Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прах Кастуся Тарасава прапануецца разьвеяць над Грунвальдам


Кастусь Тарасаў
Кастусь Тарасаў

Гутарка «за круглым сталом», прысьвечаная памяці Кастуся Тарасава. Удзельнічаюць: пісьменьнік Леанід Дайнека, гісторык Аляксей Кароль, мовазнаўца Пётра Садоўскі. Вядучы — Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Спадарства, Кастусь Тарасаў як пісьменьнік ня проста аддаваў перавагу гістарычнай тэме, мне здаецца, што ён як творца жыў толькі гістарычным мінулым, яго сілкавала гісторыя. Але — у гэта нават ня верыцца — па адукацыі Тарасаў быў хімікам, і першыя ягоныя публікацыі былі пра вытворчасьць шкла. „Памяць пра легенды“, „Пагоня на Грунвальд“, „Тры жыцьці Рагнеды“... Наколькі ў сваіх творах пісьменьнік быў праўдзівы з гледзішча гістарычных фактаў?»

Леанд Дайнека
Леанд Дайнека: «Для мяне ён праўдзівы пісьменьнік, я заўсёды зь вялікай цікавасьцю, з захапленьнем чытаў ягоныя кніжкі. Памятаю, самую першую сваю кніжку, „Памяць пра легенды“, якая выйшла на расейскай мове ў 1984 годзе, Кастусь падпісаў мне ў Віцебску, дзе мы сем дзён выступалі ад Бюро прапаганды беларускай літаратуры. Выступалі перад рабочымі, у школах, нават у дзіцячых садках. І мяне ўжо тады зьдзівіла тарасаўская эрудыцыя, яго энцыкляпэдычная дасьведчанасьць. Тады, у Віцебску, я ўпершыню пачуў, як Тарасаў так адкрыта крытыкаваў Пятра І, які вынішчаў Беларусь. У кнігах Тарасава — усё дакладна, усе гэтыя вайсковыя попісы, колькасьць ваяроў у войску ВКЛ, нават колькасьць коней, фуражу, харчу... Мяне заўсёды зьдзіўляла, наколькі пісьменьнік быў заглыблены ў гістарычную канкрэтыку. У славянскіх народаў, чэхаў, славакаў, паўднёвых славянаў, ёсьць такі панятак „будзіцель“, у часы Аўстра-Вугорскай імпэрыі так называлі нацыянальных інтэлігентаў, якія змагаліся за дзяржаўнасьць сваіх народаў. Для мяне Тарасаў — будзіцель, ён для мяне — вышэй за Караткевіча. Караткевіч прасьпяваў сваю мэлядычную, лірычную песьню, а прыйшоў суровы рэаліст Тарасаў і паказаў, што існавала старадаўняя беларуская дзяржава — Вялікае Княства».

Скобла: «Вы згадалі кнігу Тарасава „Памяць пра легенды“. Сёньня нават цяжка ўявіць, якой сэнсацыяй быў яе выхад у 1984 годзе. Кнігу пазычалі адзін аднаму, яе канспэктавалі, на хаду перакладаючы на беларускую мову. Год яе выхаду — год сьмерці Караткевіча...»

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль: «І Караткевіч, і Тарасаў — аратаі на адным гістарычным полі. І склалася так, што менавіта пісьменьнікі ў Беларусі зрабілі прарыў да праўдзівай гісторыі. І калі Караткевіч сваім рамантызмам, сюжэтам і дэтэктыўнай асновай стварыў тое, чаго ў Беларусі да гэтага не было, — папулярнасьць, моду на гістарычныя сюжэты, то Тарасаў пайшоў за фактам. Я, прафэсійны гісторык па адукацыі, калі ў 1984 годзе купіў „Памяць пра легенды“, то адкрыў для сябе беларускую гісторыю. Больш за тое, творчасьць Тарасава дала мне штуршок для дасьледаваньняў у іншай эпосе — у 20-х гадах ХХ стагодзьдзя (беларусізацыя, пачатак рэпрэсій). Вось дзіва дзіўнае: пісьменьнікі ішлі паперадзе гісторыкаў, а гісторыкі іх даганялі фактаграфічна. Што да хімічнай адукацыі Тарасава... Разумееце, пісьменьнік — гэта пакліканьне. Пакліканьне дало Тарасаву ў рукі таленавітае пяро, а тэхнічная адукацыя дала цягу да дакладнасьці. І ў гэтым спалучэньні кніжкі Тарасава можна лічыць і навуковымі дасьледаваньнямі».

Скобла: «У 1990 годзе „Памяць пра легенды“ перавыдалі масавым накладам, па-беларуску. Пераход пісьменьніка з мовы на мову — даволі няпросты, а часам і драматычны працэс. Як гэта адбылося ў Тарасава? Я памятаю, яго даволі жорстка крытыкавалі адраджэнцы за ягоную расейскамоўнасьць».

Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі: «Я б сказаў, што фігура Тарасава стаіць асобна ад беларускіх пісьменьнікаў, якія пісалі на гістарычныя тэмы. Тарасаў вырас у расейскамоўным асяродку ў Менску, і, ужо будучы студэнтам, працуючы журналістам, належаў, як бы цяпер сказалі б, да савецкай дысыдэнцкай тусоўкі. Там былі інтэлігентныя людзі — Хадзееў, Рубінчык, Клебановіч. Хадзееў пісаў дысэртацыі за грошы, гэта быў страшэнна адукаваны чалавек. І вось калі Тарасава паклікала душа ў літаратуру, ён адчуваў сябе на нейкім раздарожжы. Мы пасябравалі зь ім на курсах удасканаленьня журналістаў радыё і тэлебачаньня. Я хадзіў на лекцыі да Косьці, ён пачаў прыходзіць на мае лекцыі. Я задаваў яму пытаньні на роднай мове, ён спрабаваў мне адказваць па-беларуску. Вось у мяне ў руках тры здаравенныя кандуіты па 90 старонак, гэта мае выпісы. Памятаю, чытаў прысутнага тут Леаніда Дайнеку, выпісваў словы з рамана „Сьлед ваўкалака“ — гаплічнікі, рымары, балаголы. Косьця яшчэ, відавочна, не валодаў гэтымі словамі, ён набіраўся гэтай гістарычнай лексыкі, чытаючы мае выпісы з Ластоўскага, з Мрыя, з Лукаша Калюгі, з Дайнекі. Тарасаў гэта ўсё неяк спажываў. Потым пачалася „Майстроўня“, ён пазнаёміўся з Сержуком Сокалавым-Воюшам. І Косьця эмацыйна ўспрымаў усё гэта. Але ён насьцярожана ставіўся да беларускіх пісьменьнікаў, якія хадзілі блізка каля ўлады, беларускім літаратарам ён рабіўся паступова».

Міхась Скобла
Скобла: «Кастусь Тарасаў адкрыў для сучаснага чытача Грунвальдзкую бітву — я маю на ўвазе ягоную аповесьць „Пагоня на Грунвальд“, выдадзеную ў 1986 годзе. Сёлета — 600 гадоў Грунвальду. Гэтую дату, між іншым, бярэцца адзначаць і беларуская дзяржава. Але я не ўяўляю Тарасава на нейкім дзяржаўным мерапрыемстве з гэтай нагоды. Я памятаю ягоныя радыкальныя выступы на мітынгах пры канцы 80-х. Ці стаў ён больш кампрамісным у больш позьні час?»

Дайнека: «Ня стаў ён больш кампрамісным, наадварот, ён стаў яшчэ больш цьвёрдым, мэтанакіраваным, ён не пайшоў „пад уладу“, як гэта зрабілі многія нашы пісьменьнікі. Імя Канстанцін азначае — цьвёрды, пастаянны, нязьменны. І Тарасаў застаўся верным сваім ідэалам. Калі я друкаваў свой раман „Жалезныя жалуды“, мы зь ім мелі гаворку, і я пераканаўся, што ён стаіць на пазыцыях беларушчыны, гістарычна-праўдзівай, нявыдуманай. Сапраўды, сымбалічна, што Бог забраў ад нас Кастуся Тарасава ў год 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. І я рызыкну, хоць гэта і не мая прывілея, выказаць такую рэкамэндацыю. Добра было б, каб нехта ўзяў жменьку праху Тарасава, завёз на Грунвальдзкае поле і там разьвеяў. А мы зьбіраемся паехаць туды ўлетку. Гэта было б вельмі сымбалічна, калі б прах Тарасава, часьцінка ягонага цела, ягонай душы, была разьвеяна на Грунвальдзкім полі».

Скобла: «Гэта, відаць, залежыць ад дачок пісьменьніка. А ідэя сапраўды добрая... Спадарства, ад некаторых знаёмцаў Тарасава мне даводзілася чуць пра ягоную недружбістасьць, ледзь не нелюдзімасьць, ён пазьбягаў розных тусовак. Ці лёгка было зь ім сам-насам, увогуле — сябраваць?»

Садоўскі: «Я назіраў Тарасава ў хатніх спрэчках. Я бачыў у ягонай менскай кватэры на вуліцы Гікала і Генадзя Сагановіча, і Ўладзімера Арлова, і Аляксея Дударава, і Ўладзімера Някляева, і Вітаўта Чаропку... Гутаркі там былі часам канцэптуальныя. Тарасаў умеў слухаць. Слухае, слухае, а потым раз — нешта і ўставіць. Сёньня, ідучы сюды, я перагледзеў кнігу Сагановіча «Невядомая вайна». На маю думку, без Тарасава, можа быць, не было б і Сагановіча. Я бачыў, як ён там нараджаўся. Але такі ўжо лёс Тарасава — ён пабудзіў Сагановіча, але калі бярэш сьпіс выкарыстанай літаратуры ў «Невядомай вайне», то твораў Тарасава там, натуральна, няма. Сагановіч спасылаецца на гістарычныя і навуковыя працы, а Тарасаў — папулярызатар. Тарасаў у спрэчках ніколі нікога ня крыўдзіў, ніколі рашуча не выказваўся, але разам з тым заставаўся пры сваім меркаваньні. Калі яму было цяжка, мы ахвотна сустракаліся. Самага адкрытага, вясёлага, натуральнага Тарасава-экстравэрта я бачыў толькі аднойчы — у Наваполацку, калі мы зь ім паехалі да Сокалава-Воюша. Мы начавалі ў яго, гадзін да трох начы сьпявалі, акурат тады Сяржук пісаў свой цыкль «Песьні касінераў», які ўзьнік, дарэчы, не без уплыву Тарасава. Мы гаварылі пра лісоўчыкаў, тады яшчэ слова гэтага ня ведалі. Сяржук увесь час браўся за гітару.
І Косьця, помню, сказаў: «Патонем у гэтай багне і не дажывём да свабоднай Беларусі, але калі застанемся жывымі, будзем гаварыць толькі па-беларуску».
Спалі мы толькі з трох да сямі гадзінаў, а потым паляцелі з Косьцем на нейкім самалёціку-страказе з Наваполацка ў Менск. Пры падлёце ў самалёта не выпускалася шасі, шэсьць кругоў ён зрабіў над Чыжоўскім водасховішчам. І Косьця, помню, сказаў: «Патонем у гэтай багне і не дажывём да свабоднай Беларусі, але калі застанемся жывымі, будзем гаварыць толькі па-беларуску».

Скобла: «Кніга „Памяць пра легенды“ выканала сваю асьветніцкую місію. Але, як мне падаецца, яна засталася ў тых шматспадзеўных 90-х гадах. А якія кнігі Тарасава будуць перачытвацца і перавыдавацца?»

Дайнека: «Тут я ня згодзен з вашай ацэнкай „Памяці пра легенды“. Яна будзе настольнай кнігай і для будучых пакаленьняў сьвядомых беларусаў. „Памяць пра легенды“ — гэта нейкая своеасаблівая Біблія беларушчыны, у ёй ахоплена ўсё. Я, сядаючы за напісаньне новага твора, абавязкова зазіраю ў „Памяць пра легенды“, яна мне дае першы штуршок, гэта як удар мэтэарыту у плянэту. Кніга „Памяць пра легенды“ будзе жыць, прынамсі, да таго часу, пакуль будзе жыць беларуская мова і беларуская дзяржава».

Кароль: «Апошнія гады мы супрацоўнічалі з Косьцем Тарасавым, і ён у мінулым годзе прапанаваў газэце „Новы час“ свае новыя нарысы пра гістарычных асобаў — ад Сярэднявечча да найноўшых часоў. І гэта належыць разглядаць як працяг „Памяці пра легенды“. Ён сьпяшаўся пісаць, пераадольваючы наступствы інсульту, і мы ўжо надрукавалі ў „Новым часе“ 11 ягоных нарысаў, яшчэ 2 засталіся. І калі мы зьбярэм і выдадзім невялікую кніжыцу гэтых эсэ, то, я думаю, яна таксама застанецца. Таму што сёньня ёсьць цікавасьць да гістарычных асобаў. А ў Беларусі заўсёды была слабая нацыянальная эліта, пра гэта мы неаднойчы размаўлялі з Тарасавым. І ён разумеў, наколькі важна падрыхтаваць новую беларускую эліту, як умову існаваньня самастойнай дэмакратычнай Беларусі. Толькі пасьля сьмерці мы разумеем тое, пра што ўчора нават і не здагадваліся: веліч справы, зробленай чалавекам, у прыватнасьці, Кастусём Тарасавым».

Скобла: «Тарасаў — мянчук паводле нараджэньня. Як так сталася, што пры канцы жыцьця ён ня меў дзе жыць і месцам прапіскі ў ягоным пашпарце значылася — Рэспубліка Беларусь?»

Кароль: «Сёньня пашыраецца нейкі чорны міт пра бяздомнага Тарасава, пра яго жыцьцё. Гэта ўсё няпраўда. У 2006 годзе, калі зь ім здарылася бяда, мы якраз пачыналі працаваць у „Новым часе“. Памятаю, мы з Аленай Анісім былі ў яго ў Аксакаўшчыне, потым я даведаўся, што яго забрала дачка, і ён жыў у яе ў Маскве. Пры апошніх сустрэчах мы ўзгадвалі Маскву, але ён пра асабістае жыцьцё стараўся не гаварыць. Разумееце, пасьля інсульту ён думаў, што будзе жыць з дачкой, прадаў менскую кватэру і паехаў у Талін. Але потым вярнуўся і патлумачыў мімаходзь: Менск — гэта маё, тут я працую, тут я магу сустракацца з сябрамі, друкавацца і г.д. Таму ён здымаў кватэру. А дачка, дарэчы, нарадзіўшы сына, праз суткі выпісалася з бальніцы і прыехала на пахаваньне бацькі. У жыцьці Кастуся было галоўнае — адчуваньне родных душаў. Усё ў яго было нармальна. Ён пісаў да апошняга свайго дня».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG