Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША не фінансаваў паездку амэрыканскіх бізнэсоўцаў у Менск


Амбасада ЗША камэнтуе сустрэчы амэрыканскіх бізнэсоцаў з Аляксандрам Лукашэнкам і Сяргеем Сідорскім.


29 сакавіка з прадстаўнікамі 10 кампаніяў у сфэры высокіх тэхналёгій, юрыдычнага кансалтынгу, фармакалягічнай галіны і машынабудаваньня сустракаўся Аляксандар Лукашэнка, а напярэдадні найлепшыя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі паабяцаў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі.

- Якую ролю ў арганізацыі візыту ў Беларусь групы кіраўнікоў амэрыканскіх кампаній адыграла амбасада ЗША?

- Гэта быў прыватны візыт прадстаўнікоў амэрыканскага бізнэсу. Фірмы, чые прадстаўнікі наведалі Беларусь, не зьвярталіся да ўраду ЗША па дапамогу ў арганізацыі паездкі.

- Ці можа гэты візыт паспрыяць пацяпленьню двухбаковых адносінаў паміж краінамі?

- Беларусы і амэрыканцы маюць агульныя інтарэсы, якія маглі б стаць падмуркам для плённых, узаемавыгадных адносінаў паміж нашымі краінамі. Існуе шмат сфэраў, дзе магчыма такое супрацоўніцтва. Злучаныя Штаты зьвярталіся да Беларусі з прапановамі абмеркаваць гэтыя нявыкарыстаныя магчымасьці ў нашых адносінах. Такі сігнал падаў вышэйшаму беларускаму кіраўніцтву памочнік Дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан падчас свайго жнівеньскага візыту ў Менск.

Але, на жаль, пакуль не назіраецца істотнага прагрэсу ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека – менавіта занепакоенасьць гэтай сытуацыяй прымусіла Злучаныя Штаты ўвесьці фінансавыя санкцыі і візавыя абмежаваньні для беларускага кіраўніцтва ў 2006 годзе, якія былі пашыраныя ў 2007 і 2008 гадах. Але мы з надзеяй чакаем, што Беларусь зробіць канкрэтныя крокі ў гэтым накірунку.
XS
SM
MD
LG