Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін паведаміў Радыё Свабода пра некалькі фактаў ціску на грамадзкіх актывістаў рэгіёну.


“Мне затэлефанаваў каардынатар мясцовай суполкі Партыі БНФ Алесь Рамановіч зь Пінску і пасьпеў сказаць літаральна некалькі словаў: мяне забіраюць, ідзе ператрус у мяне дома і ў дэмакратычнага актывіста Ўладзімера Зянька. Чутна была нечыя прысутнасьць, і на гэтым сувязь перарвалася.

Пасьля гэтага мне паведамілі, што на офіс прафсаюзу РЭП у Берасьці накіроўваецца супрацоўнік КДБ і хоча на месцы нешта “паглядзець”.

Гэтаксама затэлефанаваў старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ з Драгічына Ўладзімер Казека і паведаміў, што яго выклікаюць у абласное ўпраўленьне КДБ да сьледчага Шаўчука”.

Што адбылося далей – расказвае сам Уладзімер Казека:

“Я ня мог нават прадбачыць, што яны мне зьбіраюцца прад’явіць. Але аказалася, што была ананімка: нібыта я здольны ўчыніць тэрарыстычны акт, у прыватнасьці, узарваць нафта- ці газаправод. А таксама здольны да забойства чыноўнікаў раённай вэртыкалі і ўнутраных спраў – у знак помсты за ранейшыя затрыманьні, суды і г.д. Якраз у гэтым ракурсе гадзіны паўтары і вялася гутарка. Але я адразу папярэдзіў, што ніякіх папераў ня буду падпісваць, бо такія абвінавачаньні папросту абражаюць маю чалавечую годнасьць. Чым гэта скончыцца, пакуль ня ведаю. Але ў мясцовае аддзяленьне КДБ таксама выклікалі маіх знаёмых і наўпрост запытвалі, ці здольны Казека ўчыніць тэрарыстычныя акты на тэрыторыі краіны”.

Сваё бачаньне актывізацыі спэцслужбаў – у камэнтары Ўладзімера Вялічкіна:

“У выпадку з Казекам і Рамановічам – гэта спроба перашкодзіць людзям удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Прыпалохаць людзей, каб яны ад сваёй мэты адмовіліся. А ў выпадку з прафсаюзам, дык учора ў Берасьці была сустрэча грамадзкасьці з Уладзімерам Някляевым. І неадкладная рэакцыя, мяркую, зьвязана менавіта з гэтым фактам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG