Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе брыдкія справы робяцца ціха”


Павал Шарамет
Павал Шарамет

Рашэньне беларускіх уладаў пазбавіць Паўла Шарамета беларускага грамадзянства камэнтуюць намесьніца рэдактара «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.


Як мы ўжо паведамлялі, вядомы тэлежурналіст Павал Шарамет зь ліста, дасланага амбасадаю Беларусі ў Расеі, даведаўся, што яго пазбавілі грамадзянства Беларусі на той падставе, што ён атрымаў грамадзянства Расеі.

Павал Шарамет згадвае, што атрымаў расейскае грамадзянства ў 1999 годзе, але захоўваў беларускі пашпарт і лічыў сябе грамадзянінам Беларусі, бо нікуды не зьвяртаўся з заявай аб страце грамадзянства. Паводле Шарамета, беларускія ўлады больш як 10 гадоў ведалі пра наяўнасьць у яго расейскага пашпарта, але аб пазбаўленьні беларускага грамадзянства яго ніхто і ніколі не інфармаваў.

Паводле кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бягуна, Павал Шарамет страціў беларускае грамадзянства аўтаматычна, паколькі ён атрымаў грамадзянства іншай краіны. Гэта адбылося на падставе закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які дзейнічаў у 1999 годзе. Праз тры гады закон прынялі ў новай рэдакцыі, паводле якой аўтаматычная страта грамадзянства наступае не заўсёды, а толькі калі былы грамадзянін служыць у войску ці на дзяржаўнай службе краіны новага грамадзянства. Але гэтыя абмежаваньні, паводле А.Бягуна, на Шарамета не пашыраюцца.

Сьвятлана Калінкіна
:
На мой погляд, відавочным наступствам можа быць забарона Паўлу на ўезд у Беларусь. І, як мне здаецца, рашэньне аб пазбаўленьні яго грамадзянства – гэта такое папярэджаньне, маўляў, паводзь сябе цішэй, інакш ня ўбачыш ні бацькоў, ні сваякоў, якія жывуць у Беларусі. Гэта ў духу таго, што робяць беларускія ўлады з непадкантрольнымі журналістамі і, на мой погляд, пацьверджаньне таго, што нягледзячы на тое, што Павел ужо 10 гадоў жыве ў Расеі, ён па-ранейшаму застаецца, магчыма, адной з самых уплывовых фігур у беларускай журналістыцы. Я лічу, што на самой справе мае сэнс падаваць у суд і падымаць скандал, таму што ўсе брыдкія справы робяцца ціха. І хаця б для таго, каб яны сталі галоснымі, на мой погляд, гэта трэба рабіць.

Алег Гулак
:
Зразумела, што гэтае рашэньне палітычнае, але трэба гаварыць пра юрыдычны аспэкт. Наш закон аб грамадзянстве дапускае двайное грамадзянства, але пры гэтым дзяржава проста ня бачыць за гэтым грамадзянінам правоў і абавязкаў, якія на яго ўскладае іншае грамадзянства. Але падстава для пазбаўленьня ёсьць толькі тады, калі чалавек, што мае беларускае грамадзянства пайшоў на службу ў паліцыю альбо ва ўзброеныя сілы іншай краіны. Гэта ў 2002 годзе ўведзена, пра што я кажу. Яны прымянілі да яго зваротную сілу. Я думаю, што ў гэтай сытуацыі ёсьць сэнс аспрэчваць, таму што новы закон паставіў чалавека ў лепшае становішча, чым гэта было дагэтуль. І ў дадзеным выпадку прымяняецца новы закон, а не стары. Каб яны тады пасьпелі адмяніць, то тады – калі ласка, але таго закону ўжо няма. Яго прымяняць зараз ніяк нельга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG