Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць


Мне пашанцавала: у маім жыцьці здарылася ня так шмат падзеяў, якія хацелася б забыць, выкрасьліць з памяці. Не давялося -- прынамсі, пакуль што -- перажыць вайну, турму або канцлягер, катаваньні, страты, катастрофы… Але, вядома, такія-сякія ўспаміны няблага было б прыбраць.

Гадоў дваццаць таму мы зь сябрамі, забраўшыся ў нейкі цёмны менскі мікрараён, былі на горкі яблык зьбітыя мясцовымі калдырамі. Аднойчы ў юнацтве я стаў ахвяраю шматлікіх і нахабных у той час валютчыкаў: дагэтуль не дае спакою прымітыўнасьць спосабу, якім мяне хутка і спраўна абдурылі. Ня менш сорамна прыгадваць напышлівыя нэкралёгі, якія пісаў калісьці на замову адной газэткі. Хочацца забыцца і на пэўныя даты: напрыклад, на 14 траўня 1995 года, дзень, калі цёмныя калдыры зноў сьвяткавалі перамогу. Увогуле, добра было б ачысьціць памяць ад усялякае непатрэбшчыны і сьмецьця: вось, скажам, я ведаю на памяць такія радкі:

“Фантазёр” -- ты меня называла,
“Фантазёр, мы с тобою не пара!”
Ты умна, ты прекрасна, как фея,
Ну а я – я люблю всё сільнее”.

Чаму, навошта я памятаю гэтую невядома калі пачутую па радыё кантату? Дзеля чаго? Мяне ніколі не цікавіла эстрада: ні жывая, ні мёртвая, ні пад фанаграму, ні пад этна-соўсам. Але калі пабудзіць мяне ўначы і прамовіць: “Фантазёр”,
Памяць - як цыбуліна.
мая рэакцыя будзе імгненнай: “Ты меня называла”, -- скажу я не задумваючыся. Больш за тое, я памятаю матыў гэтай цудоўнай песьні і нават імя сьпевака магу назваць: Яраслаў фон Еўдакімаў. Дзе ён, што ён, чыіх ён, адкуль ён узяўся ў маім жыцьці? На што намякае памяць, выкідваючы такія штукі?

На мой погляд, самае ўдалае параўнаньне для памяці знайшоў Гюнтэр Грас: ён уявіў памяць як цыбуліну, зь якой паволі здымаюць слой за слоем, агаляючы сваё мінулае – і пры гэтым плачуць. Зьвярнуўшыся да пражытых гадоў, герой ягонай аўтабіграфічнай кнігі “Цыбуліна памяці” знаходзіць процьму ўласных фон еўдакімавых, і кожны зь іх каштоўны і важны – праўда, ён часам сумняваецца, ці існавалі яны насамрэч.

Henry Gray, "Anatomy of the Human Body", 1918

Памяць незалежная і свавольная, ёй не заўсёды варта верыць: выдаць Тарквата Таса за Цінта Браса ёй раз плюнуць. Нядаўна ў адным блогу пра мяне напісалі, што я маю чорныя, як смоль, валасы (насамрэч я ўжо напалову сівы і ніколі ня быў брунэтам). Чалавек, які пісаў гэта, бачыў мяне зблізку – і тым ня менш... Мы можам натрэніраваць памяць, але выдрэсіраваць яе, навучыць выконваць кожны загад – не. Памяць мае дзіўную звычку захоўваць дэталі і пагарджаць маштабам. Памяць здраджвае лёгка, як камандзіровачны, бо жыве паводле сваіх законаў. Памяць любіць складаць легенды; наша памяць сьляпая, як Гамэр, і балбатлівая, як састарэлы Адысэй.

У цяперашніх людзей, калі параўнаць іх з тымі, хто жыў у часы антычнасьці, памяць даволі слабая, бо незапатрабаваная.
Памяць здраджвае лёгка.
Капусьцінскі пісаў пра часы Герадота: “Чалавек ведаў столькі і выключна столькі, колькі магла захоўваць ягоная памяць”. Памяць, па вялікім рахунку, павінна адчуваць сябе пакрыўджанай у нашую эпоху, бо яе мала выгульваюць. Сучасны чалавек ня любіць запамінаць, у яго пад рукой бібліятэка і інтэрнэт, ён “жыве ў атачэньні раскладзенай па палічках памяці” (Капусьцінскі). Заняпад пачаўся ўжо ў часы Гутэнбэрга і Скарыны і цяпер дасягнуў свайго апагею. Нічога ня маю супраць прагрэсу, але шкада яе, старой добрай чалавечай памяці – як бывае нясьцерпна шкада нямецкай маркі ці славенскага толара, што адышлі ў нябыт.

Яе можна і трэба разьвіваць і адраджаць, нашую здольнасьць да запамінаньня. Некаторыя напаўмэдычныя сайты прапануюць такое нескладанае практыкаваньне: штодня на працягу трыццаці сэкундаў вадзіць вачамі ўлева-ўправа: кажуць, пасьля такой трэніроўкі памяць паляпшаецца на 10 адсоткаў. Можа, таму ў юнацтве я меў выдатную памяць – бо толькі тым і займаўся, што чытаў, чытаў усё на сьвеце, а што ёсьць чытаньне, калі не ваджэньне зрэнкамі туды-сюды. Я і цяпер кніжны чарвяк, але ўзрост, алькаголь, тытунь і крывавы рэжым робяць сваю чорную справу, і я ўжо не магу паўтарыць на памяць васьмістрофны верш, толькі раз яго прачытаўшы. Цяпер кожнае дзіця абыграе мяне ў мэма. Каб палепшыць памяць, трэба есьці больш жалеза. Зрэшты, можна і паберагчы зубы: часам памяці дастаткова і пірожных з гарбатай – як гэта апісана ў знакамітым рамане Пруста.

Яшчэ адзін вядомы сродак разьвіваць памяць – вучыць замежныя мовы. Праўда, паводле спэцыялістаў, найлепшы ўзрост для гэтага – да дзесяці гадоў. У шэсьцьдзесят мову ня вывучыш, але прымусіць сваю памяць папыхцець можна, ёй гэта карысна.

Сальвадор Далі. Няспыннасьць памяці, 1931

Памяць бывае ня толькі доўгатэрміновай, кароткатэрміновай і проста кароткай, гістарычнай, народнай, дзявочай і г.д. Самую незвычайную памяць маюць эйдэтыкі, людзі з фатаграфічнай памяцьцю. Гэты фэномэн быў адкрыты сто гадоў таму. Эйдэтыкам дастаткова адзін раз прачытаць нешта, каб потым пры жаданьні аднавіць прачытанае ў любы час зь неверагоднай дакладнасьцю. Паводле дасьледчыка Кох-Гілебрэхта, такім быў Гітлер: фюрэр часта зьдзіўляў сваёй памяцьцю падначаленых, якія называлі яго геніем. Для самавукаў (да якіх належаў і Гітлер) эйдэтычныя здольнасьці – сапраўдны падарунак; нават маючы інтэлект ніжэйшы за сярэдні, яны робяць уражаньне бліскуча адукаваных людзей.

Запомніць можна ўсё – іншая справа, як хутка гэта забудзецца, ці, інакш кажучы, як хутка гэтае ўсё выправіцца ў бяздонны трум нашае сьвядомасьці, дзе застанецца да лепшых часоў. Памяць любіць, калі ёй даюць працу. Нямецкі псыхоляг Эбінгаўз дасьледаваў здольнасьці памяці на сабе.
Запомніць можна ўсё.
Ён прымушаў сябе запамінаць дзясяткі і сотні бессэнсоўных кароткіх складоў і высьветліў, што спачатку яны запамінаюцца вельмі марудна, але чым даўжэй займаешся тупым паўтарэньнем, тым эфэктыўней працуе памяць. Так Эбінгаўз навукова даказаў неабходнасьць таго, што называюць “зуброжка”. Даволі часта даводзіцца чытаць мэмуары людзей ХІХ стагодзьдзя, якія вучылі ў гімназіях лаціну – бальшыня зь іх, скончыўшы вучобу, ніколі больш не карысталася гэтай настолькі ж велічнай, наколькі і мёртвай мовай, і тым ня менш яны да самага скону памяталі, як спрагаюцца лацінскія дзеясловы.

Напэўна, уменьне забываць – усё ж ня менш важнае за ўменьне памятаць. Забываньне выклікаецца інстынктам самазахаваньня. Калі б ня здольнасьць забываць, людзі даўно б перарэзалі адно аднога. Бо памяць захоўвае крыўды, жывіць прагу помсты, добрая, учэпістая памяць – прычына вэндэтаў, памяць не дае скончыцца войнам. Не памяць, а своечасовае забыцьцё, забываньне ратуе народы, краіны, чалавецтва. Нічога добрага няма там, дзе “нішто не забыта, ніхто не забыты” – гэты лёзунг, які палохае дзяцей і нямецкіх турыстаў, сваё відавочна аджыў. У фразе, якая пачынаецца са словаў “мы не забудзем” заўжды чуецца нешта пагрозьлівае. Усё адно “всё умчітся как дым без тревог і потерь”, сьпяваў Яраслаў фон Еўдакімаў, а яму можна верыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG