Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцёма Дубскага ў калёніі пачастуюць фарбаванымі яйкамі і пірагамі


Маці Арцёма Дубскага атрымала з калёніі ліст з тлумачэньнямі, чаму няма лістоў ад сына. Андрэй Бандарэнка распавёў пра ўмовы ўтрыманьня на «Валадарцы». На працэсе ў Вярхоўным судзе прагучалі выказваньні Ўладзімера Асіпенкі супраць Мікалая Аўтуховіча.

Алена Дубская
Алена Дубская кажа, што ад сына зьвестак дагэтуль няма. Ужо болей за два тыдні Арцём Дубскі ня звоніць і не дасылае лістоў. Затое прыйшоў ліст з адміністрацыі калёніі, у якім маці патлумачылі, чаму ад Арцёма няма лістоў. Нібыта вязень сказаў, што яму няма пра што пісаць і хапае тэлефанаваньняў. Аднак цяпер у яго скончылася тэлефонная картка. Алена Дубская спадзяецца, што днямі сын пазвоніць ужо па красавіцкай картцы. На пытаньне, ці будзе Арцём неяк адзначаць Вялікдзень, Алена Дубская распавяла пра размову, пачутую падчас яе апошняга наведваньня калёніі:

«Там прыйшла маці аднаго хлопчыка і пыталася, як будзе на Вялікдзень, бо яе сын вернік. Дык адказаў намесьнік начальніка калёніі, Елісеенка, што ім там будуць даваць на Вялікдзень яйкі фарбаваныя, булкі, калдуны і што будзе канцэрт».

Зьміцер Лаеўскі
Адвакат Зьміцер Лаеўскі працягвае азнаямленьне з пратаколам судовага паседжаньня па справе Андрэя Бандарэнкі. Калі будзе разгляд скаргі Бандарэнкі на прысуд, яшчэ ня вызначана. Актывіста АГП прызналі вінаватым у крадзяжы праз махлярства і асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Трымаюць вязьня ў ізалятары на Валадарскага. Адвакату Лаеўскаму сталі вядомыя умовы ўтрыманьня:

«Камэра — 30 квадратных мэтраў, зь якіх 2,5 займае прыбіральня. І вось на гэтых астатніх мэтрах знаходзяцца 50 чалавек. Вэнтыляцыі ніякай, і калі зачыняюць гэтую дзірку ў дзьвярах, то, як кажа Бандарэнка, кандэнсат проста цячэ па сьценах. Адпаведна, лістоў не прапускаюць, ані ад яго, ані яму. Прэсы таксама няма. Але збольшага настрой добры, баявы».

На працэсе над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах, працягваецца допыт сьведак і паралельна пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор Эльдар Сафараў папрасіў пачаць агалошваньне матэрыялаў з дакумэнту, які журналісты ўжо назвалі сэнсацыйным. Гэта пратакол запісу праслуханай размовы Ўладзімера Асіпенкі з двума супрацоўнікамі Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Размова адбылася ў ізалятары, дзе сядзеў Асіпенка, 20 лютага 2009 году, праз 12 дзён пасьля арышту Асіпенкі і Аўтуховіча. Уладзімер Асіпенка ня ведаў, што размова запісваецца, прычым ягоныя суразмоўцы запэўнівалі яго, што запіс не вядзецца. Суразмоўцы Асіпенкі пачалі ўгаворваць яго даць паказаньні на Мікалая Аўтуховіча і гэтым пазьбегнуць больш суровага пакараньня. Вось некаторыя цытаты з гэтай гутаркі.

Асіпенка: «Ува што ён мяне ўцягнуў? Ён уцягнуў мяне, вольна ці нявольна, ува ўсе гэтыя падпалы. Я ня ведаў, што ён іх рыхтуе, але потым супаставіў некаторыя факты і пра нешта даведаўся. І ён сам мог нешта сказаць. Але паказаньні дае Паўтарак, дае Ларын, што нібыта я там прысутнічаў, калі там ледзь ня схемы малявалі. Але гэта ўсё няпраўда».

Аднак падчас допыту Уладзімер Асіпенка заявіў, што сказаў гэта пад псыхалягічным ціскам: нібыта яму абяцалі хуткае вызваленьне і выкарыстоўвалі складаную сытуацыю ў сям’і. Уладзімер Асіпенка сказаў, што пра замовы Аўтуховічам падпалаў і замаху на Саўчанку яму паведамілі апэратыўнікі. Што да сябе, Уладзімер Асіпенка прызнаў, што званіў у калёнію знаёмаму Аўтуховіча, асуджанаму за падпал. Таксама Асіпенка не адмаўляе, што паказаў Ларыну дом Уладзімера Саўчанкі. Таму маўляў, што побач зь ім плянавалі акцыю падтрымкі Аўтуховіча, які сядзеў у турме. Гэтыя свае учынкі Асіпенка назваў глупствам.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
XS
SM
MD
LG