Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая крымінальная справа за графіці


Суд Першамайскага раёну
Суд Першамайскага раёну

Супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску распачалі крымінальную справу за палітычныя графіці. Уначы з 11 на 12 сакавіка невядомымі асобамі былі нанесеныя надпісы палітычнага зьместу на платах і будынку Першамайскага суду.

Актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Руслана Мацьвеева дапыталі ў якасьці сьведкі, але пры гэтым узялі адбіткі пальцаў, сьліну для аналізу ДНК і прапанавалі прайсьці дэтэктар хлусьні.

Руслан Мацьвееў пасьля допыту распавёў «Свабодзе», што сьледчы аддзелу дазнаньня сп.Сьмірноў спачатку цікавіўся ягоным удзелам у моладзевых структурах, а потым высьвятляў, чым займаўся Руслан уначы з 11 на 12 сакавіка. Сьледчы паказаў хлопцу крымінальную справу з фатаздымкамі надпісаў палітычнага зьместу, сярод якіх былі «Жыве Беларусь!», «Зубр» ды іншыя. Ён прадэманстраваў балёнчык з фарбай, з дапамогай якога, на думку сьледзтва, рабіліся надпісы.

Руслан Мацьвееў: «Ён мне артыкул не назваў, а сказаў: „Вы сьведка, і ведаць вам гэта не належыць. Артыкул сур’ёзны, на ўсіх хопіць“. Адваката мне не далі. Пытаўся пра маё палітычнае жыцьцё, ці пісаў я раней надпісы, ці займаліся гэтым мае сябры. Цікавіўся моладзевымі арганізацыямі, напрыклад, „Маладым фронтам“.

Мне прапанавалі прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні. Сказалі, што надпісы зьявіліся ад 12 да 3 гадзіны ночы. Яны ўзялі раздрукоўку званкоў. Зь яе вынікае, што мне званілі а 2 ночы і што я быў тады ў гэтым раёне».

Руслан Мацьвееў апавёў, што пад адным з надпісаў на плоце сьледчыя прачыталі ягоны нумар тэлефона. Руслан патлумачыў, што ня ведае, хто яго мог напісаць.

Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, чалавеку ў якасьці сьведкі могуць задаваць пытаньні толькі наконт іншых асобаў. Калі ж пытаньні тычыцца ягонага ўдзелу ў тым ці іншым правапарушэньні, то дапытваць яго могуць толькі ў якасьці падазраванага і ў прысутнасьці адваката.

Руслан Мацьвееў апавёў, што ў аддзеле дазнаньня ў яго ўзялі адбіткі пальцаў і сьліну для аналізу ДНК.

Сьледчы паведаміў Руслану, што бліжэйшым часам хлопца зноў будуць выклікаць у міліцыю для дачы паказаньняў.

Раней Першамайскі аддзел міліцыі прыцягваў да адказнасьці за палітычныя графіці Артура Фінькевіча. Тады хлопца пакаралі абмежаваньнем волі і накіравалі адбываць пакараньне ў магілёўскую спэцкамэндатуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG