Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наймальнікам дазволілі заключаць працоўныя дамовы на нявызначаны тэрмін


Беларускім наймальнікам дадзена права заключаць з работнікам працоўную дамову на нявызначаны тэрмін. Гэта прадугледжвае ўказ прэзыдэнта № 164 ад 31 сакавіка «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў ва ўказ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 2000 г. № 180».

Дакумэнт выдадзены «ў мэтах удасканаленьня кантрактнай формы найму і скіраваны на ўзмацненьне абароны працоўных правоў добрасумленных работнікаў», паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Наймальніку дадзена права заключаць з работнікам, які не дапускае парушэньняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны і прапрацаваў у яго ня менш як пяць гадоў, пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня кантракта працоўную дамову на нявызначаны тэрмін зь пісьмовай згоды работніка. Гэтае правіла ня будзе прымяняцца да работнікаў, зь якімі заканадаўствам прадугледжана абавязковае заключэньне кантрактаў, напрыклад, да дзяржаўных служачых.

У выпадку адмовы работніка ад заключэньня працоўнай дамовы на нявызначаны тэрмін па пісьмовым пагадненьні бакоў кантракт з работнікам можа працягвацца або заключацца новы кантракт у адпаведнасьці з указам № 180.

Устаноўлены месячны тэрмін для папярэджаньня наймальнікам работніка, у якога заканчваецца тэрмін кантракту, аб рашэньні спыніць зь ім працоўныя адносіны або працягнуць іх на ўмовах кантракту або працоўнай дамовы на нявызначаны тэрмін.

Указ уступае ў сілу праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG