Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У Панізоўі большасьць будзе галасаваць за тых, каго ўлады прапануюць”


У вёску Панізоўе мне давялося прыехаць з завочнай насьцярогай ды вымушаным спазьненьнем. Сьпярша аршанскія апазыцыянэры праінфармавалі, што невялікаму паселішчу ў 400 жыхароў так афіцыйна і ня вызначылі, у межах якой выбарчай акругі яно будзе галасаваць у часе мясцовых выбараў. Прынамсі, пра гэта не напісала і вэртыкальная «Аршанская газэта». Я ж, падышоўшы а 5 раніцы на Аршанскі аўтавакзал, на электронным табло ўбачыў толькі дадзеныя ўчарашніх вечаровых маршрутаў. І... пайшоў шукаць кавы. Праз гадзіну мой аўтобус адышоў, табло ж засталося нязьменным. Супрацоўніца аўтавакзалу распавяла, што такая сытуацыя доўжыцца 2 месяцы... Але, нарэшце, спыняюся ля чыгункі, якая праходзіць праз ускраіну Панізоўя.

Казлова: «Таварнякі вельмі рэдка праходзяць…»

Гэта ўжо мая першая вясковая знаёмая — 72-гадовая спадарыня Аляксандра Казлова. Худзенькая бабуля цягла ў старожку два поўныя вядры з дрывамі. Працавала манцёрам пуці, жыве тут 23 гады. Цяжка, не здымаючы плашча, апусьцілася на лаўку. І — адразу пра тое, што найбольш хвалюе яе ўжо гадамі.

Казлова: «Хата не прыватызаваная — мяне „накалолі“, бо дах быў бэтонны, у цякучасьці і патоках. Мне кажуць — не прыватызуй, бо шыфэрам дах не накрыюць. Пачакала — дык трэба ўтрая плаціць. Цяпер усё парушылася — бачыце, падлога на дзірках, дзьверы, вокны паляцелі — ніхто нічога ня робіць. Кожны месяц плачу 22 тысячы, дровы купляю ды цягаю. У мяне калёнка паўтара года на двары не працуе — за кілямэтар трэба дарогу прачысьціць і вады прынесьці. Цяпер газ падключаюць — трэба 300 тысяч і кацёл купіць. Але як падключаць — кватэра ж не мая!»

Пра тое, што адбываецца ў вёсцы, — таксама без аптымізму.

Казлова: «Панізоўцы працуюць на птушкафабрыцы, чалавек 5 ці 6 на фэрме — таксама за капеечкі. Мужчын наагул няма, адны жанчыны — і як мухі мруць. Ні ўлада, ані Лукашэнка не дапамогуць — кіньце!»

Але калі разгарэліся дроўцы, узгадала, што ўсё жыцьцё была цёткай-весялухай.

Казлова: «У нас фальклёрны ансамбль. Частушку прасьпяваць? Зараз!

(Сьпявае.)

Мой мілы Міхаіл маю кофтачку прапіў,
А я маху не дала — яго кальсоны прапіла…»

(Сьмех.)

Пасьля 10-й раніцы адчынілася бібліятэка. Бібліятэкарка Ірына распавяла легенду пра паходжаньне паселішча.

Ірына: «Пан угнявіўся на сваіх прыгонных сялян. Апусьцілася зямля з тым панам, і атрымалася Панізоўе…»

Спадарыня Ніна Мачульская, што загадвае бібліятэкай 12 гадоў, напачатку выявіла юнацкі савецкі аптымізм. Які я — дайце веры — аніяк ня змог падтрымаць.

Мачульская: «Я хачу зрабіць турыстычны тур „Зямля бацькоў — мая зямля“. Помнік адзіны павінен увайсьці памерлым воінам. Буду расказваць на 9 траўня — тут бывае шмат расейцаў. Удзельнік вайны ў нас — быў у Бэрліне, на Курскай дузе…»

Карэспандэнт: «А колькі чытачоў у дзень прыходзіць?»

Мачульская: «Калі 12, калі 5-6. Самі ходзім па аддаленых вёсках — вунь у мяне графік. У мяне бабкі пэрыёдыку любяць, кнігі гістарычныя. Зарплаты хацелася, канечне, трохі болей, чым 300 — я акадэмію Горацкую скончыла, аграном па спэцыяльнасьці…»

Зайшла пагутарыць і 37-гадовая Галіна Крышталь. Цёпла апранутая — штодзень выстойвае прадавачкай на аршанскім кірмашы. Аднак…

Крышталь: «Невыгодна. Заробкі на кірмашы маленькія зусім — прадаю гародніну, садавіну за 4% ад выручкі. Можа, 4, мо 5 тысяч у дзень выходзіць. На транспарт 3 тысячы — большасьць дзённага заробку. Сама бухгальтар — уладкавацца няма дзе. І тут адна крама. Раней у калгас можна было пайсьці папрацаваць — цяпер няма, перабіваемся. Панізоўе — паміраючая вёска…»



Перад мясцовай сярэдняй школай, дзе за 70 навучэнцаў, разгаварыўся з вартаўніком, спадаром Мікалаем. Той паведаміў парадаксальную рэч — некаторыя дзеткі зь вялікага пасёлку за 12 км, дзе школа абсталяваная кампутарамі, ходзяць-езьдзяць у Панізоўе.

Вартаўнік: «Некаторыя дзеткі, ведаючы, што лягчэй вучыцца, ходзяць сюды. У Панізоўі плюс у тым, што клясы малакамплектныя і настаўнік мае больш магчымасьці працаваць індывідуальна…»

Навучэнка са зьнешнасьцю лялькі, Юля Стурба, нібы ў тон падтрымлівае «патрыятычную» размову.

Стурба: «Сама з Панізоўя, любімая школа. Мне тут і жыць падабаецца. Ня тое што працаваць — а паветра сьвежае, лес, прырода. Ня тое што ў горадзе…»

У школе ў часе пярэрвы наўздагад спыняю, як аказваецца, каго мне трэба — настаўніцу беларускай мовы, спадарыню Вольгу Сучак. Настроеная баявіта.

Сучак: «Беларускамоўная школа, і я патрабую, каб гаварылі па-беларуску. У нас адна гадзіна літаратуры на тыдзень, мовы — дзьве. Малавата! Мы пра гэта даўно гаворым — у міністэрства такая палітыка! Калі мы хочам навучыць дзіця, каб свабодна валодала беларускай мовай, якая лічыцца адной зь дзяржаўных, урокаў мовы, пачынаючы з пачатковых клясаў, павінна быць гадзіны тры на тыдзень мінімум, адной гадзіны літаратуры ў 11 клясе, канечне, мала…»

Гучыць званок, і ўжо на бягу суразмоўніца кідае:

Сучак: «Моладзь рэдка застаецца — акрамя школы, крамы, бібліятэкі, нічога няма. На фэрме — сотні пад тры…»

На другім канцы вёскі па пояс у сумётах прабіраюся да хаты, дзе жыве 70-гадовы пэнсіянэр, спадар Мікалай Макарэвіч зь беспрацоўным сынам Аляксандрам, які дабудоўвае варыстую печ. Гаспадары сустракаюць гасьцінна.

Макарэвіч: «Прысядзьце, пагаворым, пазнаёмімся. На пэнсіі, плацяць рэгулярна. Я Макарэвіч — як рок-музыка. Інвалід 2 групы — адзінае, што ў горад бясплатна магу зьезьдзіць. Людзі ўміраюць старыя, дзеці паразьехаліся — хаты прадаюць.Тут засталося 6 карэнных жыхароў. На птушкафабрыцы 40 гадоў прапрацаваў кіроўцам…»

Карэспандэнт: «А птушкафабрыка дапамагала?»

Макарэвіч: «Адзіны раз, калі ішоў на пэнсію, дала машыну прывезьці брыкет. На пэнсіі 8 гадоў сам плачу…»

Стары, закурыўшы, сам пачынае пра палітыку. Дакладней, пра Лукашэнку.

Макарэвіч: «Ён б’ецца, як рыбіна аб лёд. Яму палкі ўстаўляюць на ўсю сілу…»

Карэспандэнт: «Будзеце галасаваць за яго?»

Макарэвіч: «Будзе бачна. Ты за Лукашэнку будзеш?»

Карэспандэнт: «А я не галасаваў за Лукашэнку…»

Макарэвіч: «А я на выбары не хаджу — самі прыйдуць…»

Карэспандэнт: «А ведаеце дэпутата вашага ў сельсавеце?»

Макарэвіч: «Ведаў аднаго. А цяпер памянялася…»

Ідучы на птушкафабрыку, сустракаю пажылога спадара — у яго самотны выгляд.

Спадар: «На птушкафабрыцы запісалі чакаць — па аб’яве сёньня хадзіў. Маладога ўзялі, 30 гадоў. Мяне запісалі, але — „вы нам, пэўна не падыходзіце“. Мне 56 гадоў…»

Як працяг — ля самой фабрыцы невялікая камэрцыйная крама-павільёнчык. Заходжу — унутры пустэльна. Толькі прадавачка — індывідуальная прадпрымальніца, спадарыня Тацьцяна Хадорка. Акуратна адзетая і зусім не з «гандлярскім» тварам. Мае здагадкі выяўляюцца слушнымі — яна былая настаўніца на пэнсіі. Вырашыла на старасьці веку паспрабаваць сябе ў бізнэсе. Ну і як?

Хадорка: «Самае хадавое — яблыкі, лімоны, крупы, пячэньне. Калі людзі атрымліваюць заробак, добрая выручка. А ў сярэднім таваразварот 200 тысяч — прадукцыя беларуская. За зямельны ўчастак плачу 30 тысяч. Вельмі б хацела пашырыць асартымэнт, але ўсё ў фінансах — крэдыты нам не даюць…»


Мае знаёмыя з Воршы раілі абавязкова сустрэцца з адзіным у Панізоўі апазыцыянэрам, сябрам БСДП (Г), былым заатэхнікам, спадаром Мікалаем Антаневічам. Ягоная хата — на ўскраіне, адкуль адкрываюцца цудоўныя краявіды акурат на «панізоўе» — хваёвыя гаі, сьцішаныя сьнегам палеткі, якія, здаецца, зьліваюцца зь небам. На двары пасьвіўся конь. Гаспадар гатаваў няхітрую ежу з бульбы. Але тут жа кінуў і загаварыў са мной пра будучыя мясцовыя выбары.

Антаневіч: «Большасьць пэнсіянэраў будуць галасаваць за тых, каго ім прапануюць. Робіцца аўтаматам, даўно і ўвайшло ў традыцыю. Тыя, хто на вытворчасьці, будуць пад уплывам меркаваньня кіраўніцтва. Народ настроены абыякава. Ніхто кандыдатаў ня ведае. Літаральна за дзень-два да выбараў, можа, павесяць абвестку ў бібліятэцы, на пошце, у краме. Але каб прыйшоў агітатар — вось ён так сабе праявіў — няма! Лічыцца, людзі прагаласуюць. І галоўнае, як наверх прагаласавалі…»

Карэспандэнт: «Вы адчуваеце сябе апазыцыйным ваўком-адзінцом?»

Антаневіч: «Няма такіх людзей, якія б працавалі ў сыстэме, але былі сапраўды народнымі. Сыстэма ўпарадкаваная, моцная. Патрэбныя альтэрнатыўныя кіраўнікі, але іх няма — ідзе дарвінаўскі адбор. Хто моцна штурхаецца, той і наверсе. А чалавек добрасумленны — так, застаецца, як правіла, убаку…»

Карэспандэнт: «Панізоўе паміраючай вёскай назвалі некалькі чалавек, а знаходзіцца на добрай аўтатрасе. Вы б змаглі змадэляваць, як выжыць Панізоўю?»

Антаневіч: «Сацыяльныя пытаньні вырашаюцца птушкафабрыкай, а які ў яе будзе эканамічны рост, цяжка змадэляваць. Для гэтага трэба добра зямлю апрацоўваць, атрымаць таннае зерне, мець рынкі. Пытаньне стаіць водазабесьпячэньня. Тут жа побач комплексы вялізныя — 54 тысячы жывёл, 20 тысяч курэй. Вада ідзе з глыбінных сьвідравінаў. Але бог ведае, якая яна паводле хімічнага аналізу і біялягічных паказчыкаў!»

Карэспандэнт: «А вашы дэмакратычныя перакананьні як сфармаваліся?»

Антаневіч: «У свае часы быў камуністам, верыў, што народ ідзе да лепшага. А пасьля 90-х, калі вядомымі сталі факты, што цяпер ведае ўвесь сьвет, зразумеў, што гэта падман. Уступіў у БСДГ. „Народная воля“ не даходзіць, на „Свабоду“ няма прыймача настроіць, літаратуры няма. Хачу, каб болей было свабоды слова, інфармацыі!»
XS
SM
MD
LG