Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы супрацоўнік амбасады Латвіі ў Менску судзіцца за пэнсію выведніка


Латвійскі дыплямат Андрыс Спуліс, які на пачатку 2000-х працаваў другім сакратарам амбасады Латвіі ў Беларусі, а потым быў пераведзены на адказную працу ў латвійскую замежнапалітычную місію ва Ўкраіне, публічна рассакрэціў сябе як выведнік.


Напярэдадні ў інтэрвію латвійскаму выданьню Neatkarīgā rīta avīze кадравы дыплямат прызнаўся, што да свайго сыходу на пэнсію ў 2009 годзе ён адначасна быў супрацоўнікам латвійскай выведкі SAB (па беларуску БАК — Бюро абароны Канстытуцыі).

Сёньня ў латвійскай сталіцы Рызе адбылося адкрытае судовае паседжаньне па справе Андрыса Спуліса, які патрабуе ад SAB выплаты пэнсіі за службу ў выведцы. Тым часам Бюро абароны Канстытуцыі адмаўляе яму ў гэтым, бо апошнім часам пазбавіла свайго супрацоўніка доступу да дзяржаўных таямніц, нібыта з-за таго, што Спуліса пачалі падазраваць у шпіянажы на карысьць Украіны.

Тым часам адвакаты пазоўніка — дыплямата-выведніка перакананыя, што нават такі фармальна-юрыдычны бок справы не дазваляе пазбаўляць іх кліента пэнсіі. Бо з закону аб пэнсіі для супрацоўнікаў SAB вынікае, што выплатаў могуць быць пазбаўленыя толькі тыя асобы, якія атрымліваюць пэнсіі ад іншых дзяржаваў ці былі вызваленыя ад службы ў зьвязку з судовым абвінавачаньнем у наўмысным злачынстве ці дысцыплінарным пакараньнем”.

Паводле адвакатаў, Андрыса Спуліса гэта ніяк ня тычыцца, бо за сваю ўзорную працу выведніка і па сумяшчальніцтве дыплямата ён быў узнагароджаны іменным кінжалам SAB.

Як паведамляюць латвійскія СМІ, рашэньне па Спулісу павінны прыняць 21 красавіка.
XS
SM
MD
LG