Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратыфікацыя дамовы паміж Беларусьсю і Ўкраінай “Аб дзяржаўнай мяжы” значыцца ў папярэднім парадку веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрываецца сёньня. Кіеў ужо шмат гадоў дамагаецца ад Менску афіцыйнага прызнаньня мяжы паміж дзьвюма суседнімі краінамі.

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы 2-га красавіка зьбіраецца на пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў. Ён сказаў мне, што для яго гэта гістарычная падзея:

“Я лічыў бы гэты дзень вельмі шчасьлівым для сябе, калі б мы гэтага дасягнулі. Я – пяты ўкраінскі амбасадар, які займаецца гэтым пытаньнем. Усе ранейшыя ўкраінскія амбасадары займаліся ім. І найбліжэй да фінішу мы знаходзімся сёньня”.

Парлямэнт Украіны ратыфікаваў дамову аб дзяржаўнай мяжы яшчэ ў 1997 годзе. Беларусь цягнула з гэтай працэдурай да сёньняшняга дня. Прычына – у грошах. Украіна вінная Беларусі яшчэ з савецкіх часоў па розных падліках дзесьці паміж 150-250 мільёнамі даляраў. Спачатку Кіеў гэтага доўгу наагул не прызнаваў. Пасьля пагадзіўся разьлічыцца праз пастаўкі сваёй прадукцыі, найперш электраэнэргіі. Але Беларусь хацела атрымаць “жывыя” грошы.

І толькі летась пры асабістай сустрэчы з Віктарам Юшчанкам Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ня бачыць перашкодаў для ратыфікацыі. І дадаў, што перадаў неабходныя дакумэнты ў Нацыянальны сход.

У красавіку ў Менску чакаюць з візытам новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Пасол Ліхавы адзначае:

“Абмен ратыфікацыйнымі граматамі прадугледжваецца зрабіць падчас першай сустрэчы двух прэзыдэнтаў”.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў не лічыць, што магчымая ратыфікацыя ёсьць падарунак новаму прэзыдэнту Ўкраіны. Ён згадвае, што абяцаньне Аляксандар Лукашэнка даваў не Віктару Януковічу, а Віктару Юшчанку:

“Ня думаю, што гэта быў такі падарунак. Тым больш прэзыдэнту, які відавочна ўжо было бачна не ўтрымае ўладу ў сваіх руках. Не было неабходнасьці яму такія падарункі рабіць. Я думаю, што знайшлі нейкае выйсьце з сытуацыі”.

Пад выйсьцем спадар Фёдараў разумее, напрыклад, дамоўленасьці пра тое, што Ўкраіна прадасьць Беларусі электрычную энэргію па таньнейшым коштам, зробіць скідкі пры перавозцы нафты з Адэсы ў Мазыр ці нешта падобнае на гэта.

Пасьля ратыфікацыі дамовы ў Беларусі будзе створаная супольная камісія, якая і зоймецца працэсам дэмаркацыі мяжы. Працягласьць гэтых работ можа скласьці да дзесяці гадоў, заявіў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігар Рачкоўскі. Для фінансаваньня гэтых работ у 2010-2020 гады спатрэбіцца паэтапна выдаткаваць з бюджэту каля 51 мільярда рублёў.

XS
SM
MD
LG