Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечарам 1 красавіка заснавальніка газэты “Витебский курьер” затрымалі. У яго сканфіскавалі 53 паасобнікі выданьня і склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.


Міліцыянты сказалі, што перададуць пратакол у Першамайскі раённы суд Віцебску. Разгляд справы Віктара Рамнёва адбудзецца 8 красавіка.

Спадар Рамнёў з абвінавачаньнем катэгарычны ня згодны: газэта зарэгістравана ў Расеі, друкуецца ў Смаленску, і выходныя дадзеныя пазначаны на апошняй старонцы кожнага нумара.

Мінулым разам суд Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці не прыняў гэтыя аргумэнты да ўвагі. 25 сакавіка міліцыянты Лёзьненскага РАУС затрымалі машыну спадар Рамнёва недалёка ад расейска-беларускай мяжы і сканфіскавалі наклад газэты – 10 тысяч паасобнікаў. А ўвечары таго самага заснавальніка газэты па каралі штрафам з 1,2 мільёны рублёў.

Давесьці, што Віктара Рамнёва чарговы раз затрымалі несправядліва, у Першамайскім РАУС учора спрабавалі праваабаронца Павал Левінаў і кандыдатка у дэпутаты гарсавету Вольга Карач.

Спадарыня Карач заявіла, што хоча быць грамадзкім прадстаўніком Віктара Рамнёва падчас допыту. Міліцыянты гэтага не дазволілі і прыгразілі, што складуць на актывістку пратакол за непадпарадкаваньне.

Пратакол спачатку склалі, але потым зьнішчылі – бо даведаліся, што Вольга Карач балятуецца ў дэпутаты, лічыць праваабаронца спадар Левінаў. Пастарунак затрыманы Віктар Рамнёў і ягоныя паплечнікі пакінулі толькі а палове на першую ночы.

XS
SM
MD
LG