Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уранку на першы дзень Вялікадня па цэнтральных вуліцах Гомеля паедзе перасоўная званіца. Перазвонам мяркуецца абудзіць раніцу Сьветлага Хрыстовага Ўваскрашэньня.

Пра гэта паведамілі мэдыі з спасылкай на аддзел ідэалёгіі Гомельскага гарвыканкаму.

Ад катэдральнага Сьвята-Петрапаўлаўскага сабору — галоўнай бажніцы Гомельскай праваслаўнай епархіі — званіца паедзе ў царкву Праабражэньня Гасподня, што ў мікрараёне Валатава.

Збор сродкаў на набыцьцё перасоўнай званіцы быў аб’яўлены летась у велікодныя дні з блаславеньня епіскапа Гомельскага й Жлобінскага Арыстарха. Удалося сабраць сродкі на 8 з 10 званоў. Патрэбна яшчэ й спэцыялізаваная аўтамашына для званіцы, таму збор ахвяраваньняў працягваецца.

Пры царкве Праабражэньня Гасподня сёлета плянуецца адкрыць школу званароў, а ў наступным годзе правесьці першы фэст перазвону.

Папулярызацыя праваслаўнага званарнага мастацтва падаецца як сумесны праект духоўна-асьветніцкай дзейнасьці Гомельска-Жлобінскай епархіі, мясцовых уладаў ды гарадзкой грамадзкасьці.
XS
SM
MD
LG