Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З праслухоўваньня Асіпенкі: “Ён будзе героем хадзіць, Кастусём Каліноўскім, а я хто буду — здраднік?”


Уладзімер Асіпенка

Уладзімер Асіпенка

У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў ды іншых злачынстваў.


Сёньня пасьля першага перапынку ў суд не зьявіўся ніхто з выкліканых сьведак, і пракурор Эльдар Сафараў папрасіў пачаць агалошваньне матэрыялаў справы. Першым пракурор выбраў дакумэнт, які журналісты ўжо назвалі сэнсацыйным. Гэта пратакол запісу праслуханай размовы Ўладзімера Асіпенкі з двума супрацоўнікамі Галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС. Размова адбылася ў СІЗА на Валадарскага, дзе сядзеў Асіпенка, 20 лютага 2009 году, праз 12 дзён пасьля арышту Асіпенкі і Аўтуховіча. Уладзімер Асіпенка ня ведаў, што размова запісваецца, прычым ягоныя суразмоўцы запэўнівалі яго, што запіс не вядзецца. Суразмоўцы Асіпенкі пачалі ўгаворваць яго даць праўдзівыя паказаньні і гэтым пазьбегнуць больш суровага пакараньня. Вось некаторыя цытаты з гэтай гутаркі.

“Ён будзе героем хадзіць, Кастусём Каліноўскім. А я хто буду — здраднік?” — казаў, паводле запісу, Уладізмер Асіпенка на прапановы ва ўсім прызнацца.

“Аўтуховіч замовіў і першае, і другое, і трэцяе”, — сказаў нібыта Асіпенка пра падпалы дома Кацубы, гаража Мандзіка і замах на Саўчанку.

“Я зрабіў глупства, і галоўнае глупства — што зь ім зьвязаўся”, — таксама нібыта казаў Асіпенка. Адносна свайго ўдзелу ў справах ён прызнаў толькі, што здагадваўся пра тое, што да падпалаў у Ваўкавыску маюць дачыненьне Аўтуховіч і Ларын, і пазваніў у калёнію ды перадаў падзяку Арцюкевічу.

“Аўтуховіч казаў: трэба рабіць партызанскі атрад”. “Пры чым тут апазыцыя, ён помсьціў за тое, што ў яго адабралі маёмасьць”. “Ён так разумны чалавек, энэргічны, як бізнэсмэн. Але пры гэтым дурань дурнем. У тым сэнсе, што язык — ягоны вораг”. “Аднойчы ён сказаў, што гранатамёт у іх ужо ёсьць. Прывезьлі з Прыбалтыкі”.

Пра сябе Ўладзімер Асіпенка запэўніваў, што ніколі ня бачыў ані гранатамёта, ані абрэза ды іншай зброі, і папярэджваў Аўтуховіча ды Ларына, што “ён у гэтыя гульні не гуляе”.

Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка ставіцца да гэтых запісаў як да выказваньняў аднаго чалавека, якія “не падмацаваныя іншымі доказамі”. “Паслухаем сам аўдыёзапіс размовы, а потым тое, што скажа Асіпенка падчас допыту”, — сказаў адвакат. Адвакат Асіпенкі Тамара Сідарэнка сказала, што празь некалькі дзён на афіцыйным допыце яе падабаронны “шмат чаго з гэтага не казаў”.

У другой палове дня будзе праслуханы запіс, які апэратыўнікі таемна зрабілі ў камэры Ўладзімера Асіпенкі 20 лютага 2009 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG