Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства


Павал Шарамет
Павал Шарамет

“Грамадзянства выдаецца на загад прэзыдэнта. Я так разумею, што толькі прэзыдэнт можна і пазбавіць чалавека грамадзянства”, – заявіў журналіст Павал Шарамет "Свабодзе".



Пра тое, што ён пазбаўлены грамадзянства, Шарамет даведаўся зь ліста амбасады Беларусі ў Маскве. У лісьце не напісана, які дзяржаўны орган прыняў такое рашэньне.

“Пазначана, што я пазбаўлены грамадзянства, бо я маю расейскае грамадзянства. Але беларускія ўлады ведалі пра гэта яшчэ 10 год таму. Ніякая іншая прычына пазбаўленьня грамадзянства не была пазначаная”, – падкрэсьлівае журналіст.

У лісьце таксама паведамляецца, што Шарамет можа прыйсьці і здаць у амбасадзе беларускі пашпарт, атрымаць даведку аб пазбаўленьні грамадзянства і заплаціць за гэта пошліну ў памеры 7 эўра.

У законе “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”, напісана, што “грамадзянства Рэспублікі Беларусь страчваецца: з прычыны паступленьня асобы на вайсковую службу, службу ў паліцыю, органы бясьпекі, юстыцыі ці іншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы”.

“За ўсе гады жыцьця ў Расеі я ніколі ня быў на дзяржаўнай службе, у вайсковых частках ці частках спэцпрызначэньня або ў нейкіх іншых аддзелах, якія пералічаныя ў беларускіх законах”, – кажа Павал Шарамет.

“Ніякіх юрыдычных падставаў, каб пазбавіць мяне грамадзянства, як мне сказалі беларускія юрысты, не існуе, – дадае ён. – Гэта нагадвае практыку пазбаўленьня грамадзянства ў савецкі час, у 70-я гады, калі з краіны высылалі дысыдэнтаў”.

“Я абсалютна перакананы, што гэтыя дзеяньні – элемэнт маштабнай апэрацыі супраць журналістаў і інтэрнэт-рэсурсаў. Таму я чакаю новых удараў з боку беларускіх уладаў. І жыву ў такім стане ўжо апошнія 15 гадоў”, – адзначае Павал Шарамет.

Камэнтар Гары Паганяйлы
“Рашэньне прымаў прэзыдэнт. Гэта права прэзыдэнта. А адпаведныя службы давалі яму матэрыялы, абгрунтаваньне для такога рашэньня”, – перакананы адвакат Гары Паганяйла.

“Прынятае рашэньне, на мой погляд, зьяўляецца неабгрунтаваным і незаконным, бо нашае заканадаўства дапускае наяўнасьць падвойнага грамадзянства. Мне падаецца, што тут пераважаюць палітычныя матывы. Шарамет востра крытыкаваў і крытыкуе улады ў Беларусі. Ягоная пазыцыя яўна ў Беларусі некаму не падабаецца. Зразумела, чаму такое рашэньне прынятае”.

Паводле артыкулу 23 Закона СССР аб грамадзянстве (“пазбаўленьне грамадзянства СССР за дзеяньні, якія робяць шкоду дзяржаўным інтарэсам ці дзяржаўнай бясьпецы СССР”) у савецкія часы рашэньнямі прэзыдыюму Вярхоўнага Савету былі пазбаўленыя савецкага грамадзянства 175 чалавек, у тым ліку пісьменьнікі Васіль Аксёнаў, Іосіф Бродскі, Уладзімер Вайновіч, Аляксандар Зіноўеў, Аляксандар Салжаніцын, музыка Мсьціслаў Растраповіч, сьпявачка Галіна Вішнеўская, скульптар Эрнст Неізвесны, рэжысэры Юры Любімаў і Андрэй Таркоўскі, шахматыст Віктар Карчной і іншыя.

Павал Шарамет

Павал Шарамет
Журналіст, адзін з арганізатараў сайту «Беларускі партызан», аўтар (сумесна са Сьвятланай Калінкінай) кнігі «Случайный президент». Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «1991 — апошні год імпэрыі», «Апошняя вышыня генэрала Лебедзя», «Карэйская пастка», «Споведзь ката», «СНІД. Сьмерць з адкрытай датай».

Нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносінаў Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная праца — афшорны бізнэс. Свабодна валодае ангельскай мовай.

У 1994-1995 гадох быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспэкт» на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі.

У жніўні 1995 — жніўні 1996 — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».

Працаваў на тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік Беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намесьнік дырэктара Дырэкцыі інфармацыйных праграмаў ОРТ. Зь ліпеня 1999 па сакавік 2000 быў вядоўцам аналітычнай праграмы «Время» на ОРТ. Быў аддзелу спэцыяльных праектаў Дырэкцыі дакумэнтальнага кіно расейскага Першага каналу.

У 1998 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за ўнёсак у разьвіцьцё свабоды слова.

Намінат прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага тэлебачаньня як «найлепшы рэпартэр» 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне» за фільм «Дзікае паляваньне».

У 2002 годзе атрымаў прэмію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю».

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы.

Жанаты, двое дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG