Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як крытыкаваць — майстры, як працаваць — у кусты”


Слухачы Радыё Свабода абмяркоўваюць праблему тэрарызму, асуджаюць байкот выбараў з боку некаторых апазыцыйных партый уздымаюць праблему беларускамоўнай адукацыі, выказваюць меркаваньні наконт аслабленьня беларускай апазыцыі і ігнараваньня лідэрамі масавых акцыяў.  

Пра прычыны апошніх тэрарыстычных актаў у Расеі


Спадар, Менск: «У мяне меркаваньне па пытаньні тэрактаў з гібельлю насельніцтва ў Маскве. У Беларусі, Прыбалтыкі і заходніх дзяржаваў калёніяў няма. У іх і няма тэрактаў. Расея ж за калёніі трымаецца рукамі і зубамі, таму там і тэракты. І гэта будзе працягвацца, пакуль Расея не адмовіцца ад каляніяльнай сыстэмы».

Спадарыня: «Пуцін зь Мядзьведзевым заяўляюць: тэрарыстаў трэба зьнішчаць. А між тым тэрарызм квітнее ва ўладзе рэжымаў Беларусі і Расеі. Ці ж фальсыфікацыя выбараў, злачынстваў — гэта не тэрор? У судовай, юрыдычнай, сьледчай уладзе — таксама тэрор. А пастаянная хлусьня ва ўсіх СМІ — гэта тэрарызм найвышэйшай ступені. Перш чым зьнішчаць тэрарыстаў, трэба расправіцца з тэрорам ва ўладзе».

Пра перадвыбарчую кампанію


Спадар: «Я не магу зразумець палітыку Лябедзькі. Чаму ён і яго партыя ня будзе прымаць удзел у выбарах? Калі ў Беларусі ўсё дрэнна, дык ідзі ў дэпутаты, пакажы, на што ты здольны. Як крытыкаваць — мы майстры, як працаваць — мы ў кусты. Я яго ў гэтым не падтрымліваю. Як ён думае прыйсьці да ўлады? Шляхам рэвалюцыі? Я думаю, што гэта не адбудзецца».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адказвае на пытаньне слухача:

«Ні я, ні мае калегі — не прыхільнікі байкоту. Мы — за свабодныя выбары, якіх у Беларусі няма ўжо 15 гадоў. Свабодныя выбары — гэта калі лічаць галасы, і дэпутатаў выбіраюць людзі, і прэзыдэнта выбіраюць людзі. А калі выбары не свабодныя, то і дэпутатаў, і прэзыдэнта прызначае чыноўнік. Супраць таго, каб у нас прызначалі, і ёсьць наша форма пратэсту. Мы ўжо 15 гадоў ходзім, за нас галасуюць людзі, а потым зьдзіўляюцца, чаму мы не дэпутаты, чаму мы не прэзыдэнты. Трэба мяняць правілы гульні».

Пра беларускамоўную адукацыю


Тацяна Барэль, Асіповічы: «Хацелася б ведаць меркаваньне тых, хто ў нядаўнія часы скончыў беларускамоўныя школы і паступіў у ВНУ. Ці не пашкодзіла ім беларуская мова ў далейшай вучобе, жыцьці, наладжваньні кантактаў? Ці хацелі б яны атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове? Я задаю гэтае пытаньне ў сувязі з тым, што ў нашай асіповіцкай беларускамоўнай гімназіі ўпершыню недабор у пачатковыя клясы. Многія бацькі хочуць вучыць сваіх дзяцей па-руску, таму што лічаць, што беларуская мова беспэрспэктыўная».

На пытаньне Тацяны Барэль з Асіповічаў адказвае асьпірантка Белдзяржунівэрсытэту Ганна Міхальчук:

«Я скончыла звычайную вясковую беларускамоўную школу. Не шкадую, наадварот, гэта вельмі паспрыяла мне ў жыцьці. Бо сёньня расейскую мову ведае кожны, вельмі шмат інфармацыі ў нас па-расейску. А акурат зь беларускай мовай у нас ёсьць праблемы. Дзякуючы таму, што ў мяне ўсе ўрокі па ўсіх прадметах ад першай клясы былі па-беларуску, я яе ведаю цудоўна, я цудоўна на ёй зношуся. Скончыла ўнівэрсытэт, вучуся ў асьпірантуры, карыстаюся выключна беларускай мовай у сваім штодзённым жыцьці. Наадварот, людзі дзівяцца: адкуль ты ведаеш так цудоўна беларускую мову, як ты можаш так свабодна на ёй размаўляць? А я заўсёды кажу, што ад першай клясы размаўляла толькі па-беларуску, гэта сьвядомы выбар маіх бацькоў. Мае аднаклясьнікі таксама ня мелі ніякіх праблемаў з-за таго, што вучыліся па-беларуску».

зварот нашага слухача да тых, хто нам тэлефануе


Спадар: «Хацеў бы зьвярнуцца да рэвалюцыянэраў, якія тэлефануюць вам на радыё. Мне здаецца, што большасьць тэлефануе для таго, каб пакрасавацца і пачуць свой голас. А што вы робіце для перамогі ці для таго, каб скінуць Лукашэнку? Званіць на радыё шмат ня трэба, але вы б прыйшлі на Дзень Волі 25 сакавіка, там вас не было відаць. Там былі адны лідэры партый ды моладзь, якая закрывала твар хусткамі, а вас там не было відаць», — такое меркаваньне нашага слухача.

Мы заўсёды рады зваротнай сувязі са слухачамі. Тэлефон «Свабоды» ў Менску —
266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG