Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары — не гульня


Да некаторых выбараў сур’ёзныя кандыдаты рыхтуюцца гадамі. Калі ўдзел у палітыцы не абмяжоўваецца разавай акцыяй, трэба разьлічваць калі не на перамогу, то на трывалае падвышэньне колькасьці прыхільнікаў. Такія задачы трэба ставіць нават у сёньняшніх умовах адсутнасьці падліку і ручнога кіраваньня вынікамі выбараў. Які б дасканалы ні быў мэханізм фальсыфікацыяў, ён ня можа зрабіць аднаго — уплываць на прыхільнасьць, рашэньне выбарца, за каго аддаць голас.

Нам хочацца верыць, што ў Беларусь прыйдуць часы, калі будуць адбывацца сапраўдныя выбары. Але наіўным было б думаць, што дэмакратам гарантавана перамога ў часе першых дэмакратычных выбараў. У гульні будуць задзейнічаныя мэханізмы, якія зараз надзейна схаваныя да лепшых часоў. Сярод іх і буйныя капіталы, якія прадстаўляюць інтарэсы бізнэс-груповак. Выбары пачнуць выйграваць тыя, хто здолее “купіць” сабе лепшую кампанію — мэнэджэраў, каманды, якасную прадукцыю, эфірны час, старонкі ў СМІ. І тыя “роўныя ўмовы”, які стварае сёньня ўлада, яшчэ будуць узгадвацца зь лёгкай настальгіяй. У незалежных палітыкаў будзе выбар: альбо стаць прадстаўніком інтарэсаў той ці іншай групы ўплыву, альбо спадзявацца на свой палітычны капітал, назапашаны доўгай працай ва ўмовах дыктатуры.

Прыхільнікі байкоту ня будуць мець шанцаў. Байкот і сёньня не вырашае надзённых палітычных задачаў, а ў далёкай пэрспэктыве прывядзе да дыскваліфікацыі кандыдатаў. Для большасьці выбарцаў ухіленьне ад удзелу ў выбарах зьяўляецца доказам слабасьці кандыдата. За ўладу трэба змагацца, пашыраючы кола прыхільнікаў. На гэта здольныя толькі тыя, хто дэманструе волю да перамогі нават у сёньняшніх складаных умовах.

Колькасьць людзей, якіх ты здолеў пераканаць аддаць за цябе свой голас, накладае значную адказнасьць. Ты становісься публічнай асобай, да чыёй думкі прыслухоўваюцца і за чыімі паводзінамі назіраюць жыхары няхай і невялічкай тэрыторыі. Аўтарытэт у грамадзтве назапашваецца доўгімі гадамі працы і можа быць страчаны ў адзін дзень.

Свае першыя выбары, у 2003 годзе, я выйграў дзякуючы папярэдняй грамадзкай працы і выкарыстаньню абсалютна новых для Белаазёрску тэхналёгіяў: татальнага абыходу кватэраў, размоваў зь людзьмі пра іх праблемы, распаўсюду ўлётак.

Парлямэнцкія выбары 2004 году далі магчымасьць выхаду на шырэйшую тэрыторыю. У актыў можна запісаць і 5800 сабраных подпісаў, і працу зь людзьмі ў сямідзесяці мястэчках і вёсках на тэрыторыі Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў. Афіцыйная параза не адмяняе таго факту, што колькасьць людзей, якія падтрымалі мяне, узрасла зь некалькіх соцень да дзясяткаў тысяч.

Другія мясцовыя выбары ў маім жыцьці мелі хутчэй справаздачны характар. Мне было што сказаць выбарцам па выніках дэпутацкай дзейнасьці, а не пайсьці на выбары — азначала прызнаць адваротнае. Нягледзячы на наяўнасьць дасканалага мэханізму фальсыфікацыяў, улада выставіла мне ў супернікі дырэктара горадаўтваральнага прадпрыемства (Бярозаўскай ДРЭС) і яго непасрэднага начальніка, кіраўніка ўсёй берасьцейскай энэргетыкі. Тым ня менш перакананы, што свайго выбарцу ў тую кампанію я ня страціў.

Апошнія выбары, у 2008 годзе, прайшлі для мяне і маёй каманды ў надзвычай складаных умовах. Абмежаваньні ў людзкіх і іншых рэсурсах прымусілі нас аддаваць большую ўвагу тэхналягічнаму боку кампаніі, на шкоду непасрэднаму кантакту з выбарцамі. Тады я ўпершыню адчуў, што кампанія не дае росту падтрымкі. Але нават у гэтым выпадку ўлады вымушаныя былі напісаць у пратаколах лічбу тых, хто прагаласаваў “за”, сувымерную з атрыманай мной на выбарах 2004 году.

Ужо больш за два гады, як я зьехаў зь Белаазёрску. Адсутнасьць штодзённай камунікацыі з выбарцамі істотна зьмяншае шанцы на падтрымку. Таму я вырашыў не вылучацца на мясцовых выбарах, якія адбываюцца зараз. На наступных выбарах, у якіх прыму ўдзел у якасьці кандыдата, я абавязаны перамагчы.

Юрась Губарэвіч


Нарадзіўся 23 лютага, у дзень сьвята савецкага войска, але ў войску не служыў, бо лепшыя прызыўныя гады прысьвяціў вучобе і дэпутацкай дзейнасьці. Атрымаўшы дыплём інжынэра-электрыка ў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, на дасягнутым не спыніўся, вырашыўшы працягнуць вучобу ў Акадэміі дзяржаўнага кіраваньня пры Прэзыдэнце Ўкраіны, бо на той момант быў ужо моцна ангажаваны ў грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 2003 годзе, праз тыдзень пасьля абароны дыплёму магістра дзяржаўнага кіраваньня, выйграў выбары ў Белаазёрскі гарсавет, стаўшы на нядоўгі тэрмін намесьнікам старшыні і кіраўніком дэпутацкай большасьці.

У партыі БНФ ад 1996 году. Прайшоў “кар’ерны шлях” ад шараговага сябра да кіраўніка абласной арганізацыі і намесьніка старшыні партыі. Сёньня зьяўляюся намесьнікам старшыні ідэйна блізкага да БНФ руху “За свабоду”.

У свой час працаваў у шэрагу камэрцыйных установаў, зьвязаных з гандлем, выдавецкай і рэклямнай дзейнасьцю.

Галава сям’і з чатырох чалавек.

Люблю рыбалку, падарожжы і аўтамабілі.

1. Навошта я пішу блог

Для мяне блог — магчымасьць хутка і без цэнзуры выказаць свае думкі адносна тых падзеяў, якія больш за ўсё хвалююць на дадзены момант. Разам з тым магчымасьць чытаць меркаваньні вялікага кола знаёмых і незнаёмых людзей.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Зваротную сувязь. У сёньняшніх беларускіх умовах, калі любы апазыцыйны палітык пазбаўлены большасьці традыцыйных каналаў камунікацыі зь людзьмі, важна ведаць рэакцыю на свае словы і дзеяньні. Штопраўда, такая рэакцыя можа быць штучна скажонай.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Калі блогі “ні пра што”. Але прызнаю, што гэта пытаньне густу. І блогасфэра мае добры мэханізм абароны — не чытай, і ўсё.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць.

http://siarhiejsalas.livejournal.com/profile%20--playing.the.angel — жыцьцёвыя гісторыі і трохі скептычны, але цьвярозы погляд на палітыку.

http://sergechaly.livejournal.com/ — аўтарытэтна і займальна пра эканоміку.

http://ruch-za-svabodu.livejournal.com/ — карпаратыўны блог, які рэклямую, карыстаючыся магчымасьцю.

http://lipski.livejournal.com/ — прагнозы і экспэртны аналіз.

http://meliashkevich.livejournal.com/ — малады, пэрспэктыўны палітык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG