Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.



УДЗЕНЬ...


....воблачна, пад вечар пакрапае. Тэмпэратура: +7 — +12 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Сольны канцэрт групы "Нейро Дюбель" у клюбе "Рэактар". Пачатак а 19.00.

Польскі інстытут у Мінску ўручае ўзнагароду імя Е. Гедройца за новыя ідэі ў польска-беларускім дыялогу. Гатэль "Краўн плаза", пачатак а 16.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Генэральны сакратар ААН Бан Кі Мун з Туркмэністану пачынае сямідзённую паездку ў пяць краінаў Сярэдняй Азіі.

У Рыме Папа Бэнэдыкт ХVI абмывае ногі 12 сьвятарам у традыцыйным рытуале Велікоднага тыдня.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1918 беларускі гісторык Мітрафан Даўнар-Запольскі пачаў выдаваць у Кіеве штотыднёвую газэту “Беларускае слова”. Першым чынам газэта знаёміла беларускую калёнію ва Ўкраіне і ўкраінскую публіку з падзеямі вакол стварэньня ў Менску Беларускае Народнае Рэспублікі.

У 2001 быў арыштаваны былы кіраўнік Сэрбіі і Саюзнай Рэспублікі Югаславія Слабадан Мілошавіч. Мілошавіч памёр у турме Міжнароднага трыбуналу для былой Югаславіі ў Гаазе ў 2006.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 1 красавіка ў розныя гады, згадаем францускага паэта Франсуа Віёна і расейскага пісьменьніка ўкраінскага паходжаньня Мікалая Гогаля, расейскага кампазытара Сяргея Рахманінава, які памёр у выгнаньні, бо не прыняў рэвалюцыі, і прэзыдэнта Беларускай Народнай Рэспублікі Васіля Захарку, якога спасьціг падобны лёс. Таксама 1 красавіка ў 1901 годзе ў Ляхавічах нарадзіўся Сяргей Пясецкі, аўтар да сёньня папулярнага бэстсэлеру "Каханак Вялікай Мядзьведзіцы".

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень сьмеху. Гісторыя гэтага сьвята бярэ пачатак з рымскага Prima aprilis. Менавіта пад такой назвай адзначала яго шляхта старажытнае Беларусі. Што да люду паспалітага, дык ён пачаў сьвяткаваць Дзень сьмеху менавіта 1 красавіка ў Савецкім Саюзе, і далучыўся такім чынам да расейскае традыцыі. Ва ўласнабеларускай традыцыі такога сьвята не было, а днём вясёлага шкодніцтва спрадвеку лічылася Купальле.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Канец эпохі "выродлівых рудымэнтаў?"

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Бяз добрых бацькоў няма добрага выхаваньня, нягледзячы на ўсе школы" — Мікалай Гогаль.
XS
SM
MD
LG