Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

— Як гэта сумна! — прамармытаў раптам Дорыян Грэй, усё яшчэ не адводзячы вачэй ад свайго партрэта. — Як сумна! Я састарэю, стану брыдкім вырадкам, а мой партрэт будзе вечна малады. Ён ніколі ня стане старэйшым, чым у гэты чэрвеньскі дзень... Ах, калі б магло быць наадварот!


О. Уайльд


Вялікі джыхад за аб’ектыўнасьць і ўсёахопнасьць партрэту кандыдата ў народныя выбраньнікі, як вядома, быў пачаты самым калярытным пэрсанажам нашых вясновых элекцыяў Яўгенам Ліпковічам. Ну, вы памятаеце фразу, што выклікала яго абурэньне: «Калі казаць пра партрэт патэнцыйнага кандыдата, то гэта прадпрымальнік: прыватны ці ў рангу кіраўніка буйнога прадпрыемства, акцыянэрнага таварыства». Самавіты і, як уяўляецца, вельмі сьпелы, мусібыць, чалавек. Намаляваны ў павольнай акадэмічнай манэры, без экспрэсіянісцкіх крыўляньняў, без экспэрымэнтатарства, без эксцэсаў. Манумэнтальнасьць — кшталту Савіцкага альбо Кішчанкі — таксама недарэчная; лепш за ўсё падышоў бы сьціплы натурморт. Мясцовы кандыдат павінны быць у ідэале просты й лагодны, як букет бэзу на падваконьні.


Якая ж атрымліваецца выява рэальнасьці, наколькі яна адпавядае патрабаваньням мастацтва — найважнейшага зь цяперашніх мастацтваў, — абіраць і быць абраным? niadzvietski назірае за атачальнай перадвыбарнай мясцовасьцю з зацікаўленасьцю палітычнага актывіста: то ў адной, то ў іншай акрузе ў яго знаходзіцца за каго пазаўзець. Паводле яго статыстычных падлікаў, кандыдат досыць сьвежа выглядае: сярэдні ўзрост яго па Чыгуначнай выбарчай акрузе № 20 — 30,7 году; па Аэрафлоцкай акрузе № 18 — 41,2 году. І прадпрымальніцкага духу ў ім няшмат: усё больш несуцішная, непрыручаная інтэлігенцыя.


Нешматслоўны adrian-shephard ледзь стрымліваў свае эмоцыі, зьдзіўлены збыткам юнацтва, што накіравалася ў мясцовыя органы самакіраваньня. Амаладжэньне крыві ў лякальных цэнтрах, калі не распачаць ніякіх тэрміновых герантакратычных мераў, мае ўсе пэрспэктывы быць: «Падчас прагляду сьпісаў кандыдатаў у дэпутаты менскай гарадзкой рады напрошваецца думка „куды, ..., лезуць гэтыя дзеці?“». Глядзім гады нараджэньня кандыдатаў: 1987... 1991; дзейнасьць: студэнты, студэнты, студэнты... Мабыць, пасада заканадаўца ня робіць уражаньня чагосьці такога, што патрабавала б выкшталцонай адукацыі ды працяглай вучобы.


Затое прынамсі афіцыйнай рэспэктабэльнасьці кандыдацтва патрабуе абавязкова. Так «аўтар васьмі кніг» usovski ад Рэспубліканскай камісіі па выбарах атрымаў вельмі дзіўную клясыфікацыю: «аўтара твораў літаратуры» замест таго роду дзейнасьці, што сам пазначыў у заяве: «пісьменьнік». Прычым, першапачаткова сушукальнік і зусім быў пайменаваны «непрацуючым». Мабыць, татальная неадпаведнасьць прапанаванай натуры шуканаму партрэту дэпутата прымусіла экспэртаў камісіі аблегчыць сваё зьдзіўленьне ў адпаведныя — забойныя для кандыдата — характарыстыкі. Ахрышчаны такім арыгінальным чынам, працаўнік пяра і паперы знаходзіцца ў зьлёгку раздражнёным зьдзіўленьні:


«Ня тое,каб мне кроў з носу жадалася лічыцца „пісьменьнікам“ — але ў нашай лясіста-багністай глухмені на выбары (тым больш — на мясцовыя выбары, якія, па вялікім рахунку, нічога не вырашаюць) ходзяць галоўным чынам пэнсіянэры. А для гэтых людзей прафэсія кандыдата — „аўтар твораў літаратуры“ — не зусім зразумелая, больш за тое, папахвае нейкай апазыцыйнасьцю. А вось „пісьменьнік“ у нашых палястынах — гучыць важка і годна (у адрозьненьне ад вялікіх гарадоў і ўнівэрсытэцкіх цэнтраў, дзе гэтая прафэсія ўжо даўно — падобна рамяству афіцыянта ці мыйшчыка машын на запраўцы). Але „пісьменьнікам“ спадарыня Ярмошына лічыць мяне ніяк не жадае.... З-за чаго ж гэта?»


Але ўжо калі кандыдат абмінуў усе мажлівыя і выабражальныя пэрыпэтыі фэйс-кантролю, яго чакае ганаровае месца на прахалоднай прасторнай інфармацыйнай дошцы і пяць шчодрых хвілінаў радыёэтэру. Апошнія, праўда, маюць шанец таямнічым чынам згубіцца сярод струменя навінаў і іншага звычайнага зьместу радыёпраграмаў.


«Мой знаёмы які слухае радыёкропку, паведаміў што майго перадвыбарчага выступу не трансьлявалі.


Радыётрансьляцыя праграмаў кандыдатаў у дэпутаты абласнога Савета скончылася ў 18:10 выступам нейкага доктара, які ідзе ад улады. Акурат пасьля гэтага пачаліся навіны»,


дзеліцца сумнай навіною кандыдат zarembiuk.


Ня кожнаму пашчасьціць мець сярод знаёмых слухача радыёкропкі, таму дамалёўваць партрэт кандыдата ў дэпутаты лепш на падставе самых пэўных — глядзельных — дадзеных. Хтосьці не далічыўся пяці хвілінаў этэру, а хтосьці спрабуе выкарыстаць усю даступную прастору вольнай агітацыі, то бок інфармацыйны стэнд, для захаваньня сваёй выявы ў максымальным ліку дублікатаў. z-hunter паведамляе пра цікавае, тыпова беларускае назіраньне:


«У нас тут будуць выбары ў мясцовыя Саветы. На прыпынку перад унівэрмагам „Беларусь“ адмыслова ўсталявалі інфармацыйны стэнд, які, мабыць, павінен дапамагчы выбарнікам у выбары свайго кандыдата.


Удумлівае вывучэньне прапанаваных кандыдатураў паказала іх поўную ідэнтычнасьць; гэта адзін і той-жа лісток у трох асобніках. Для тых жа, хто яшчэ ня вызначыўся, каму аддаць свой голас, са зваротнага боку налеплена яшчэ тры такіх жа. Такім чынам, усякая памылка пры галасаваньні выключаецца».


Што ж, ці выразьнейшае цяпер аблічча народнага выбраньніка? Складаецца адчуваньне, быццам за мальбэртам нястомна працуюць некалькі мастакоў. Яны крыжуюць пэндзьлі накшталт баявых шпагаў, разьлютавана накладваюць пігмэнт і працуюць скрабком... Вынік, магчыма, будзе нечаканасьцю для іх саміх.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG