Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўгалёў параўноўвае лекі і газ, Лукашэнка бачыць у Расеі парадоксы


“Нам сёньня прыходзіць загад — так я яго назаву, хоць гэта дыпляматычны дакумэнт… што пры пастаўках лекаў мы павінны фармаваць цэны для Расеі наступным чынам: гуртовая цана нашага вытворцы ў Беларусі плюс кошт дастаўкі — гэта гуртовая цана для Расеі. Не пытаньне! Але тады чаму для нас цана на газ, прыкладам, фармуецца не як гуртовая цана Ўральскай вобласьці + кошт дастаўкі, а плюс яшчэ і маржа? Калясальная маржа!”


Такое абурэньне амбасадар Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў выказаў, калі выступаў на круглым стале “Мытны зьвяз: прававое забесьпячэньне і шляхі разьвіцьця”. Круглы стол прайшоў 30 сакавіка ў Радзе Фэдэрацыі Расеі ў Маскве.

“Так склалася сытуацыя пасьля распаду СССР, што мы апынуліся ў сур'ёзнай залежнасьці ад адной ці дзьвюх краінаў па многіх пазыцыях. Ішлі гады, і як ні спрабавалі мы выбудаваць раўнапраўныя адносіны ў саюзнай дзяржаве, ЭўрАзЭС, СНД, усё больш і больш пачалі праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата”, — заявіў 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка.

Беларусь цярпліва будавала і будзе будаваць адносіны са сваім “галоўным партнэрам, дзе жывуць нашы людзі, зь якімі мы размаўляем на адной, расейскай, мове”. Аднак “апошнім часам тут ня ўсё атрымліваецца”, паскардзіўся Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, прыкладна паўгоду таму стала відавочнай небясьпека залежнасьці ад экспарту на адзін рынак: “Калі спачатку закрылі пастаўкі па цукры, потым па малацэ, потым паставілі нас у няроўныя ўмовы, калі ўвялі дадатковыя бар'еры ў гандлі нашай тэхнікай”.

Лукашэнка дадаў: апошнімі гадамі “праблемы тут узьнікаюць, як кажуць, на роўным месцы і далёка не заўсёды вырашаюцца канструктыўна і хутка (…) Парадаксальная сытуацыя складаецца ў адносінах з урадам Расеі (…) Рэч ня ў тым, каб чарговым разам укалоць расейскі ўрад ці Пуціна. Мы бачым, колькі праблемаў не вырашаецца з-за суб'ектыўнай пазыцыі расейскага кіраўніцтва”.
XS
SM
MD
LG