Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзілася на Гарадзеньшчыне ў вёсцы Біскупцы Лідзкага раёну. Беларуская паэтка, аўтарка шматлікіх паэтычных зборнікаў і кнігі нарысаў, мэмуараў і эсэ «Хадзі на мой голас», ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож», адна са стваральнікаў і першая дырэктарка музэя Максіма Багдановіча ў Горадні, ініцыятарка выпуску і рэдактарка самвыдавецкай газэты «Рэанімова».



Што для вас свабода?


Усё. Гэта натуральны стан маёй душы.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Недахоп сродкаў для існаваньня.



Што для вас шчасьце?


Гэта — калі не баліць галава. Калі сын дома. Калі сын здаровы. Калі бачу сваіх унукаў, дачку, сёстраў, сяброў.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Што ня будзе за што купіць хлеба. Баюся міліцыі. Злых людзей. Атамнай, ядзернай вайны. Холаду.



Які талент вы хацелі б мець?


Талент паэткі. Гэта самы прыгожы, сьціплы, і чысты талент, бо словы не займаюць чужога месца.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Езусам Хрыстом і папам Бэнэдыктам XVI.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Пісаць вершы. Маліцца на ружанцы. Раней любіла зьбіраць сунічкі і чарніцы. Люблю карміць сына і катоў. Люблю чытаць вершы і Эвангельле, Брэвіяр, часопісы «W drodze», «Наша Вера» і «Ave Maria», слухаць радыё «Maria».



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Гэта пытаньне не да мяне.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Ад таты — ніколі не пазычаць. А яшчэ — цярпець боль, пакуль да яго не прывыкнеш.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Хвала Хрысту! Хвала навекі!



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У дэмакратычнай.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У Беларусі, у Біскупцах, у Горадні, дзе ёсьць мост сьв. Францішка.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У цяперскую, калі я нарадзілася, тады хацела б і хачу жыць.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Я ня стала б ніколі кіраўніком Беларусі.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Людзкія, узаемавыгадныя, з узаемнай павагай, з дабром.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Такія ж, як і з Эўразьвязам.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Не, я так ня думаю. Дыктатура мне непрыемная — свая і чужая.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Калі большасьць прагаласуе за зьмену ўлады і ня будзе падтасовак.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі іх прэзыдэнт і ўся ўлада натуральна, прыгожа і спакойна загаворыць па-беларуску.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Яны ўжо не гавораць. Але я, як і ўсе тыя, хто гаворыць цяпер, будзем і далей гаварыць па-беларуску, бо мы ня можам гаварыць іначай. Так і будзе далей...

XS
SM
MD
LG