Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сурыкаў: Расея не зьбіраецца падкупляць Лукашэнку


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

Расейская Фэдэрацыя не зьбіраецца купляць пазыцыю прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сфэры двухбаковых стасункаў.


“Мы нічога не зьбіраемся купляць”, — сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар РФ у Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Сурыкаў зрабіў такую заяву, камэнтуючы ранейшыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Інтэрфакс.

“Так склалася сытуацыя пасьля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур'ёзнай залежнасьці ад адной ці дзьвюх краінаў па многіх пазыцыях. Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў саюзнай дзяржаве, ЭўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата”, — заявіў 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка таксама адзначыў, што прыкладна паўгода таму стала відавочнай небясьпека залежнасьці ад экспарту на адзін рынак: “Калі спачатку закрылі пастаўкі па цукры, потым па малацэ, потым паставілі нас у няроўныя ўмовы, калі ўвялі дадатковыя бар'еры ў гандлі нашай тэхнікай”.

Ініцыяваны Расеяй у 2006 пераход на рынкавыя ўмовы гандлю энэрганосьбітамі Сурыкаў назваў “цяжкім пытаньнем”.

Пры гэтым амбасадар ня лічыць рынкавыя ўмовы паставак энэрганосьбітаў імпэрскімі амбіцыямі Расеі. "Калі гэта разумець як імпэрскія амбіцыі, то я перапрашаю: у Нарвэгіі, якая гандлюе энэрганосьбітамі на рынкавых умовах, таксама імпэрскія амбіцыі?"

"Мы вядзем гаворку пра ўзаемавыгадныя рынкавыя адносіны і дамаўляемся пра пераходны пэрыяд", - дадаў расейскі дыплямат.

Расея гатовая падпісаць праграму супрацоўніцтва з Беларусьсю ў сфэры ТЭК

Расія гатовая падпісаць праграму супрацоўніцтва з Беларусьсю ў сфэры ТЭК толькі ў тым выпадку, калі гэты дакумэнт будзе улічваць прынцыпы узаемнай выгады і роўных умоваў для бакоў.

"Зараз ідзе праца над праектам гэтага дакумэнту. Супярэчнасьцяў у ім няма Але ёсьць жаданьне Расеі весьці бізнэс на ўзаемавыгаднай, раўнапраўнай і рынкавай аснове”, - заявіў Сурыкаў.

"Магчыма, шляхам стварэньня сумесных прадпрыемстваў", - удакладніў дыплямат.

Аляксандар Сурыкаў прапануе выбіраць паміж Кітаем і Расеяй

Амбасадар Сурыкаў не выключае, што Расея можа адмовіцца ад удзелу ў будаўніцтве беларускай АЭС, калі будзе суфінансаваньне праекта зь кітайскага боку.

"Калі ёсьць кітайскае суфінансаваньні ў праекце АЭС, то я сумняваюся, што расейскі бок будзе ўдзельнічаць ", - сказаў Сурыкаў.

Амбасадар растлумачыў, што Расея не жадае дзяліцца тэхналёгіямі зь кітайскімі фірмамі. "Ёсьць уражаньне, што яны падглядваюць", - заявіў Сурыкаў.

Калі кітайскія фірмы ўсё ж спрычыняцца да будаўніцтва АЭС,"мы будзем пярэчыць і запатрабуем дадатковых перамоваў з беларускім бокам".

"Цяпер у нас з беларускім бокам адзінае рознагалосьсе - гэта па цане будаўніцтва АЭС", - заявіў дыплямат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG