Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты тыдзень выбарчай кампаніі па абраньню дэпутатаў мясцовых саветаў можна назваць пэрыядам скаргаў і пратэстаў. Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 318 асобам. Большая палова зь іх абскардзіла гэтыя рашэньні. Аднак толькі кожную пятую скаргу задавальняюць.

Скаргі, як тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, разглядаюць вышэйстаячыя выбарчыя камісіі:

«Гэта азначае: калі грамадзянін не зарэгістраваны як прэтэндэнт у сельскі савет, ягоную справу будзе разглядаць раённая камісія. Калі яму адмовілі на раённым роўні, то трэба зьвяртацца ў абласную камісію».

Павал Севярынец
Колькасьць скаргаў перавышае колькасьць асобаў, якія іх падалі. Справа ў тым, што некаторыя кандыдаты балятаваліся адразу ў саветы некалькіх роўняў. Менавіта няўвага да гэтага з боку камісіяў прывяла да блытаніны і стала падставай для скаргаў. Напрыклад, у Баранавічах — кажа сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі БХД Павал Севярынец:

«Нашаму кандыдату камісія ўклала падпісны аркуш з раённага савету ў дакумэнты абласнога. І таму яму адмовілі ў рэгістрацыі, Сказалі, што вы ня можаце быць зарэгістраваны ў абласны савет, бо зьбіралі подпісы не па той акрузе, ды яшчэ і ліст падпісалі няправільна. Ён тлумачыць: гэта ж мае подпісы з раённай акругі, чаму вы іх паклалі не туды? Адказ: нічога ня ведаем, вы не зарэгістраваны».

Сяргей Вазьняк
У Менску гарадзкая выбарчая камісія задаволіла кожную трэцюю скаргу. Сяргей Вазьняк, сябра камісіі ад партыі «Справядлівы сьвет», наракае на нізкую кваліфікацыю супрацоўнікаў раённых камісіяў:

«Усё-ткі цьверджаньні Ярмошынай, Лазавіка пра тое, што ў камісіях працуюць адукаваныя, дасьведчаныя, годныя людзі, не вытрымліваюць крытыкі. Яны робяць дзіцячыя, недарэчныя памылкі. У тым ліку і старшыні раённых камісіяў, хаця яны ачольваюць гэтыя камісіі ўжо па некалькі тэрмінаў».

У якасьці канкрэтнага прыкладу Сяргей Вазьняк распавёў наступную гісторыю:

«Раённая камісія пачала правяраць подпісы выбарцаў. І знайшла пэўную колькасьць несапраўдных. Але іх было менш за 15%. І пачалі другую праверку. А ў Выбарчым кодэксе ясна запісана — другая порцыя подпісаў правяраецца толькі тады, калі ў першай праверцы выявілі больш за 15% несапраўдных. Людзі не змаглі рашыць простую, элемэнтарную матэматычную задачу».

Ўладзімер Нісьцюк
Зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты сталічнага гарсавету па Жудроўскай выбарчай акрузе, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк ужо распачаў сваю агітацыйную кампанію. Ён кажа, што нічога надзвычайнага ў ягонай працы няма:

«Ёсьць магчымасьць сустракацца з выбарцамі, як кажуць, вочы ў вочы. І гэта самае галоўнае. Я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах таму, што ў мяне ёсьць чым заняцца ў межах выбарчай акругі

На Магілёўшчыне апазыцыйныя кандыдаты незадаволеныя месцамі, выдзеленымі для агітацыі й сустрэчаў з выбарцамі. Справядлівасьці апазыцыянэры дабіваюцца скаргамі.

Эдуард Брокараў
Горацкі актывіст партыі БНФ Эдуард Брокараў сьцьвярджае, што для сустрэчы з выбарцамі сваёй акругі яму выдзеленыя месцы на тэрыторыі суседняй. Кандыдат у дэпутаты ўжо пасьпеў паскардзіцца ў раённую, акруговую выбарчыя камісіі, а таксама ў Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі:

«Я ім прапанаваў прывесьці графік гэтых сустрэчаў у адпаведнасьць са здаровым сэнсам, бо гэта парушэньне маіх правоў як кандыдата й правоў выбарцаў, якія павінны мець магчымасьць сустрэцца з кандыдатам па месцы свайго жыхарства, а не ісьці на другі канец гораду».

У Добраўскай выбарчай акрузе, па якой балятуецца апазыцыйны кандыдат, зь ягонымі прэтэнзіямі не згаджаюцца й заяўляюць, што Горацкі райвыканкам прымаў рашэньні ў інтарэсах выбарцаў:

Некаторым прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты даводзіцца шукаць справядлівасьці ў судзе. Так, Менскі гарадзкі суд абавязаў выбарчую камісію Савецкага раёну сталіцы зарэгістраваць актывіста стваранай партыі БХД Рыгора Літвіна кандыдатам у дэпутаты па 46-й Куйбышаўскай акрузе:

«Мне ўжо патэлефанавалі з камісіі і папрасілі хутчэй прынесьці фатаграфію для выбарчага пляката».

Раённая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што ён ня ўнёс у дэклярацыю аб маёмасьці ўчастак зямлі. Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат даказваў, што гэты ўчастак ён прадаў яшчэ шэсьць гадоў таму. Менская гарадзкая выбарчая камісія, куды ён спачатку зьвяртаўся, таксама не падтрымала яго скаргу. І толькі суд унёс яснасьць у гэтую справу.
XS
SM
MD
LG