Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Франак Вячорка: “Мяне згодны завезьці ў выканкам, толькі не да выбарцаў"


Франак Вячорка

Франак Вячорка

Пасьля звароту ў Цэнтральную выбарчую камісію кандыдата ў дэпутаты Мазырскага райсавету, палітпрызыўніка Франка Вячорку ўжо тры разы выпускалі пад аховай з вайсковай часткі ў горад.


«Мяне тройчы адпускалі ў звальненьні, хаця звальненьнямі гэта назваць цяжка. У прысутнасьці прапаршчыкаў, а ўчора ў прысутнасьці зампаліта наведваў выканкам, друкарню, паштамт, рэдакцыю газэты «Жыцьцё Палесься», а таксама дом культуры «40 гадоў Кастрычніка».

Для агітацыйнай кампаніі Франак сам распрацаваў узор сваіх перадвыбарчых улётак. Аднак у друкарні напачатку адмаўляліся браць распрацоўку й друкаваць улёткі на каляровай паперы:

«Спачатку ў мяне не хацелі браць, казалі, што ва ўсіх кандыдатаў павінна быць аднатыпная друкаваная прадукцыя. Потым адгаворваліся, што падняліся тарыфы на прадукцыю. Я запытаўся, чаму? Кажуць, што выканкам самастойна вызначае для кандыдатаў тарыфы. Для мяне гэта было шокам.

Доўга не пагаджаліся друкаваць на каляровай паперы, але я ўсё-такі дамогся таго, чаго хацеў. Заключыў дамову — і ў панядзелак атрымаю ўлёткі».

За пару гадзінаў звальненьня салдат-кандыдат дапоўніў таксама ў раённай камісіі сьпіс сваіх давераных асобаў. На выбарах яму пагадзіўся дапамагаць прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка — экспэрт у праблемах наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Франак наважаны дамагацца вяртаньня Мазыру статусу горада, які пацярпеў ад Чарнобылю.

Цяпер спадар Вячорка заклапочаны тым, каб камандаваньне адпускала яго ня толькі наведваць выбарчую камісію, друкарню альбо газэту. Кандыдат хоча непасрэдна камунікаваць з выбарцамі:
Я кожны дзень прашу хаця б цягам гадзінкі прайсьціся па дамах — не, не і не.


«Вось гэта самае цяжкае. Яны катэгарычна ня хочуць, каб я сустракаўся з выбарцамі. Яны мяне згодны завезьці ў выканкам, згодныя завезьці ў друкарню, але толькі не да выбаршчыкаў, толькі не абыход кватэраў. Я кожны дзень прашу хаця б цягам гадзінкі прайсьціся па дамах — не, не і не. І сёньня зампаліт маёр Ігнацік забараніў.

Я разьлічваю на тое, што калі ў мяне зьявіцца друкаваная прадукцыя, яны проста будуць абавязаныя мяне адпусьціць, каб гэтую прадукцыю распаўсюдзіць. Інакш у ёй няма сэнсу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG