Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ключавыя пасады ў Назіральнай радзе газатранспартнага прадпрыемства «Белтрансгаз» перайшлі да расейскіх функцыянэраў «Газпрому». Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што расейскі канцэрн пералічыў апошнія 625 мільёнаў даляраў за 12,5% акцыяў «Белтрансгазу», павялічыўшы сваю долю ў сумесным прадпрыемстве да 50%.

Тым самым завершаная 4-гадовая зьдзелка, у выніку якой Беларусь атрымала за прададзеныя акцыі 2,5 мільярда даляраў, але, па сутнасьці, страціла магчымасьць самастойна вызначаць палітыку стратэгічнага прадпрыемства.

Валеры Голубеў
Падчас агульнага сходу акцыянэраў 31 сакавіка кіраўніком Назіральнай рады «Белтрансгазу» прызначаны намесьнік старшыні праўленьня канцэрну «Газпром» Валеры Голубеў. Дагэтуль раду на працягу апошняга году ўзначальваў першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка.

Апроч Голубева, у склад Назіральнай рады таксама ўвайшлі іншыя прадстаўнікі расейскага «Газпрому» — Мікалай Дубік, Мікалай Васільеў, Аляксандар Фралоў. Апошні, дарэчы, выціснуў з рады намесьніка міністра юстыцыі Беларусі Ігара Тушынскага. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка паніжаны да ўзроўню намесьніка старшыні Назіральнай рады. Ад Беларусі ў радзе таксама міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц і ягоны першы намесьнік Эдуард Таўпянец, прадстаўніца Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Натальля Жарнасек.

У справаздачы «Белтрансгазу» паведамляецца, што новая Назіральная рада абрала дырэкцыю газатранспартнага прадпрыемства. На пасадзе генэральнага дырэктара зацьверджаны цяперашні кіраўнік Уладзімер Маёраў. Прадстаўнік «Белтрансгазу» Ўладзімер Чэкаў пацьвердзіў, што захавалі свае пасады і ягоныя намесьнікі — Цьвітамір Сарахан і Дзьмітрый Анюк:

«Канечне, уся дырэкцыя засталася ў ранейшым складзе. Тут без аніякіх зьменаў».

Карэспандэнт: «Ёсьць меркаваньне, што цяпер „Газпром“ у любым выпадку атрымаў большыя рычагі ў прыняцьці рашэньняў...»

«Ніякіх камэнтароў. Сёньня раніцай я даў афіцыйнае паведамленьне ўсім нашым агенцтвам, і больш мне дадаць няма чаго».

Эканамічны аглядальнік, экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак кажа, што вырашэньне самых вострых пытаньняў традыцыйна адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, таму досыць складана прагназаваць, як кадравыя пэртурбацыі паўплываюць на працу «Белтрансгазу»:

Тацяна Манёнак
«Генэральны дырэктар „Белтрансгазу“ камэнтаваў гэтыя зацьвярджэньні і казаў пра тое, што прынцыпова сытуацыя ня зьменіцца. Але ж мы ня ведаем, якія яшчэ разглядаліся пытаньні, ня ведаем, ці паўставалі пытаньні больш прынцыповыя. Прыкладам, зьвязаныя з тым, што існуюць адлічэньні „Белтрансгазу“ ў інавацыйны фонд — гэта каля 9%. Дык вось, расейская кампанія, гэты акцыянэр, заўсёды быў супраць, каб „Белтрансгаз“ рабіў такія адлічэньні, бо гэта пагаршае фінансавае становішча кампаніі. Ці скасаваны яны — невядома. Беларускі бок раней камэнтаваў, што калі Расея нейкім чынам пагодзіцца на зьмякчэньне ўмоваў паставак прыроднага газу ў Беларусь, то, магчыма, і Менск зробіць крок насустрач, скасаваўшы гэтыя адлічэньні».

І ўсё ж, паводле Тацяны Манёнак, на гэты момант «Газпром» ня мае прававых падставаў маніпуляваць «Белтрансгазам». Расейскі канцэрн атрымаў толькі 50% акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства, і Менск наўрад ці дасьць хоць акцыяй больш — у іншым выпадку сапраўды будзе страчаная магчымасьць уплываць на рашэньні акцыянэра:

Істотнага ўплыву на прыняцьце сур’ёзных рашэньняў у кіраваньні газатранспартнай сыстэмай і сумесным прадпрыемствам у расейцаў няма.
«Прынцыпова сытуацыя для расейскага „Газпрому“ не зьмянілася. Істотнага ўплыву на прыняцьце сур’ёзных рашэньняў у кіраваньні газатранспартнай сыстэмай і сумесным прадпрыемствам у расейцаў няма. Бо для гэтага трэба мець кантрольны пакет. Гэта прынцыпова падкрэсьліў і прадстаўнік „Газпрому“: атрыманьне кантрольнага пакету ў СП дзеля кантролю беларускай газатранспартнай сыстэмы. Але атрымаць яго будзе вельмі складана, паколькі ў Беларусі гэты козыр застаўся апошнім. Калі Менск страціць кантроль, тады зьнікне і магчымасьць кантраляваць сытуацыю на ўнутраным рынку. А газатранспартная манаполія заўсёды імкнецца да таго, каб кантраляваць і ўнутраны рынак паставак газу — з мэтай атрымаць большы прыбытак. Беларускі бок, ведаючы зацікаўленасьць „Газпрому“ ў кантролі, фармальна будзе разглядаць пытаньне. Але ўмовы будуць даволі жорсткія: гарантыі паставак на прымальных умовах і паводле прымальнага кошту, як і гарантыі доўгатэрміновых паставак. Торг будзе вельмі складаны».

Паказальна, што па выніках сходу акцыянэраў «Белтрансгаз» так і не агучыў дадзеныя пра чысты прыбытак кампаніі за 2009 год і яго разьмеркаваньне, уключна з дывідэндамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG