Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня афіцыйнае сьвята — Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. 14 гадоў таму Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб супольнасьці Беларусі і Расеі. А ў сьнежні 1999 году была падпісаная дамова пра так званую саюзную дзяржаву. Але чым старэйшая інтэграцыя, тым больш канфліктаў паміж саюзьнікамі.

Паводле расейскага пасла ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, 2 красавіка стала пачаткам “шырокамаштабнай” інтэграцыі. Але ў 2006 годзе расейскае кіраўніцтва пачало пераводзіць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на раўнапраўныя, узаемавыгадныя і рынкавыя рэйкі. Пасол Сурыкаў адзначыў:

“Рашэньне, якое не бясспрэчна прымалася беларускім бокам, урэшце прынятае — пра пераход на рынкавыя цэны на газ да 2011 году. І мы ў рамках гэтага дзейнічаем. Гэта робіцца для таго, каб у пэрспэктыве мець канкурэнтную эканоміку, якая ў стане жыць без прэфэрэнцыяў у галіне энэрганосьбітаў”.

Паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у інтэграцыйным працэсе пачалі “праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата”, “не ўдаецца дамагчыся справядлівых і празрыстых умоваў гандлю”, “нам закрылі пастаўкі па цукры, потым па малацэ, цяпер паставілі ў няроўныя ўмовы па гандлі тэхнікай”. Упершыню ў гісторыі інтэграцыі Беларусь падала на Расею ў суд за тое, што тая спаганяе мыта на нафтапрадукты. Ці чакаць новых гандлёвых войнаў паміж саюзьнікамі?

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае:

Леанід Злотнікаў
“Не, праз год-два ўжо ніякіх войнаў ня будзе, бо Расея дацісьне Беларусь да пераходу на рынкавыя ўмовы гаспадарчых стасункаў і будзе настойваць на сваім. А ў рынкавых умовах усё проста. На сусьветным рынку гэта каштуе столькі — плаці, і яно тваё. Гэта будзе таньней, чым вазіць тую ж нафту з Вэнэсуэлы і гэтак далей”.

Паводле спадара Злотнікава, саюзу няма, бо не прыняты яго асноўныя дакумэнты, ёсьць толькі дэклярацыі.

“Зараз пазыцыя такая: Расея чакае, пакуль зьменіцца ўлада ў Беларусі, а Беларусь будзе чакаць, пакуль улада і рэжым зьменяцца ў Расеі. І нічога ў бліжэйшыя гады адбывацца ня будзе”.

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, саюз хіба адбыўся ў сфэры транзыту вуглевадароднай сыравіны, і тут ён праіснуе яшчэ пару гадоў. Бо Расея ўжо будуе трубаправоды, якія абмінаюць Беларусь.

Саюзны праект так і ня выйшаў за межы піяр-праекту ў абедзьвюх краінах. Гэта была гульня, абяцанкі і рэвэрансы.

Кірыл Коктыш
“Лукашэнка абяцаў саюз і вырашэньне саюзных праблемаў на рэфэрэндуме 1996 году. Абяцалася да выбараў 2001 году. Але ў 2001 годзе ўжо была не ідэалёгія беларуска-расейскага яднаньня, а ідэалёгія “За Беларусь!” І калі нагадаць выбары, якія былі пасьля гэтага, беларуска-расейскі саюз ужо ня быў легітымацыйным фактарам. Гэта быў даволі кароткі тэрмін на пачатку 90-х. Але казаць, што беларуская ўлада залежыць ад беларуска-расейскага саюзу ў сваім публічным існаваньні, было б ня вельмі карэктна. У эканамічным існаваньні, канечне, залежыць. Але ў ідэалягічным — я б так не казаў”.
XS
SM
MD
LG