Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хрушчоўцы” не пашанцавала, бо яе ня бачыць Лукашэнка


Жыхары дома № 4 па вуліцы Астроўскага ў Магілёве пагражаюць байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы, калі ўлады ня зьвернуць увагі на праблемы іх дома. Людзі патрабуюць капітальнага рамонту «хрушчоўкі», узьведзенай у 1971 годзе. Таксама яны патрабуюць пакараць чыноўнікаў, якія ігнаруюць іх звароты.


Перапіска жыхароў “хрушчоўкі” з чыноўнікамі.
Дом, які ня бачыў капітальнага рамонту ад 1971 году.
Ад папяровага рамонту адыходзяць шпалеры і цячэ столь.
Натальля Зайцава.
Дарогу перад домам і дзіцячую пляцоўку абяцаюць адрамантаваць не адзін год.
Пра людзкую незадаволенасьць паведаміла «Свабодзе» жыхарка збунтаванага дома Натальля Зайцава. Яна вылучалася ў дэпутаты аблсавету, аднак не прайшла этапу рэгістрацыі кандыдатаў. Выявілі несапраўдныя подпісы. Сама яна лічыць, што прычынай гэтаму стала яе рашучасьць у імкненьні вырашыць праблемы сваёй «хрушчоўкі». Гэтую рашучасьць падтрымліваюць і яе суседзі:

«Мы патрабуем правесьці фінансавае й службовае расьсьледаваньне на прадмет выдаткоўваньня выдзеленых на капітальны рамонт нашага дома сродкаў. Прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў і абнародаваць іх пайменна ў сродках масавай інфармацыі. Аргумэнтавана патлумачыць прычыну адмовы ў пастаноўцы нашага дома на капітальны рамонт. Пачаць цеплавую мадэрнізацыю нашага дома ў гэтым годзе», — заяўляе ад імя жыхароў дома Натальля Зайцава.

Як кажа спадарыня Зайцава, «хрушчоўка», у якой жывуць амаль дзьве сотні чалавек, — у аварыйным стане. Цячэ дах, трашчаць панэлі, згнілі аконныя рамы. У аварыйным стане каналізацыя і электраправодка. Неўпарадкаваны двор.

Хібы свайго жытла называе й жыхарка дому Валянціна:

«Наагул дзьме з вакон. Я й замазвала, і швы, калі фарбавалі падлогу, анучкамі затыкала. Яно ўсё адно дзьме. Хоць і пліткай закладзена. І вільгаць. Вось тут клеіць і нельга. Шпалеры во шубай падымаюцца, і ўсё».

Са сваім клопатам людзі намагаліся патрапіць на прыём да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Станіслава Барадаўкі, але марна.

«Сказалі, у прыватным парадку. А ў прыватным парадку патрапіць да мэра з такімі пытаньнямі немагчыма. Напрыклад, да Шорыкава не дапускалі», — кажа жыхарка дому Вольга.

Даймалі людзі й дзейных дэпутатаў. Хадзілі да іх на прыём. Пра сустрэчу з дэпутатам аблсавету Міхаілам Пузевічам апавядае Натальля Зайцава:

«Ён пачаў з агітацыі: я вам прапаную галасаваць за тых, у каго ёсьць адміністрацыйны рэсурс. У сваёй справаздачы ён не сказаў пра ніводную сваю ініцыятыву, зь якой бы ён выступіў на сваіх сэсіях. Навошта нам наагул гэтыя дэпутаты, якія абсалютна нічога не вырашаюць?»

Дэпутатка гарсавету Марына Снытка наагул праігнаравала звароты выбарцаў.

Паводле папераў, якія дасылаюць чыноўнікі, «хрушчоўка» неаднойчы ўжо рамантавалася. Першы раз — у 2004-м, другі — у 2006-м. Папяровы рамонт зьбіраліся рабіць і сёлета.

«А ў студзені нам сказалі, што да 2015 году нас наагул няма ў сьпісах. Будзем дабівацца свайго да канца, бо іншага выйсьця няма. Далей выйдзем на пікет пад гарвыканкам. А як яшчэ?»

Людзі жартуюць, што іх дому не пашанцавала зь месцам яго ўзьвядзеньня. Калі Лукашэнка наведвае Магілёў, то яго шрубалёт прыземляцца за паўкілямэтра ад яго. З вуліцы Астроўскага, па якой кіраўнік дзяржавы праяжджае ў гарадзкі цэнтар, «хрушчоўкі» не відаць, а то даўно б адрамантавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG