Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка ў сталічным клюбе адбудзецца вялікі сольны канцэрт рок-гурту «Нейра Дзюбель». Плянаваць вялікія сольныя канцэрты менавіта на 1 красавіка для гурту стала ўжо традыцыяй. Праўда, не заўсёды канцэрты адбываліся.

5 гадоў пяць таму музыкам давялося нават на адзін вечар зьмяніць назву на «Хронікі доктара Сайкова». Фармальна сёньняшні канцэрт прымеркаваны да 15-годзьдзя выходу альбому «Разумныя рэчы». Але ў праграме першым пунктам пазначана «Маемся дурнотай», другім – юбілей «Разумных рэчаў», а трэцім – прэзэнтацыя новых песень з альбому «Аўтары праўды».

Некалькі пытаньняў да лідэра гурту Аляксандра Кулінковіча.

Карэспандэнтка: “Роўна 5 гадоў таму, менавіта 1 красавіка 2005 года і менавіта ў “Рэактары” ваш канцэрт быў адменены. Вы не баіцеся паўтарэньня?”

Кулінковіч: “За што люблю Радыё Свабода – за тое, што вы разумныя і пісьменныя людзі! (сьмяецца). Ніхто, ні адзін сабака не ўзгадаў, што менавіта 1 красавіка была першая адмена. Вы ведаеце, я вельмі баюся... Таму менавіта на гэтую дату мы канцэрт і прызначылі”.

Карэспандэнтка : “Я спадзяюся, што снарад усё ж такі двойчы ў адну варонку не трапляе...”

Кулінковіч: “Вы ведаеце, пастаянна гляджу канал “Discovery”, і маланкі, і снарады трапляюць у адну і тую ж варонку. Я вельмі моцна гэтага баюся. І, шчыра кажучы, вельмі на гэта спадзяюся”.

Карэспандэнтка: “За 20 гадоў існаваньня вашага гурту у Neuro Dubel усё было: і трыюмф, дзьве “Рок-кароны”, забароны вашых канцэртаў, слава... А на апошняй “Рок-каранацыі” вы зьмянілі імідж: ператварыліся ў сівых дзядкоў. 20 гадоў для рок-гурту – гэта сталасьць ці сапраўды ўжо старасьць?”

Кулінковіч: “Ой... Сталасьць. Сталасьць. Мы сталі дарослымі, зусім іншымі сталі. Вось я з Вамі размаўляю, і стараюся сябе ня зьняважыць. Сказаць, што мы не старыя, выбачайце, “пердуны” – ну ніяк не атрымоўваецца. Мы старыя пердуны. Але з добрымі гітарамі і зь веданьнем таго, як трэба рабіць”.

Карэспандэнтка: “Саша, я заўсёды захапляюся крэатыўнымі назовамі вашых і песень, і альбомаў: “Пераехала камбайнам”, “Танкі”, “Штазі”. А зараз новы альбом “Аўтары праўды”. “Аўтары праўды” – гэта вы?”

Кулінковіч: “Я ўсё яшчэ мучаюся, ці не памяняць назоў гэтага альбому? То бок не зрабіць яго, як звычайна, дуравасьценькім? Вось папярэдняе ваша пытаньне: “старасьць альбо сталасьць?” Напэўна, гэта ўжо сталасьць, таму што я называю альбомы так, як я хачу: “Аўтары праўды”. Насамрэч, мы – “Аўтары праўды”. Вы ж самі ведаеце і, магчыма, самі нас у бок піналі альбо вашы калегі піналі за візыт да Праляскоўскага... Але, прынамсі, мы ні да каго не хадзілі на паклон. Мы не хадзілі на паклон да таго ж Праляскоўскага. І не хадзілі на паклон да публікі. Мы публіцы пакланяліся. Мы – “Аўтары праўды”. Я сапраўды хачу, каб канцэрт адмянілі. Праўда, хачу. Таму што тое, што адбываецца, мне вельмі не падабаецца. А я – чалавек чэсны. Я хадзіў да Праляскоўскага. Але я застаўся сумленным чалавекам. Я вельмі люблю сваю краіну, я вельмі люблю Беларусь, я вельмі люблю праўду. Я – “Аўтар праўды”.

Карэспандэнтка: “Зь цікавасьцю чытаем вас на сайце www.naviny.by . Я заўсёды зьдзіўляюся пачуцьцю гумару ня толькі вашага, але і Лявона Вольскага, іншых рок-музыкаў. Можа, час ужо зьмяніць прафэсію? Пісаць?”

Кулінковіч: “Ну не... Я ня ўмею пісаць. Тое, што я раблю на “Навінах”, гэта такое рамесьніцтва, гэта не прафэсійнае. Калі я пачаў пісаць, мне падалося тое, што я раблю, вельмі і вельмі дрэнным. Але людзі з “Навінаў” сказалі, што гэта добра. Не, прафэсію мне мяняць ня трэба. Вось Лявону Вольскаму, мабыць, трэба, бо Лявон вельмі таленавіты чалавек ва ўсім. А я ... я – “подмастерье”.
XS
SM
MD
LG