Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магнаты на Вялікдзень любілі страўсіныя яйкі…


У Гарадзенскім дзяржаўным музэі гісторыі рэлігіі сёньня адкрылася выстава «Пасха — сьвята сьвятаў». На ёй прадстаўленыя 250 разнастайных велікодных яек.

Музэй гісторыі рэлігіі месьціцца ў былым палацы Храптовічаў на вул. Замкавай. Распавесьці пра яечную выставу я папрасіў старэйшага навуковага супрацоўніка Аліну Хамко.

Хамко: «Яйкі рабілі з розных матэрыялаў. Было прынята дараваць іх на Вялікдзень. Канечне, багатыя людзі маглі падараваць яйка з фарфору, напрыклад, або са срэбра. Фарфоравыя — у 18 стагодзьдзі зьявіліся. Лічыцца, што гэты матэрыял нагадвае натуральнае яйка, белы і крохкі. Вельмі дарагімі былі яйкі з выявамі сьвятых, уваскрэслага Хрыста, храмаў. Бяднейшыя людзі дарылі яйкі з расьліннай арнамэнтыкай».

Аліна Хамко распавядае пра велікодныя яйкі; беларускія «драпанкі».
Напэўна ж, шляхта і сяляне мелі розныя магчымасьці, што датычыць Вялікдня, а таксама — сьвяточных яек?

Хамко: «А натуральныя яйкі, яны былі і ў палацы магната — і курынае, і качынае, і страўсінае. У простай сям’і яйкі зьбіралі. Перад гэтым быў пост, калі іх у ежу не ўжывалі. Да сьвята рыхтавалася нават самая бедная сям’я. Сяляне рабілі пісанкі, крашанкі фарбавалі ў адзін колер. Калі хацелі захаваць яго, то рабілі „васкоўку“. Вось у Горадні на пачатку ХХ стагодзьдзя рабілі такія васковыя яйкі: натуральнае шкарлупіньне апускалі ў воск некалькі разоў, а потым іх упрыгожвалі».

Ясна, што перад тым трэба было пакінуць яйка бязь зьмесьціва — бялка і жаўтка.

Чым нашыя продкі фарбавалі курыныя яйкі і што яшчэ стараліся мець да сьвяточнага стала?

Падворак музэю гісторыі рэлігіі, за мурам — званіцы былога Базыльянскага кляштара, цяпер — жаночага.
Хамко: «У беларускай традыцыі было фарбаваць пісанку ў чорны колер. Бралі і расол капусты, іржавы мэтал, кару дуба, мы ўсе ведаем таксама, што шалупіньне цыбулі, грэчкі. На Пасху ў нас традыцыі — пячы здобны дражджавы пірог. Стол павінен быць вельмі багаты: мяса, каўбасы, бо перад гэтым быў вельмі вялікі пост—каля пяцідзесяці дзён. Сёньня, у чацьвер, трэба фарбаваць яйкі, заўтра — пячы пірагі, затым іх трэба асьвяціць і ў нядзелю накрываць стол».

Асаблівасьць гарадзенскай выставы ў тым, што 160 (з 250-ці) велікодных яек — з калекцыі ігуменьні Гаўрыілы. Праваслаўны жаночы манастыр знаходзіцца за мурам ад музэю рэлігіі. Раней там месьціўся сам музэй. Аднак у Горадню прыслалі Гаўрыілу, каб арганізаваць манастыр. Напачатку 1992 году апантаныя верніцы гвалтам захапілі музэйныя памяшканьні, супрацоўнікі былі ў шоку. Міліцыя на званкі не адказвала. Пасьля гэтага ўлады выселілі музэй у цалкам непадрыхтаваныя памяшканьні, і ён надоўга зачыніўся для наведнікаў. Зноў адкрыўся ён толькі нядаўна. Таму яйкі ад Гаўрыілы на выставе ў музэі выглядаюць нечакана.
XS
SM
MD
LG