Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не ўключылі ў парадак дня веснавой сэсіі разгляд звароту сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — аб прызнаньні іх незалежнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту. Сёньня ў першы дзень працы яны ратыфікавалі “Дамову паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы”.


За ратыфікацыю дамовы з Украінай выказаўся 101 дэпутат — усе, хто ўдзельнічалі ў галасаваньні. Перад гэтым старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Ігар Рачкоўскі ім паведаміў:

“Рашэньне аб ратыфікацыі дамовы прынятае на падставе Пратаколу даручэньня Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ад 11 сьнежня 2009 году № 33 па выніках афіцыйнага візыту ва Ўкраіну”.

Дамову аб дзяржаўнай мяжы падпісалі ў Кіеве яшчэ 12 траўня 1997 году Леанід Кучма і Аляксандар Лукашэнка. Парлямэнт Украіны ратыфікаваў яе праз два месяцы. А ў Менску чакалі амаль 13 гадоў. Ніхто з дэпутатаў не пацікавіўся, чым гэта выклікана. А Ігар Рачкоўскі, адказваючы на іншае пытаньне, ужо на расейскай мове сказаў:

“З прычыны аб’ектыўных і суб’ектыўных абставінаў мы падышлі да яго падпісаньня толькі сёлета”.

Раней беларускія афіцыйныя асобы казалі, што затрымка з ратыфікацыяй дамовы аб мяжы зьвязаная з патрабаваньнем выплаты Украінай доўгу ў некалькі соцень мільёнаў даляраў. Доўг гэты сфармаваўся пасьля распаду СССР, калі ўкраінскія прадпрыемствы не плацілі за прадукцыю сваім беларускім пастаўшчыкам. Украіна ніколі не прызнавала гэты доўг дзяржаўным.

Дык ці будзе цяпер вяртаць Кіеў грошы Менску? А можа, разьлікі ўжо адбыліся? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Ліхавога, які знаходзіўся ў Палаце прадстаўнікоў падчас абмеркаваньня пытаньня аб ратыфікацыі:

“Ва ўсім павінен быць маленькі сакрэт, я так думаю. Тое, што сёньня адбылося, усе бачылі і чулі. А мэханізм гэтай справы не такі ўжо і цікавы. Ведаеце, гэта як у хірургіі. Тут патрэбны сам вынік, а не тэхналёгія апэрацыі. Важна, каб пацыент выздаравеў, доўга жыў і радаваўся жыцьцю.

Бліжэйшым часам будзе 18-е паседжаньне беларуска-ўкраінскай гандлёва-эканамічнай камісіі, дарэчы, пятае на маёй кадэнцыі. І гэта пытаньне там будзе разглядацца таксама. Я ўвайшоў у Авальную залю і выйшаў зь яе, не называючы гэтыя даўгі дзяржаўнымі. Гэта вельмі складаная праблема. Я назваў бы яе пэўнымі праблемамі фінансавага ўрэгуляваньня. І можна сказаць, што гэтае пытаньне ўжо практычна вырашана”.

Паводле слоў Ігара Рачкоўскага, будзе створана беларуска-ўкраінская камісія, якая зоймецца дэмаркацыяй мяжы. На гэта можа спатрэбіцца сама меней дзесяць гадоў, бо мяжа з Украінай складае траціну ўсёй дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
XS
SM
MD
LG