Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзьнікі дакараюць і абражаюць адзін аднаго


У афіцыйным беларускім календары сёньняшні дзень пазначаны як Дзень яднаньня народаў Расеі і Беларусі. Але за амаль паўтара дзясятка гадоў дэкляраваныя саюзьнікі дайшлі да адкрытага супрацьстаяньня і публічных абразаў на высокім узроўні. Гандлёвыя войны і палітычны шантаж сталі звыклай зьяваю ў выбудоўваньні адносінаў Масквы і Менску.


Напярэдадні 2 красавіка, калі фармальна адзначаецца 14-я гадавіна падпісаньня Дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, бакі абмяняліся крытычнымі выказваньнямі на адрас адзін аднаго. 30 сакавіка, у дзень абвешчанай у Маскве жалобы па ахвярах тэрактаў у мэтрапалітэне, Аляксандар Лукашэнка згадаў пра амбіцыі “старэйшага брата”:

“Мы апынуліся ў сур'ёзнай залежнасьці ад адной краіны па шмат якіх пазыцыях. Як мы ні спрабавалі выбудаваць нашы раўнапраўныя адносіны ў Саюзнай дзяржаве, у СНД, усё больш і больш пачалі выяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата. І пра гэта сёньня трэба гаварыць адкрыта. Хоць хто не разумее і ня бачыць гэтага зь ліку нашых чыноўнікаў, чальцоў ураду ці нават простых людзей, нашай інтэлігенцыі? Мы цярпліва выбудоўвалі стасункі з нашым галоўным партнэрам, але, на жаль, апошнім часам ня ўсё атрымліваецца. Дый раней праблемаў хапала. Таму, натуральна, гэта клясыка — трэба дывэрсыфікаваць нашы адносіны”.

А напярэдадні са скандальнай заявай выступіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін. Падчас сьвяточнай прэс-канфэрэнцыі, адказваючы на пытаньне — як ён ставіцца да думкі амбасадара Беларусі ў Расеі Васіля Даўгалёва, які лічыць, што больш намаганьняў трэба накіроўваць не на будаўніцтва саюзнай дзяржавы, а на стварэньне Мытнага саюзу, — Барадзін сказаў:

“І Казахстан, і Ўкраіна таксама, а ў найбліжэйшы час і ўсе астатнія нашы рэспублікі павінны ўвайсьці ў нашу Саюзную дзяржаву. Яшчэ раз кажу: ні пра якае ўваходжаньне ў Расею гутарка не ідзе, гаворка вядзецца пра ўзор Эўразьвязу, пра канфэдэрацыйны лад усёй нашай постсавецкай прасторы. Ну, а такіх паслоў трэба пасылаць у адно месца — якое, вы ведаеце...”

Намесьнік дзяржаўнага сакратара, сябра Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол на просьбу Радыё Свабода ацаніць “дэмарш” свайго боса ў адносінах да беларускага амбасадара Васіля Даўгалёва сказаў наступнае:
Ніякага сумленьня ў мяне не было б, каб я камэнтаваў тое, што сказаў Павел Барадзін ...


“Дзякуй вялікі за пытаньне, але Павел Паўлавіч Барадзін зьяўляецца маім начальнікам. І камэнтаваць тое, што сказаў мой шэф, я ня маю ніякага права. Мабыць, ніякага сумленьня ў мяне не было б, каб я камэнтаваў тое, што сказаў Павел Барадзін. Я яго вельмі паважаю, і дазвольце мне, калі ласка, пакінуць без камэнтароў тое, што адказаў на пытаньне журналіста паважаны Павел Паўлавіч. Добра? Дзякуй за разуменьне”.

Спадар Хрол таксама ня стаў паглыбляцца ў пытаньне, ці мусіць на такую “сакавітую” заяву Барадзіна адрэагаваць Міністэрства замежных спраў Беларусі і Васіль Даўгалёў асабіста.

Нягледзячы на спробы захаваць “добрую міну”, рэальныя адносіны паміж саюзьнікамі абвостраныя да максымуму. Увесь мінулы год праходзіў пад знакам гандлёвых войнаў — малочнай, мясной, сельгастэхнікі. Краіны былі за крок ад рэанімацыі паўнавартаснай дзяржаўнай мяжы. Гульня ў прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі каштавала Менску адмовы ў расейскім крэдыце. У Эканамічным судзе СНД ляжыць пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі да ўраду Расеі аб правамоцнасьці спагнаньня мыта на нафту, якая паступае ў Беларусь. Палітычны аглядальнік Пётар Марцаў лічыць, што на фоне гэтых ды іншых супярэчнасьцяў нешта сьвяткаваць абсалютна не выпадае:
Няма дэ-факта саюзнай дзяржавы, і малаверагодна, што будзе...


“Дзень нараджэньня саюзнай дзяржавы — гэта сьвята-фантом. Няма дэ-факта саюзнай дзяржавы, і малаверагодна, што будзе. Прынамсі цяпер адносіны з Расеяй выбудоўваюцца, як зь любой іншай дзяржавай — на ўзаемавыгадных інтарэсах. Так, магчыма, Расея больш крэдытуе Беларусь, чым іншыя краіны. Але ўвогуле гэта зьвязана больш з расейскімі інтарэсамі па транзыце газу і нафты, дый увогуле па транзыце. А так больш нічога. Цяпер у нас суцэльныя войны, спрэчкі і дыскусіі. Таму я ў гэтым сьвяце ня бачу ніякага сэнсу. У нас ёсьць некалькі дэклярацый, агучаных кіраўніком дзяржавы: Беларусь — сувэрэнная незалежная краіна, са шматвэктарнай зьнешняй палітыкай. І мы наладжваем адносіны з рознымі краінамі, нават з самымі далёкімі, як Вэнэсуэла. І якіхсьці “асаблівых” адносінаў з Расеяй сёньня ўсё меней і меней”.

Папулярны расейскі пісьменьнік і публіцыст Віктар Ерафееў гэтаксама схільны лічыць саюзную дзяржаву “фантомам”. Па яго словах, ніякага яднаньня не адбываецца, бо сапраўдныя саюзьнікі так сябе не паводзяць:
Пра саюзную дзяржаву я даведваюся толькі на мяжы...


“Пра саюзную дзяржаву я даведваюся толькі на мяжы. Даведваюся, што яна існуе, па тым, што для грамадзянаў Беларусі і Расеі ёсьць адзін уваход, а для ўсіх астатніх — іншы ўваход у краіну. Але пасьля гэтага, увайшоўшы ў краіну, разумееш, што гэта, вядома, віртуальная рэальнасьць, калі ня фікцыя. Асабіста я да гэтага саюзу ўвогуле ня маю якіхсьці вялікіх прэтэнзій, таму што ён дзесьці вельмі далёка ад мяне. Але, зь іншага боку, — сказаць, што на ўзор гэтага саюзу яшчэ хтосьці гарэў бы жаданьнем аб'ядноўвацца, яшчэ нешта адбывалася б у гэтым кірунку, то думаю, што гэта і не атрымаецца. Дый, напэўна, наўрад ці гэта гісторыі і патрэбна”.

У амбасадзе Беларусі ў Маскве адмовіліся гаварыць на тэму магчымых захадаў у сувязі з абразай амбасадара Васіля Даўгалёва з боку кіраўніка наднацыянальнай структуры Паўла Барадзіна. Дзяжурны патлумачыў гэта тым, што сам спадар Даўгалёў задзейнічаны ў сьвяточных мерапрыемствах, а для супрацоўнікаў дыпмісіі сёньняшні дзень прыраўнаваны да выходнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG