сілы для асобных карных апэрацый. Але самы факт правядзеньня гэтага маштабнага тэракту ў Маскве дае карт-блянш мясцовым лідэрам, найперш Рамзану Кадыраву, дае яму магчымасьць яшчэ пашырыць кампанію тэрору супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, супраць усіх тых, каго ён зараз можа ахрысьціць тэрарыстамі, экстрэмістамі ці іх памагатымі.

Лукашук: Як гэты тэрарыстычны напад у Расеі можа адбіцца на грамадзкай думцы Беларусі, асабліва з улікам няпростых міждзяржаўных адносінаў, пра якія мы пагаворым крыху пазьней? Вось на нашым сайце мы правялі апытаньне, якія меры бясьпекі варта прыняць у Беларусі ў сувязі з маскоўскімі выбухамі. І дзьве траціны адказалі – зачыніць мяжу з Расеяй. Апытаньне, зразумела, нерэпрэзэнтатыўнае, але пытаньне ёсьць – якім будзе беларускае рэха выбухаў у Маскве?

Дракахруст: Рэха відавочнае: страх, перасьцярога, як бы гэта не дайшло да Беларусі з Расеі, можа, і пэўная палёгка ад таго, што Беларусь – ня частка Расеі, і з гэтай прычыны не зьяўляецца наўпроставай мэтай атак тэрарыстаў. Бо яны ж не абмяжоўваюцца Масквой – вось за Масквой Кізьляр. Але варта сказаць, што паводле дасьледаваньняў грамадзкай думкі, гэтая ўспышка страху даволі хутка праходзіць. Яна праходзіць, дарэчы, і ў Ізраілі, напрыклад, і ў Расеі, і ў Беларусі ад тэрактаў у Расеі. Жыцьцё працягваецца, іншыя клопаты прымушаюць забыць гэты шок. Хто ў Беларусі, напрыклад, да 29 сакавіка актуальна памятаў пра жнівеньскія 2004 году выбухі ў маскоўскім мэтро? У некага можа і заставалася нейкая цень успаміну, што ў Расеі такое часам здараецца. Так што стаўленьне да Расеі па вялікім рахунку вызначаецца ня гэтым.

Лукашук: А зараз – да двухбаковых і шматбаковых адносінаў. На гэтым тыдні Беларусь падала зыск на Расеі ў эканамічны суд СНД. Менск аспрэчвае права Масквы спаганяць мыта з нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь.

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам замежных справаў Казахстану ў чарговы раз рэзка скрытыкаваў кіраўніка расейскага ўраду Ўладзімера Пуціна.

Лукашэнка: Парадаксальная сытуацыя складаецца ў адносінах з урадам Расіі. Рэч ня ў тым, каб чарговым разам укалоць расейскі ўрад ці Пуціна. Маўляў, Лукашэнка накаціў на Пуціна.

Пры чым тут накаціў на Пуціна? Мы бачым, колькі праблем сёньня не вырашаецца або вырашаецца з пазыцыі суб’ектыўнага характару з боку ўраду Расеі Мы бачым, колькі праблемаў не вырашаецца з-за суб'ектыўнай пазыцыі расейскага кіраўніцтва.

Менавіта таму сёньня, як ніколі, мы вымушаныя актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым кутку сьвету, дзе мы можам разьлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва‑эканамічных сувязяў. На Расеі ды Эўропе сьвет клінам не сышоўся, трэба выходзіць у іншыя рэгіёны са сваёй прадукцыяй і праектамі.

Лукашук: Калі рэч і ня ў тым, каб укалоць Пуціна і расейскі ўрад, то ў любым выпадку ў кіраўніка Беларусі гэта выдатна атрымалася. У той жа час пасьля маскоўскіх выбухаў Лукашэнка пазваніў Мядзьведзеву і акрамя выказваньня спачуваньня дамовіўся аб хуткай сустрэчы.

Што азначае гэтая чарговая порцыя крытыкі, якую кіраўнік Беларусі абрынуў на кіраўніка расейскага ўраду? Варта прыгадаць, што падчас нядаўняй сустрэчы Пуціна з яго беларускім калегам Сідорскім прэзыдэнт Беларусі зьехаў у Вэнэсуэлу, магчыма, апроч іншага і для таго, каб не сустракацца з расейскім прэм’ерам. А зь Мядзьведзевым дамаўляецца аб сустрэчы нават у дзень расейскай трагедыі. Ён спрабуе гуляць на супярэчнасьцях паміж Мядзьведзевым і Пуціным?

Дракахруст: Гэта цалкам магчыма. Змаганьне за бязмытную нафту працягваецца. Вось на гэтым тыдні зьявілася паведамленьне пра тое, што і газ для Беларусі будзе каштаваць даражэй, чым летась. Нарэшце, “Газпром” перавёў Беларусі апошнюю траншу платы за акцыі “Белтрансгазу” і стаў уладальнікам паловы акцый прадпрыемства. Палова – не кантрольны пакет, тым ня менш, пэўныя паўнамоцтвы на прыняцьце рашэньняў адносна прадпрыемства дае. Так бы мовіць, плян Пуціна для Беларусі ў дзеяньні.

І на рух гэтага эканамічнага “катка” Лукашэнка на ўласна расейскім накірунку адказвае, як умее – у палітычнай сфэры. Якія там насамрэч адносіны паміж Пуціным і Мядзьведзевым – ведаюць хіба толькі яны самі, але дакумэнты, якія выходзяць з пад пяра дарадцаў расейскага прэзыдэнта, дэкляруюць, што за ўплыў, у тым ліку і за ўплыў на Беларусь, трэба плаціць. Ну вось Лукашэнка і спрабуе згуляць на супярэчнасьцях паміж дуумвірамі, на рознасьці іх падыходаў да Беларусі.

Лукашук: На заявы прэзыдэнта Беларусі апэратыўна адрэагаваў расейскі пасол у Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Сурыкаў: Пасьля распаду СССР мы сталі незалежнымі дзяржавамі, але захавалі некаторую пераемнасьць у галіне паставак энэрганосьбітаў. У 2006 годзе мы палічылі, што час пераходзіць на раўнапраўныя адносіны. Калі гэта імпэрскія амбіцыі, то я выбачаюся.

Лукашук: Расейскі пасол яшчэ дадаў рытарычнае пытаньне: у Нарвэгіі, якая гандлюе энэрганосьбітамі на рынкавых умовах, таксама імпэрскія амбіцыі? Ян, Вам падаліся пераканаўчымі тлумачэньні расейскага пасла? Ёсьць імпэрскія амбіцыі ці няма?

Максімюк: Бачыце, калі б мы гаварылі пра расейска-нарвэскія дачыненьні, або беларуска-нарвэскія, хутчэй за ўсё нікому ў галаву не прыйшло б фармуляваць у гэтым кантэксьце пытаньне пра нейкія імпэрскія амбіцыі. Мы напэўна сказалі б у такім выпадку, што адзін бок выставіў гандлёвыя ўмовы, а другі бок, калі хоча падтрымліваць гандлёвыя зносіны, цяпер павінен дамаўляцца наконт цаны. Праблема з расейска-беларускімі адносінамі ў тым, што астатняму сьвету да канца так і не вядома, а які тавар насамрэч зьяўляецца прадметам гандлю. Ці толькі нафта або газ? Калі так, дык чаму расейская нафта для Беларусі значна таньнейшая, чым для Польшчы і Чэхіі? Або чаму Ўкраіна плаціць за расейскі газ у два разы болей, чым Беларусь? На гэтае пытаньня няма разумнага эканамічнага адказу, а таму камэнтатары і аналітыкі спрабуюць адказваць на яго палітычнымі аргумэнтамі. Маўляў, Беларусь патрэбная Расеі для захаваньня геапалітычнага балянсу. Або, Беларусь патрэбная Расеі для захаваньня сваіх імпэрскіх ілюзій ці плянаў. А таму, падтрыманьне гэтага балянсу або гэтых ілюзій і каштуе Расеі дадатковых грошай. Так што, прабачце, я выкручуся ад прамога адказу на ваша пытаньне. Або адкажу так: з пункту погляду спадара Сурыкава гаворка вядзецца пра чыстую эканомію, а не пра палітыку, і ён мае поўнае права так ставіць гэтае пытаньне. З другога боку, беларускія камэнтатары, якія бачаць у гэтым нейкія імпэрскія пасяганьні, таксама маюць права на свой пункт погляду. І будуць мець такое права датуль, пакуль Беларусь ня ўступіць у Эўразьвяз і NATO.

Лукашук: Яшчэ адзін сюжэт тыдня, у якім спляліся ў адзін клубок свабода слова і беларуска-расейскія адносіны – пазбаўленьне беларускага грамадзянства Паўла Шарамета, расейскага журналіста, кіраўніка інтэрнэт рэсурсу “Беларускі партызан”? Што азначае, што меў на мэце гэты крок?

Дракахруст: Вы маеце рацыю – гэта сапраўды частка наступу на незалежныя СМІ, прычым на тыя, якія выклікаюць асаблівае раздражненьне. Нядаўнія лісты вэтэранаў, якія абураюцца тым, што антыпрэзыдэнцкі сайт мае сьвятую для іх назву “Беларускі партызан”, сьведчыць пра тое, што кампанія вядзецца сыстэмна. Яно насамрэч такая дробная помста, у Шарамета могуць узьнікнуць праблемы з наведваньнем яго родных і сяброў у Беларусі, прыехаць у Беларусь як расейскі грамадзянін ён можа і без візы, але як расейскага грамадзяніна яго могуць і дэпартаваць.

Магчыма, тое таксама новая тэхналёгія, стварэньне прэцэдэнту – калі пазбавіць грамадзянства, фігуральна кажучы, разжалаваць з беларусаў можна Шарамета, дык чаму нельга і іншых? У СССР гэта было распаўсюджанай практыкай. Салжаніцын, Аксёнаў, Бродзкі, Растраповіч, Таркоўскі – Шарамет апынуўся ў годнай кампаніі.

Можа быць і яшчэ адзін матыў, які наўрад ці быў галоўны, але яго маглі таксама ўлічваць. Гэта пэўная дэманстрацыя Маскве, што ахвярай яе эканамічных канфліктаў зь Менскам можа быць і гуманітарны аспэкт двухбаковых адносінаў.

Лукашук: Мы прыводзілі словы Лукашэнкі, паводле якога “мы вымушаныя актыўна працаваць у любым, нават самым аддаленым кутку сьвету, дзе мы можам разьлічваць на прадказальныя і сумленныя ўмовы ўзаемавыгадных гандлёва‑эканамічных сувязяў”. На гэтым тыдні адбыўся візыт у Беларусь прадстаўніка аднаго з такіх “куткоў” намесьніка старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна. Падчас візыту высокі ішла размова пра ільготны крэдыт у адзін мільярд даляраў на ўзгодненыя паміж бакамі праекты. Было заяўлена, што кітайскі бок плянуе заключыць кантракты на яшчэ амаль тры з паловай мільярды даляраў. Было абвешчана, што Пэкін на знак сяброўства дае Беларусі бязвыплатную дапамогу ў памеры 9 мільёнаў даляраў. Ян, 4,5 мільярды даляраў – гэта сур’ёзная сума. Ці можа Кітай замяніць Расею і МВФ у якасьць спонсара Беларусі? Наколькі значнымі зьяўляюцца гэтыя кантакты і гэтыя кантракты?

Максімюк: У прапагандысцкім пляне такія запэўніваньні маюць пэўнае суцяшальнае значэньне для Менску. Але з практычнай рэалізацыяй такіх дамоваў, калі яны сапраўды будуць падпісаныя, можа быць па рознаму. Гадавы замежны гандлёвы абарот Беларусі замыкаецца сумай у прыблізна 50 мільярдаў даляраў. Найбольшы гандлёвы абарот у Беларусі з Расеяй, потым Нідэрляндамі, Нямеччынай, Украінай, Латвіяй, Польшчай. Кітай займае сёмае па значнасьці месца ў замежным гандлі Беларусі. Гандлёвы беларуска-кітайскі абарот вымяраецца сумай 1 міл’ярда даляраў у год. Нават калі б абодвум бакам і ўдалося ў бягучым або наступным годзе заключыць дамовы на гэтыя 3,5 мільярды даляраў, дык Кітай і так ніякім чынам не заступіць Беларусі Расеі, на якую прыпадае амаль 50 адсоткаў гандлёвага абароту Беларусі.

Лукашук: На гэтым тыдні афіцыйны Менск зрабіў яшчэ адзін крок за межы Расеі і Эўропы, паспрабаваўшы працаваць яшчэ зь яшчэ адным куточкам сьвету – са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. З Аляксандрам Лукашэнкам сустрэлася вялікая група амэрыканскіх бізнэсоўцаў. У размове зь імі беларускі кіраўнік выказваў гатоўнасьць пачаць стасункі з чыстага аркушу, хваліў прэзыдэнта Абаму, завабліваў амэрыканскіх дзелавых людзей адмысловымі спрыяльнымі ўмовамі бізнэсу. Нядаўна Лукашэнка разам з Уга Чавэсам сымбалічна “закопваў” капіталізм, цяпер дэманструе жаданьне шчыльна супрацоўнічаць з гэтым пакуль што не нябожчыкам. Ці будуць пачутыя ў Вашынгтоне гэтыя сыгналы зь Менску? Ці магчымая нармалізацыя адносінаў, па меншай меры вяртаньне дыпляматычнага прадстаўніцтва абедзьвюх краінаў у нармальны фармат?

Максімюк: Нядаўна вы, Аляксандар, у Вашынгтоне гаварылі з супрацоўніцай Дзярждэпартамэнту ЗША, былой амэрыканскай амбасадаркай у Беларусі Карэн Ст’юарт. І вы ёй ставілі пытаньне наконт нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх стасункаў. Давайце прыгадаем, што Карэн Ст’юарт сказала наконт магчымасьці вяртаньня нармальных дыпляматычных і іншых дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі: “Мы хочам бачыць прагрэс у сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі – з гэтым зьвязаныя нашы санкцыі... Нашы санкцыі супроць Беларусі застаюцца ў сіле, бо мы ня бачым ніякага прагрэсу і ніякіх прычынаў, каб можна было гэтыя санкцыі перагледзець ці зьмякчыць. Наша мэта – пабачыць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі”.

Ну дык вось: візыт амэрыканскіх бізнэсмэнаў у Менск – гэта вельмі добра. Ён проста паказвае, што бізнэс у ЗША не заўсёды залежыць ад палітыкі. Але праўдзівае і такое сьцьверджаньне: лепшыя бізнэсовыя адносіны з амэрыканскімі грамадзянамі не азначаюць аўтаматычна лепшых палітычных адносін з амэрыканскім урадам.


Лукашук: Ну і апошняя тэма сёньняшняй перадачы – мясцовыя выбары. Кампанія выйшла на фінішную прамую, пачалася ўласна агітацыя кандыдатаў.

Але напачатку – яшчэ раз пра вынікі папярэдніх этапаў, у прыватнасьці, рэгістрацыі кандыдатаў. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску распавялі старшыня Беларускага хельсінскага камітэту Алег Гулак і праваабаронца Вялянцін Стэфановіч.

Гулак: Этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў у гэтым годзе праходзіў больш дэмакратычна, чым падобныя этапы мінулых мясцовых і парлямэнцкіх выбараў. Тым ня менш, праблемы былі і ёсьць. Мы бачым, што апазыцыйныя кандыдаты сутыкнуліся з адмовамі ў рэгістрацыі ў 26 разоў больш, чым агульны працэнт адмоваў. Гэта значыць, дыскрымінацыйны падыход у дачыненьні да кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных партый захоўваецца .
Маніторынг вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты паказаў, што, нягледзячы на некаторую дэмакратызацыю, кампанія не была цалкам свабоднай.


Грамадзтва не ўспрымае мясцовыя саветы як рэальны орган улады і не лічыць выбары свабоднымі.


Стэфановіч:
У гэтым годзе адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў склалі 23% ад агульнай колькасьці пададзеных заявак. І гэта менш адмоваў, чым у папярэднія выбары ў мясцовыя саветы ў 2007 годзе (100%), але больш, чым у 2003 (15%).


З 25.475 заявак у кандыдаты ў дэпутаты адмоўлена ў рэгістрацыі 318 прэтэндэнтам, (122 заяўкі былі адкліканыя), што складае 1%.

Аднак, калі паглядзець на вынікі рэгістрацыі па апазыцыйных палітычных партыях, бачым, што ў іх адмоўлена ў рэгістрацыі 90 з 290 чальцоў партый – 26%. Гэта вельмі высокі адсотак.

Лукашук: А як ідзе агітацыйная кампанія? Шмат хто зьвяртае ўвагу на тое, што кампаніі нібыта і няма. Зь якімі перашкодамі сутыкаюцца кандыдаты ад апазыцыі? Што яны кажуць выбаршчыкам падчас сустрэчаў і што кажуць і пытаюць выбаршчыкі ў іх? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да кандыдата ў дэпутаты па адной са сталічных акругаў, палітоляг Аляксандар Лагвінец:

Лагвінец: Вось кампанію мы вядзём тут, у Сухараве. Варункі моцна не памяняліся. Пазытыўным ёсьць тое, што мы маем магчымасьць абыходзіць кватэры, мы здолелі паставіць пікеты ў цэлы ўік-энд, суботу-нядзелю ў трох месцах Сухарава стаялі пікеты па збору подпісаў. Што адмоўнага, апроч агульнай атмасфэры грамадзтва, якое ня вельмі моцна зацікаўленае гэтымі выбарамі, я магу працытаваць факт праколатых колаў машыны Таўстыкі, майго сябра, які ў маёй ініцыятыўнай групе. Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што мы даволі актыўна і, можа, ваяўніча сябе паводзілі ў мясцовай адміністрацыі, дзе ім паказалі, што наглядная агітацыя, што ёсьць у будынку дзяржаўнай інстытуцыі, не адпавядае сэнсу і задачам, якія павінна выконваць нэўтральная дзяржаўная інстытуцыя. Людзі рэагуюць па-рознаму. Апроч малой зацікаўленасьці выбарамі, можна сказаць, што людзі нечага чакаюць, чакаюць альтэрнатывы. Калі мы кажам пра наш удзел у выбарах, немагчыма сядзець і чакаць, што раптам зьявяцца ідэальныя варункі, і мы ўсе разам пойдзем балятавацца. Трэба гэтыя варункі ствараць, трэба камунікаваць з людзьмі. Людзі чакаюць, што будзе прапанавана альтэрнатыва. Людзі любяць гаварыць. Наша задача – так зачапіць людзей, каб даць ім магчымасьць выгаварыцца і пабудаваць стасункі даверу. Гэта значыць размаўляць з людзьмі іхняй мовай і казаць пра тыя праблемы, якія і хвалююць і прапаноўваць нашы вырашэньні гэтых праблемаў.

Ёсьць пэўная апатыя і нявера ў тое. Што можна нешта памяняць на агульнанацыянальным узроўні. Застыласьць сытуацыі адчуваецца таксама ў кантактах з людзьмі. Хаця, ведаеце, я спачатку крышку перасьцерагаўся хадзіць тут па Сухараве, дзе я ўжо абышоў тысячы кватэраў, што людзі будуць казаць: колькі ты тут ужо ходзіш, а ніякага выніку, каб стаць дэпутатам няма. Мы пачалі хадзіць па кватэрах, і людзі збольшага, нават на 90 адсоткаў, станоўча ўзгадваюць і чакаюць, што будзе кампанія. Ведаеце, калі ў Менску ў сярэднім пяць кандыдатаў на адну акругу, то калі мы ня ўдзельнічаем, мы проста не існуем. Важна ўдзельнічаць, важна паказваць гэтую альтэрнатыву, важна будаваць давер з тымі людзьмі, якія пра нешта задумваюцца. А такія людзі ёсьць. Мы адначасова са зборам подпісаў праводзілі анкетаваньне і пыталіся ў людзей, ці ходзяць яны на выбары. Большасьць сказала, што ходзяць. І нам важныя тыя людзі, якія, прынамсі, зрабілі першы крок, яны згадзіліся адказаць на пытаньні анкеты. Гэта людзі гатовыя камунікаваць, і мы мусім гэтым людзям данесьці нашу праўду і пабудаваць сталыя камунікацыйныя сувязі з гэтымі людзьмі.

Лукашук: Юры, Ян, а на Ваш погляд, навошта выбары патрэбныя ўладзе, чаму людзі, падначаленыя ўладзе, ідуць у мясцовыя Саветы, якія па сутнасьці нічога не вырашаюць?

Дракахруст: Яны сапраўды нічога не вырашаюць. І ня толькі ў сэнсе пытаньняў высокай палітыкі, а ў чыста практычных справах – мясцовага бюджэту. Але гэта – своеасаблівы інкубатар кадраў. Некаторыя праблемы жыцьця адпаведнага рэгіёну ў Саветах калі і ня вырашаюцца, то ўсё ж абмяркоўваюцца, можна прыгледзіцца, хто на што здольны. Для саміх дэпутатаў, асабліва для тых, хто імкнецца рабіць кар’еру, іх мандат – гэта магчымасьць час ад часу сустракацца з начальствам, паказаць сябе. Хаця ў значнай ступені гэта даніна традыцыі. І з боку ўлады, і з боку народу. Вось Аляксандар Лагвінец распавёў, што паводле яго ўражаньняў большасьць людзей усё ж мае намер ісьці галасаваць. Дэпутатаў сваіх людзі ня ведаюць, ва ўласна Савет па сваіх справах і скаргах не зьвяртаюцца. Але галасаваць гатовыя. Чаму? Так паложана. Ну і для ўлады – так паложана.

Максімюк: Я нязгодны з Юрыям. Уладзе ў Беларусі, так як уладзе ў большасьці іншых краінаў, выбары патрэбныя дзеля абнаўленьня свае легітымізацыі. У іншых краінах здараецца наогул так, што выбары раз на нейкі час легітымізуюць новую ўладу. У Беларусі такое не здараецца, пры ўладзе застаецца ўвесь час, калі можна так сказаць, тая самая ўлада. Аднак і ў Беларусі выбары выконваюць да пэўнай ступені сваю легітымізацыйную функцыю. І колькі б апазыцыя не даказвала, што беларускія выбары – гэта ўсяго пусты рытуал, паказуха для сьвету, то і так значная частка грамадзтва з гэтым наўрад ці пагодзіцца. Вось якраз сьвет нам кажа, што беларускія выбары – пусты і недэмакратычны рытуал. А адносіны грамадзяніна Беларусі да гэтага рытуалу – ужо не такія ясныя і адназначныя. Беручы ўдзел у выбарах, грамадзянін ня толькі выбірае ўладу (ці нібыта выбірае, як кажуць іншыя), але і засьведчвае сваю ляяльнасьць або, калі хочаце, сваю павагу да беларускай дзяржавы, якую неабавязкова трэба зьвязваць з рэжымам, што якраз гэтай дзяржавай кіруе. Калі гэта так разумець, дык можна зразумець, чаму ўлада ўсё ж бавіцца ў выбары ў Беларусі, і чаму ня маюць рацыі тыя прадстаўнікі апазыцыі, якія прапаведуюць байкот як самы эфэктыўны сродак барацьбы з рэжымам.

XS
SM
MD
LG