Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары без дыялёгу


Алесь Чыгір
Алесь Чыгір

З пункту гледжаньня пасьпяховага РR — кандыдат у дэпутаты перш-наперш павінен прагаварыць публічна фразу накшталт: “Я іду на выбары, каб перамагчы”, ну, а далей…Далей — уласна тэхналёгіі: распрацоўка пасланьня, імідж, дызайн візуальных матэрыялаў, актуалізацыя праблем выбаршчыкаў і.г.д. у залежнасьці ад кандыдата, выбарчай акругі, надвор’я…У краінах з рэальна дзеючым выбарчым правам выбарчая кампанія — досыць вясёлая зьява. Кандыдаты з апошніх сілаў спрабуюць давесьці свае перавагі. Шум, гам, мітусьня, але за ўсёй гэтай мішурой хаваецца тое, што можна назваць сутнасьцю сучаснага грамадзтва — ДЫЯЛЁГ!

Адразу ўдакладню, ня спрэчка, а менавіта дыялёг! Паказальна, што старажытнагрэцкі філёзаф Сакрат, аўтар фразы: “У спрэчцы нараджаецца ісьціна”, пазьней адмовіўся ад гэтага выказваньня і супрацьпаставіў спрэчцы — дыялёг.

Нягледзячы на падабенства гэтых тэрмінаў, паміж імі вялікая адлегласьць. Такая ж, як паміж намі (нашымі продкамі), якія спазналі гвалт дыктатуры, дзьве сусьветныя вайны, масавы атэізм… і імі зь іх дэмакратыяй, свабодай слова і правамі чалавека…

Спрэчка мае на ўвазе актыўнае адстойваньне кожным з бакоў сваёй уласнай пазыцыі, несумяшчальнай з пазыцыяй іншага.

Некалькі тыповых прыкладаў:

Апазыцыя (агульнанацыянальная): Улада незаконная і антычалавечая!

Улада (вярхоўная): Апазыцыя некампэтэнтная і прадажная!

Апазыцыя (мясцовая): Чаму ўлада не рамантуе пад'езды і не асфальтуе дарогі?

Улада (мясцовая) Мы адрамантавалі столькі… пад'ездаў і заасфальтавалі столькі... квадратных мэтраў дарог!

Як правіла, уся спрэчка зводзіцца да простай формулы: “Дурань — сам дурань!”



Дыялёг жа значна складанейшы за спрэчку. Падчас дыялёгу шляхам узаемазацікаўленага абмеркаваньня праблемы і спаборніцтва меркаваньняў людзі набліжаюцца да ісьціны. У дыялёгу мая мэта — зразумець тое, чаго жадае мой апанэнт, і паспрабаваць знайсьці нешта агульнае (пры гэтым я павінен зразумець матывы майго суразмоўцы, паказаць яму на слабыя і моцныя бакі яго аргумэнтацыі і г.д.). Дыялёг магчымы, калі два бакі (ці больш) прызнаюць нейкія агульныя каштоўнасьці. Няма агульных каштоўнасьцяў — няма дыялёгу.

З пункту гледжаньня тут і цяпер — Бабруйск, 2010 год, і пэўнага індывіда — аўтара гэтага паста, удзел у гэтых выбарах браць ня мае сэнсу нават не з прычыны адсутнасьці тэмы для дыялёгу. Як чалавек, які прайшоў праз шэраг палітычных і жыцьцёвых параз і які правёў не адну гадзіну ў нудных самакапаньнях — я шукаў і знаходзіў апраўданьні сабе, таму мне не складана знайсьці апраўданьні сёньняшняй мясцовай уладзе ў Бабруйску.

Людзі, якія прадстаўляюць уладу ў маім горадзе, лічаць, што маюць манаполію на ісьціну, пры гэтым яны (прадстаўнікі ўлады) у сваёй большасьці ня маюць каштоўнасьцяў (магчымасьць прыніжаць падначаленых і прага асабістай нажывы — каштоўнасьцямі не зьяўляюцца).

Сёньняшняя ўлада трымаецца на маўчаньні большасьці. Чыноўнікі шчыра ўпэўненыя, што калі людзі маўчаць, значыць, нічога ня думаюць, а калі ня думаюць, значыць, ім (людзям) дастаткова некалькіх ідэалягічных гадзін або перадавіцы ў якой-небудзь вэртыкальнай газэце.

Паміж тым, як і 30 гадоў назад, на пракураных кухнях сьпее незадаволенасьць! Асноўныя тэмы, якія тычацца мясцовай улады: НЕКАМПЭТЭНТНАСЬЦЬ, КУМАЎСТВО, НЯЛЮДЗКАСЬЦЬ, ХЛУСЬНЯ, КАРУПЦЫЯ (сьпіс адкрыты для працягу).

Ці здольны я, атрымаўшы мандат дэпутата Бабруйскага гарадзкога Савету, вырашыць гэтыя праблемы (ці наблізіцца да іх вырашэньня)? Упэўнены, што НЕ! Тады само па сабе ўзьнікае пытаньне: А навошта прымаць удзел у гэтых выбарах?

Аляксандар Чыгір


Аляксандар Чыгір нарадзіўся 29 траўня 1972 году ў Рэчыцы. Маці — настаўніца, бацька — юрыст. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы працаваў на Рэчыцкім вопытным заводзе “Рытм”. У 1990 годзе паступіў у Рыскае вышэйшае вайсковае інжынэрна-авіяцыйнае вучылішча. Пасьля распаду СССР вярнуўся на радзіму. Працаваў будаўніком, вартаўніком. У 1993 годзе паступіў на завочны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны на спэцыяльнасьць “гісторыя”. З таго ж году пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў вясковых школах Рэчыцкага раёну. У 1996-м ажаніўся і пераехаў у г. Бабруйск.

З 1997 году актыўна займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Старшыня бабруйскай грамадзкай ініцыятывы “Свая Справа”(з 2006 году — Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Свая Справа”). У 2001 годзе ўзначальваў у Бабруйску штаб С. Домаша, у 2006-м — штаб А. Мілінкевіча. Быў дэпутатам Бабруйскага гарадзкога Савету дэпутатаў 24 скліканьня. У дадзены момант працую намесьнікам галоўнага рэдактара газэты “Бобруйский Курьер”.

Жанаты, выхоўваю трох дзяцей.

1. Навошта я пішу блог?

Для мяне блог, з аднаго боку, — гэта выдатная магчымасьць камунікацыі з рознымі людзьмі. Зь іншага боку, — магчымасьць дзяліцца з сьветам сваімі думкамі, ідэямі. Немагчыма займацца грамадзкай дзейнасьцю і журналістыкай, ня маючы камунікацыі зь людзьмі.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

У блогах я больш за ўсё люблю шчырасьць. Калі жадаеш лепш пазнаць чалавека, прачытай яго блог!

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Больш за ўсё не люблю ў блогах рэкляму тавараў і паслуг. Блогасфэра — для душы, а ня дзеля грошай!

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Мне найболей цікавыя блогі людзей, зь якімі я асабіста знаёмы.

Раю пачытаць блог бабруйскага журналіста, паэта Дзьмітрыя Растаева .

Блог галоўнага рэдактара “Рэгіянальнай газэты” Аляксандра Манцэвіча.

Блог палітыка Алеся Міхалевіча.

Блог бабруйскага журналіста Алеся Красавіна.

Для душы раю наведваць старонку блогера by_dialog.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG