Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белавескай пушчы не падоўжылі дыплёму Рады Эўропы


Дзеяньне дыплёму Рады Эўропы для Нацыянальнага парку "Белавеская пушча" прыпыненае ўжо некалькі гадоў.


Дыплём Рады Эўропы зьяўляецца прэстыжнай узнагародай, якой адзначаюць посьпехі нацыянальных паркаў і запаведнікаў у сфэры аховы прыроды. Яго Белавеская пушча атрымала ў 1997 годзе.

У кастрычніку 2007 году беларускі бок павінен быў падаць экспэртам Рады Эўропы плян кіраваньня паркам на дзесяць гадоў, які зьяўляецца умовай падаўжэньня дзеяньня дыплёму, аднак да гэтага тэрміну дакумэнт падрыхтаваць не ўдалося.

Беларускі МЗС накіраваў камітэту РЭ па пытаньнях захаваньня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці ліст, у якім тлумачыў прычыны затрымкі з падрыхтоўкай пляну, а таксама запэўніваў, што прыродаахоўная і гаспадарчая дзейнасьць у Белавескай пушчы адпавядае патрабаваньням і рэкамэндацыям Рады Эўропы.

Камітэт прыняў да ўвагі гэтыя тлумачэньні і перанёс разгляд пытаньня на лістапад 2007 году, затым – на вясну 2008-га, на сакавік 2009-га і, нарэшце, на сакавік 2010 году, паведамляе БелаПАН.

Па словах прадстаўніка нацыянальнага парку, экспэрты Рады Эўропы чарговы раз адклалі падаўжэньне дыплёму для Белавескай пушчы ў сувязі з тым, што яны маюць намер асабіста пераканацца, «як будзе працаваць плян кіраваньня паркам».

Чакаецца, што сёлета для ацэнкі эфэктыўнасьці яго мерапрыемстваў нацыянальны парк наведае місія экспэртаў ЮНЭСКА і Міжнароднай рады аховы прыроды.

Актывіст экалягічнага руху Валер Дранчук пакамэнтаваў “Свабодзе” гэтую навіну:

“У 1997 годзе дыплём Рады Эўропы выдаваўся крыху авансам, гэта рабілася для таго, каб заахвочваць захаваньне эталёнаў прыроды. Але сытуацыя ў пушчы не палепшылася, і таму ўжо ў 2002 годзе паўстала пытаньне аб падаўжэньні дыплёму.

Тое, што кіраўнікі Нацыянальнага парку гавораць аб нейкіх тэхнічных момантах, аб праблемах перакладу на ангельскую мову, – гэта лухта. Праблемы зьмястоўныя, і яны далі адчувальны збой у 2002 годзе.

Тады беларуская грамадзкасьць заявіла, што ўмовы і рэкамэндацыі гэтага дыплёму не выконваюцца. У пушчы разгарнулася камэрцыйная дзейнасьць, дрэваапрацоўка, была практычна спынена навуковая дзейнасьць.

Паводле спадара Дранчука, польская частка Белавескай пушчы выгадна адрозьніваецца ад беларускай, нездарма яе нядаўна наведаў англійскі прынц Чарлз.

“Польскі бок больш цывілізавана ахоўвае натуральны асяродак Белавескай пушчы, больш яе прапагандуе, і ўсё гэта робіцца на зусім іншым падмурку, зь іншымі падыходамі. І галоўнае, што там ёсьць навука. Там дзейнічаюць 3 прыродазнаўчыя інстытуты плюс 2 філіі Акадэміі навук”.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG