Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сельсавет ліквідавалі. У людзей не спыталіся


На Магілёўшчыне, сьцьвярджаюць афіцыйныя крыніцы, самая высокая ў Беларусі канкурэнцыя кандыдатаў у дэпутаты сельскіх саветаў: амаль два вылучэнцы на адно дэпутацкае месца. Сёньня наш магілёўскі карэспандэнт наведаў вёску Брылі, каб пацікавіцца, як там адбываецца выбарчая кампанія.

Вёска Брылі ад Магілёва за дваццаць кілямэтраў. Тут жыве больш за тры сотні чалавек. Ёсьць ашчадная каса, пошта, крама, Дом культуры, а сельскага савету ўжо няма. Яго ліквідавалі летась 23 сьнежня. Брылёўцы пра гэта даведаліся толькі сёлета 21 студзеня, акурат пад выбары:
Мікола Яцкоў
На паваротцы ў Брылі стаянка: лепш ісьці да сяла, чым ехаць.
Будынак сельсавету асірацеў. Улады шукаюць пакупнікоў.
Прэзыдэнцкія дамкі. Каб дайсьці да іх, патрэбныя гумовыя боты.
Ад шашы да Брылёў два кілямэтры.


«А зараз у нас замест адзінаццаці дэпутатаў будзе два толькі. Безальтэрнатыўныя. Вуліцы Садовая, Юбілейная, Маладзёжная — раней было тры дэпутаты, зараз будзе адзін. Астатнія ўсе вёскі, пачынаючы ад Мялееўкі й завяршаючы Зылямі ды Кучурына — будзе таксама адзін дэпутат. Цяжка! Трэба было зрабіць болей, асабліва на вёскі тыя, бо складаны раён. Але яны вырашылі, што хопіць і двух», — апавядае пра дэпутацкую сытуацыю старшыня вясковай участковай камісіі Мікола Яцкоў.

У афіцыйным тлумачэньні гаворыцца, што сельсавет ліквідавалі з улікам інтарэсаў насельніцтва. А што само насельніцтва? Яно супраць. Брылёўцы кажуць, у іх згоды не пыталіся:

«Прыехалі, „У вас колькасьць насельніцтва малая“. І вы бывайце здаровыя, нас пазбавілі сельскага савету. Спадзеў на тое, што яшчэ пошта застанецца. Ашчадную касу таксама нібыта прыбіраюць. У нас жа яшчэ шмат моладзі. Яна тут туляецца. Ну няма дзе ўладкавацца», — кажа брылёўка Тамара Васільеўна.

Кабета ў краме таксама абураецца, што больш няма ў сяле прадстаўніцтва улады:

«Мы тут як на бязьлюднай высьпе жывём. Дзесяць хвілінаў да гораду, і нічога ў нас няма. Усе мы кінутыя ўсімі. Паўсюдна цягнуць газ. Сухары, Кадзіна, Раманавічы, а мы на бязьлюднай высьпе. Цяпер жа сядзі й думай, куды ехаць».

Кандыдатка на дэпутацтва ў сельскі савет Валянціна Ляутка падтрымлівае людзкое незадавальненьне, але прызнае, што вёска патроху прыходзіць у заняпад. Пра сваё дэпутацкае заўтра кажа стрымана:

«Тут жа адны пэнсіянэры. Зь імі ж давядзецца працаваць. Шмат будзе прэтэнзій, асабліва ад старых людзей. Маладых тут ужо мала засталося. Паўміралі старыя. А тут во адны прыежджыя ў асноўным жывуць. А на вёсках адны сталага веку людзі й дачы».

У Брылях няма інфармацыі пра выбары, толькі адна сіратлівая шыльда з нумарам участковай камісіі й днём самой падзеі. Ня ведаюць людзі, хто наважыўся стаць іх прадстаўніком у далёкім, за дзясятак кілямэтраў, сяле Кадзіна. Спадзяюцца брылёўцы на шматгадовага свайго дэпутата, сябра руху БНФ «Адраджэньне» Алу Яцкову.

«У нас зачынілі сельскі савет. І мы ведалі загадзя, што ён зачыняцца. Акруга дужа вялікая. Калі б я пайшла, у мяне было б шэсьць вёсак. На сваіх нагах я ня здолею іх абысьці, бо я прызвычаілася працаваць. Фізычна гэта немагчыма. Я два скліканьні была. Можна было, канечне, лічыцца дэпутатам. А так проста сорамна. Людзі пакуль ня ў курсе. Хто даведваецца, той шкадуе», — зазначае Ала Яцкова.

Усяго на Магілёўшчыне ліквідаваныя 9 сельскіх саветаў. Старшыня Магілёўскага абласнога савету Ўладзімер Панцюхоў сьцьвярджае, што рашэньні наконт іх закрыцьця ўзгодненыя на сходах саміх сельскіх саветаў.
XS
SM
MD
LG