Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі: выклікалі 5 сьведак, зьявіўся адзін


2 красавіка суд у справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі выклікаў сьведкам Івана Навумовіча. Навумовіч праходзіць у эпізодзе пра гранатамёт, знойдзены ў Горадні.


Раней Навумовіч быў судзімы. Адвакат Павал Сапелка пацікавіўся ў сьведкі, ці праўда, што той зьяўляецца крымінальным аўтарытэтам, які наглядае за Ваўкавыскам?

На гэта Навумовіч нічога не адказаў, а толькі ўсьміхнуўся.

Паводле сьледзтва, увосень 2005 году, ужо пасьля таго, як у Горадні знайшлі гранатамёт, Навумовіч падышоў да Асіпенкі з пытаньнем: “Ці ваш гэта гранатамёт?”

На гэта Асіпенка адказаў, што гэта — небясьпечная справа і Навумовіча яна ня тычыцца, паведаміў 2 красавіка сьведка.

На судзе Навумовіч патлумачыў, што запытаўся ў Асіпенкі, бо ведаў, што той і Аўтуховіч маюць сувязь з апазыцыяй. Навумовіч кажа, што больш ніякіх зьвестак пра гранатамёт ён ня меў.

Пазьней Навумовіча затрымалі. Падазравалі, што ён можа мець дачыненьне да гранатамёта. Сьледзтва высьветліла, што ён езьдзіў у Ліпецкую вобласьць Расеі. Меркавалі, што зброю ён мог прывезьці адтуль.

Калі Мікалай Аўтуховіч сядзеў у сьледчым ізалятары, Навумовіча пасадзілі ў тую самую камэру. Гэта выклікала зьдзіўленьне ў судзе, бо звычайна асобаў, які праходзяць па справе, ня садзяць разам.

На судзе Іван Навумовіч прызнаўся, што апэратыўнікі дамагаліся ад яго, каб у камэры ён выведаў у Аўтуховіча пра гранатамёт. Сьведка кажа, што нічога не дазнаўся і нават не зьбіраўся гэта рабіць.
XS
SM
MD
LG