Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: асоба адной з тэрарыстак устаноўленая


Джэнэт Абдурахманава з мужам Умалатам Магамэдавым

Джэнэт Абдурахманава з мужам Умалатам Магамэдавым

Расейскія мэдыі, спасылаючыся на крыніцы ў праваахоўчых органах, паведамілі, што адной з тэрарыстак, якія ўчынілі выбухі ў маскоўскім мэтро 29 сакавіка, была 17-гадовая ўраджэнка Дагестану Джэнэт Абдурахманава. Зьявіліся дапушчэньні, што другой тэрарысткаю была 20-гадовая жанчына з Чачні.


Газэта “Коммерсант” апублікавала здымак Абдурахманавай. Паведамляецца, што жанчына была ўдавою па адным зь лідэраў мясцовых сэпаратыстаў Умалату Магамэдаву, забітаму падчас апэрацыі сілавых структур 31 сьнежня мінулага году.

Паводле інфармацыі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, Магамэдаў належаў да блізкага атачэньня лідэра паўночнакаўкаскіх ваеўнікоў Доку Ўмарава. “Коммерсант” піша, што Абдурахманава пазнаёмілася з Умаравым праз інтэрнэт, калі ёй было 16 гадоў. Расейская газэта дапускае, што па загубе Магамэдава ідэолягі вагабізму пераканалі дзяўчыну аддаць жыцьцё, каб адпомсьціць за мужа.

Праваахоўчыя органы Дагестану сёньня пацьвердзілі, што асоба адной зь сьмяротніц устаноўленая “амаль з стопрацэнтнай упэўненасьцю” – размова ідзе менавіта пра Абдурахманаву.

Адносна другой сьмяротніцы зьявіліся дапушчэньні, што ёй была народжаная ў Чачні 20-гадовая Марха Ўстарханава. Газэта “Труд” піша, што і яна была ўдавою па паўстанцу – забітым у кастрычніку 2009 году Саіду-Эміну Хізрыеву, які, згодна з расейскімі крыніцамі, рыхтаваў замах на прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава.

Тым часам колькасьць ахвяраў двух выбухаў на станцыях маскоўскага мэтро “Лубянка” і “Парк культуры” вырасла да 40 чалавек. Раненьні рознай ступені цяжкасьці атрымалі 95 людзей, звыш 80 зь іх знаходзяцца на лячэньні ў маскоўскіх бальніцах.
XS
SM
MD
LG