Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Рашэньне пра ўдзел у маючых адбыцца 25 красавіка выбарах было для мяне складаным. Ці варта ісьці на выбары 2010? Можа, трэба ўзяць перапынак? — доўга думаў я, задаючы сабе гэтыя пытаньні. Былі думкі не вылучаць сваю кандыдатуру, а заняцца выключна каардынацыяй і дапамогай іншым прэтэндэнтам дэмакратаў на дэпутацкі мандат. Практыка даказвае: у нашай краіне мала атрымаць падтрымку пераканаўчай большасьці выбарцаў, у Беларусі выбар людзей трэба абараніць! Толькі ў такім выпадку можна здабыць дэпутацкі мандат і стацца афіцыйным прадстаўніком пэўнай акругі ў савеце.

Мой дэбют у якасьці кандыдата ў дэпутаты адбыўся падчас мясцовай кампаніі ў саветы 24 скліканьня ў 2003 годзе. Мне было 20 гадоў, і я вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Выбарчая кампанія прыпала акурат на экзамэнацыйную сэсію. Было нялёгка спалучаць здачу экзамэнаў у Горадні і актыўную агітацыйную кампанію на акрузе ў Мастах. Амаль штодзень я праводзіў па 3 гадзіны ў дызэль-цягніках у дарозе з Горадні ў Масты і назад. Па дарозе чытаў канспэкты. А ў Мастах мы зь сябрамі штабу хадзілі па кватэрах і размаўлялі з выбарцамі. Пераконвалі іх падтрымаць маю кандыдатуру, нягледзячы на мой амаль юнацкі ўзрост. Па выніках выбараў за мяне прагаласавала 74,6% выбарцаў, і я стаў дэпутатам.

Пасьля чатырохгадовай дэпутацкай кадэнцыі пытаньне пра ўдзел у лякальных выбарах 2007 году для мяне не паўставала. Я мусіў працягваць сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць на мясцовым узроўні, статус дэпутата мясцовага савету, безумоўна, спрыяў гэтаму. Але ж паводле афіцыйных вынікаў я прайграў тыя выбары і набраў на 2 галасы менш за сваю апанэнтку ад улады. Выбары былі сфальсыфікаваныя, маім назіральнікам не ўдалося дамагчыся пераліку галасоў.

З пачаткам 2010 году пачалася кампанія па выбарах у саветы 26 скліканьня. “Ісьці ці не ісьці?” — працягваў вызначацца я. З аднаго боку, я адчуваў падтрымку жыхароў, з другога — ведаў, што выбары могуць скончыцца чарговай фальсыфікацыяй з вынікам, падобным да выніку 2007 году. “Галоўнае — ня як галасуюць, а хто лічыць!” — круцілася ў мяне на языку.

І ўсё ж такі я прыняў рашэньне балятавацца. “Пад ляжачы камень вада не цячэ!” — пераканаў сябе я. Тым больш што ў апошнія гады атрымоўваў ад мясцовых уладаў шэраг цікавых адказаў на свае звароты, датычныя сацыяльных праблемаў рэгіёну. Апошнім з такіх прыкладаў быў адказ на мой зварот адносна падтапленьня мікрараёну Кастрычніцкі ў Мастах. У дакумэнце за подпісам старшыні Мастоўскага райвыканкаму было напісана: “О принимаемых мерах всем обратившимся гражданам сообщено. Вы не проживаете ни на одной из подтапливаемых территорий, поэтому ознакамливать Вас с планом мероприятий у райисполкома нет оснований”. Мне неаднаразова прыйшлося атрымліваць падобныя да гэтага адказы. Пры гэтым я ўвесь час зьвяртаўся ў органы ўлады і дзяржаўныя ўстановы як сябра Рады рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Рух”За Свабоду”. Аказваецца, быць чальцом зарэгістраванай агульнарэспубліканскай грамадзкай арганізацыі недастаткова.

У такіх выпадках нашмат лепш мець статус дэпутата савету, нават нягледзячы на мінімальныя паўнамоцтвы такога статусу. Падобныя адпіскі і адмова ў атрыманьні патрэбнай для вырашэньня лякальных сацыяльных праблемаў інфармацыі былі адным з моцных аргумэнтаў пры прыняцьці рашэньня пра ўдзел у выбарах. Другі аргумэнт “за” ўдзел у выбарах — сыстэматычная прапаганда з боку дзяржаўных СМІ пра тое, што дэмакраты не карыстаюцца падтрымкай жыхароў краіны. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, і перамога дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2003 і 2007 гадоў — яскравы таму прыклад. 25 красавіка я паспрабую абвергнуць дадзены факт на сваім прыкладзе. І трэцяе. Выбары — гэта экзамэн для ўладаў. Удзел у гэтай палітычнай кампаніі дазваляе ў чарговы раз упэўніцца ў тым, што новыя папраўкі ў выбарчае заканадаўства зьяўляюцца касмэтычнымі. І, абапіраючыся на сабраныя факты, дамагацца свабодных і справядлівых выбараў для Беларусі.


zarembiuk
Нарадзіўся ў Мастах 5 ліпеня 1982 году. Дзяцінства прайшло за фартэпіяна ў музычнай школе. Музыкам ня стаў, быў абраны дэпутатам. У 20 год. Зараз нават і сам ня веру ) Жанаты зь цікавай дзяўчынай, зь якой гадуем цудоўнага беларусіка Якубушку.

1. Навошта я пішу блог:

Каб падзяліцца эмоцыямі і замалёўкамі з жыцьця.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах:

Незвычайныя камэнтары.

Магчымасьць імгненна дзяліцца сваімі думкамі.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах:

Дзясяткі нецікавых спасылак.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

http://lighti.livejournal.com/

http://skalinkina.livejournal.com/

http://petra-leleka.livejournal.com/

http://datcanin.livejournal.com/

http://krasotaeu.livejournal.com/

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG